Top.Mail.Ru

Гаспадарка «Хмелева» першай у краіне сёлета пачала сяўбу ранніх яравых

Першыя гектары ў ААТ «Хмелева» Жабінкаўскага раёна засеялі аўсом яшчэ 4 сакавіка. Тут зусім лёгкія глебы, а снегу сёлета фактычна не было. Як пацяплела, спяшаліся выйсці ў поле, каб зямля не ссыхала, каб максімальна захапіць прыродную вільгаць. Як высветлілася пазней, за гэту работу хмелеўскія аграрыі ўзяліся першымі не толькі ў вобласці, але і ў краіне.


— Авёс пасеялі, затым быў ячмень, следам засяваюцца палі зернебабовымі культурамі, працуем у адпаведнасці з планам, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Валянцін КАЗЛЮК. 

— Тэмпы работ, і не толькі іх, нярэдка дыктуе надвор’е. Пахаладала, снегам зацерушыла, быў перапынак у сяўбе, а снег растаў, праз колькі дзён зямля зноў цярпела ад сухасці, трактар пройдзе — такі слуп пылу ўздымаецца, што неба не відаць. А ўчора (24 сакавіка. — Аўт.) прайшоў дожджык, стала зусім іншая карціна.

З галоўным аграномам накіроўваемся ў поле. Ва ўрочышчы Бары на магутным «Кіраўцы» працуе механізатар Віктар Чаквін. Аграмадны палетак, як вокам акінуць, другі дзень ён засявае зернебабовымі. 

За дзень адпрацоўвае прыкладна 50 гектараў.

Віктар Аляксеевіч — спецыяліст вопытны, у сваім сельгаспрадпрыемстве за рулём трактараў розных марак — ужо чвэрць стагоддзя. Родам з Маларыцкага раёна, некалі ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, так і асеў у «Хмелеве». Атрымалі так званы прэзідэнцкі домік у суседняй вёсцы Падлессе, добраўпарадкавалі: «Свой агарод, гаспадарка — усё як у вёсцы. Дзеці выраслі, ім, вядома ж, патрэбна шэфская харчовая дапамога, — весела распавядае мужчына, — усё паспяваем з жонкай. 

У самую гарачую пару, бывае, даводзіцца працаваць без выхадных, да цямна. Але ж хто ў сельскай гаспадарцы працуе, той работы не баіцца».

Віктара Чаквіна называюць адным з самых вопытных і адказных спецыялістаў. Адпаведная і тэхніка. Трактар, на якім цяпер сее, атрымаў у 2020 годзе, працуе на ім шосты сезон. Кабіна аснашчана бартавым камп’ютарам, з якога відаць, што адсеяна на гэтай машыне больш за 9 тысяч гектараў. Ну і кожны крок у полі адсочвае электроніка. Напрыклад, у пачатку работы папярэдняя сяўба працягваецца некалькі секунд, потым агрэгат павінен выйсці на аптымальную хуткасць, аб чым сведчыць зялёная паласа на экране: калі ідзеш хутчэй, камп’ютар выключыць сеялку, калі марудзіш — таксама можа выключыць. Адначасова з насеннем уносяцца фосфарныя ўгнаенні, азотныя былі ўнесены загадзя. 

Паводле ацэнкі механізатара, глеба была падрыхтавана добра, таму сяўба праходзіць у штатным рэжыме. 

На ўсё гэта поле механізатару спатрэбіцца тры дні, затым пераедзе на новую плантацыю.

На полі таксама заспяваем агранома-насеннявода Таццяну Міхнікевіч. Яе клопат — якасная задзелка насення, аптымальная схема ўнясення мінеральных угнаенняў. «Як пасееш, так і атрымаеш у ліпені-жніўні падчас уборкі, — гаворыць Таццяна. — Вельмі важнымі з’яўляюцца ўсе нюансы захавання тэхналогіі. Засеем, а там праз тыдзень-другі спатрэбіцца выводзіць агрэгаты на хімпраполку, каб папярэдзіць прарастанне пустазелля».

Галоўны аграном аглядае пасеў і накіроўваецца ў другі канец гаспадаркі, там сяўбу шматгадовых траў на айчыннай тэхніцы вядзе механізатар Васіль Кобец.

— У гэтым годзе ўсяго яравы збожжавы клін гаспадаркі складае 530 гектараў, — каментуе Валянцін Казлюк. — Спадзяёмся завяршыць сяўбу на гэтым тыдні. Нагода для аптымізму, што азімыя культуры перазімавалі добра. Азімых збожжавых у нас усяго пасеяна 1300 гектараў. Першая падкормка завершана, будзем праводзіць другую.

Валянцін Казлюк, механізатар Віктар Чаквін І аграном-насенняод Таццяна Міхнікевіч

Намеснік дырэктара ААТ «Хмелева» па ідэалогіі Анатоль ШАЛТАНЮК сказаў карэспандэнту газеты, што на сёлетняй пасяўной заняты ў асноўным вопытныя, умелыя механізатары.

— Штодзень працуе прыкладна дзесяць чалавек. Тэхніка ўся энерганасычаная, да сезона была падрыхтавана добра, гэтай вясной яна не падводзіць. Пасяўная ранніх яравых культур выходзіць на фінішную прамую.

Святлана ЯСКЕВІЧ
фота аўтара.
Жабінкаўскі раён.

У тэму

Дажджы нам толькі ў радасць

Кожны пагодлівы вясновы дзень аграрыі праводзяць у палях. Варта пасеяць гарох, авёс, ячмень, а следам кармы і іншыя культуры. Трэба памятаць і пра догляд азімых — вясной працы шмат. Сёння ў палях масава сеюць яравы ячмень. 

У канцы чэрвеня ён адным з першых дасць ураджай.

«Ужо прыступілі да сяўбы цукровых буракоў і інтэнсіўна рыхтуем глебу да масавай пасяўной усіх культур», — расказаў «Звяздзе» начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык.

Ён заўважыў, што пасеяна ўжо ранніх яравых і зернебабовых культур больш за 26 % ад плана (160 тысяч гектараў). Спецыяліст адзначыў: у гэты сезон тэмпы сяўбы ўжо на 10 % вышэйшыя за леташнія. Тут нічога дзіўнага няма: проста цяперашняя зіма была досыць мяккай, а значыць, актыўная вясна прыйшла на два тыдні раней, чым звычайна. На патрэбную глыбіню адтала зямля, і трактары пайшлі ў поле.

Цяпер толькі засталося ў поўнай меры выканаць пастаўленую задачу і на працягу дзесяці дзён завяршыць пасяўную пасля поўнай фізіялагічнай гатоўнасці глебы. Гэта задача будзе выканана ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях на працягу тыдня. Па Гомельскім рэгіёне пасяўная — на некалькі дзён даўжэй. А Віцебская вобласць толькі пачынае пасяўную, бо там не аднолькавыя ўмовы. «У гэтым рэгіёне мы разлічваем завяршыць пасяўную ў межах першай дэкады красавіка», — лічыць Мікалай Лешык.

Апошнім часам на тэрыторыі нашай краіны назіраліся сур’ёзныя дажджы. 

Так, у сувязі з гэтым прыйшлося на 2–3 дні прыпыніць пасяўныя работы, але, з другога боку, гэтыя ападкі сталі вялікім плюсам у плане назапашвання вільгаці глебай. Тут, хутчэй, больш плюсоў, чым мінусаў. «Мы гатовыя яшчэ пару дзён пастаяць, пачакаць, пакуль сухая зямля здолее насыціцца вадой», — лічыць спецыяліст.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю