Сустрэча з гэтым тэатрам у Беларусі адбылася вельмі даўно, але запомнілася надоўга, прытым, што тады паказалі толькі адзін спектакль — але ж які быў аншлаг!.. І вось сёлета нас чакаюць паўнавартасныя гастролі з 12 па 22 лістапада.
З чатырох спектакляў адзін пазнаёміць з рэжысурай самога майстра. «Ваўкі і авечкі» паводле Аляксандра Астроўскага — адзін з тых спектакляў Пятра Фаменкі, які быў пастаўлены як дыпломны на курсе ў Расійскім інстытуце тэатральнага мастацтва, з чаго ўласна і нарадзіўся тэатр. Гэта рэжысёр, кар’ера якога напачатку ішла складана, бо малады творца адразу дэманстраваў аўтарскі падыход, што не ўпісваўся ў каноны савецкага тэатра. Але ён пакрысе ставіў у розных тэатрах, займеў кола прыхільнікаў, а ў 1980-я і напачатку 1990-х нават стаў весці курс па тэатральным майстэрстве — адсюль і назва заснаванага ім тэатра, у які прыйшлі (і працягваюць працаваць) многія з яго вучняў. Яўген Камяньковіч, цяперашні мастацкі кіраўнік тэатра, быў выкладчыкам «Майстэрні Пятра Фаменкі» ў Расійскім інстытуце тэатральнага мастацтва. Невыпадкова для гастроляў выбралі адну з легендарных пастановак майстра, якой больш за 30 гадоў, — дзеля разумення адметнасці падыходаў да класічнага матэрыялу і як падсумаванне: як яго традыцыі падтрымліваюцца цяпер.
Для гэтага ў Мінск прывязуць «Апошнія спатканні» паводле Івана Буніна. Спектакль з’явіўся ў афішы «Майстэрні Пятра Фаменкі» пасля яго сыходу ў іншы свет, рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Юрый Цітоў — сёлета ён намініраваны на расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска» з іншым спектаклем. Але ў Мінску пакажуць яшчэ адну яго працу — спектакль-канцэрт «Мой Брэль» пра калісьці папулярнага бельгійскага спевака. З нядаўніх пастановак мы зможам пабачыць «Маякоўскі. Паслухайце» паводле аўтабіяграфіі паэта, яго лістоў і вершаў. Яе аўтарам стаў малады рэжысёр Фёдар Малышаў. Дырэктар тэатра «Майстэрня Пятра Фаменкі» Андрэй Вараб’ёў расказаў, што ў рэпертуары на сёння больш за 50 спектакляў, штогод ён папаўняецца на 3-4 новыя. У тэатра ёсць гледачы і прыхільнікі не толькі ў Маскве, але ў розных краінах свету, дзе паспяхова праходзілі гастролі.
У Мінску для паказаў выбралі дзве пляцоўкі, якія, на думку кіраўніцтва тэатра «Майстэрня Пятра Фаменкі», дазваляюць стварыць атмасферу камернасці — Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр і «Дом Масквы» (тут пакажуць спектакль паводле Маякоўскага). Але, акрамя спектакляў, госці з Масквы прадставяць гісторыю свайго тэатра праз выстаўкі, а таксама правядуць сустрэчы і лекцыі пра развіццё тэатральнага мастацтва.
Ларыса ЦІМОШЫК