Як мы ўжо паведамлялі ў папярэднім нумары «Звязды», у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі чарговыя парламенцкія чытанні. Іх тэма — «Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Мерапрыемства было прысвечана 30-годдзю з дня ўтварэння Палаты прадстаўнікоў. Гэта было сапраўды гераічнае пакаленне народных выбраннікаў, на долю якога выпала і праца па ўз’яднанні беларускіх зямель пасля верасня 1939 года, і ваеннае ліхалецце, і пасляваеннае аднаўленне. Усё гэта прагучала падчас чытанняў у дакладах іх пераемнікаў — парламентарыяў сённяшніх. У кожным з выступленняў — жывая гісторыя, нават калі працытаваць іх тэзісна.
Анатоль БУЛАЎКА, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы:

«Вяртанне заходніх беларускіх зямель у родную гавань карэнным чынам змяніла не толькі геаграфію, але і дзяржаўны лад. Гэта быў магутны імпульс для фарміравання паўнавартаснага адзінага парламента».
«Уваходжанне новых абласцей запатрабавала пашырэнне дэпутацкага корпуса.
Да 273 дзейных народных выбраннікаў дадаліся яшчэ 202 дэпутаты ад заходніх рэгіёнаў».
«Вярхоўны Савет першага склікання стаў па-сапраўднаму ўсебеларускім і самым шматлікім».
«Парламентарыі вырашалі найскладанейшую задачу: ім трэба было ў самыя кароткія тэрміны інтэграваць эканоміку, сацыяльную сферу і прававое поле заходніх абласцей у адзіную сістэму БССР. Будаваліся школы, бальніцы, заводы, ішло надзяленне сялян зямлёй».
«Створаны ў перадваенны перыяд палітычны і дзяржаўны маналіт паспеў адужэць. Менавіта гэтая згуртаванасць і падрыхтоўка дапамаглі органам улады аператыўна перабудавацца, калі грымнуў чэрвень 1941-га».
Руслан КАСЫГІН, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы:

«У 1941-м статус народнага выбранніка ператвараў чалавека ў галоўную цэль для гітлераўцаў. Акупанты ладзілі на іх паляванне, але ніхто з дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання не здрадзіў Радзіме і не пайшоў на здзелку з ворагам».
«З першых дзён вайны дзясяткі дэпутатаў пайшлі на перадавую ў шэрагах рэгулярнага войска. Тыя ж, хто апынуўся на акупаванай тэрыторыі, аператыўна перабудаваліся і ўзначалілі супраціўленне: арганізоўвалі падпольныя ячэйкі і фарміравалі касцяк партызанскіх атрадаў».
«Вайна забрала жыцці кожнага пятага дэпутата першага склікання (94 чалавекі).
Многія загінулі ў баях, каардынуючы маштабныя дыверсіі проста пад носам у ворага».
«Гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля дзяржавы ў крытычны момант — гэта і ёсць найвышэйшы маркер сапраўднай нацыянальнай бяспекі».
У ходзе чытанняў пры дапамозе штучнага інтэлекту на экране «ажывілі» аднаго з герояў тых далёкіх гадоў. Ціхан Піменавіч Бумажкоў — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ад Палескай вобласці. Ён сам, гледзячы ў залу, расказаў усё тое, што прыйшлося перажыць, і як менавіта ён загінуў.
Міхаіл АКСЯНЮК, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы:

«Дэпутаты першага склікання ў тылавых рэгіёнах СССР з нуля разгортвалі эвакуацыйныя базы. Беларускія заводы, вывезеныя пад бамбёжкамі, ужо праз лічаныя тыдні пачыналі даваць снарады і тэхніку для фронту».
«Чакаць мая 45-га ніхто не збіраўся. Як толькі ў верасні 1943 года былі вызвалены першыя ўсходнія раёны Беларусі, вышэйшы орган дзяржулады ўключыўся ў работу на роднай зямлі. Вайна яшчэ грымела, а ў вызваленых гарадах ужо запускаліся абаронныя заводы, дэпо і паравозарамонтныя майстэрні.
«Беларусь страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця, гарады ляжалі ў руінах. Але жорсткія, вывераныя рашэнні кіраўніцтва рэспублікі і прыняты план першай пасляваеннай пяцігодкі стварылі немагчымае. Ужо да 1949 года прамысловая вытворчасць БССР выйшла на даваенны ўзровень».
Галіна БЯЛЯЕВА, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах:

«Мала толькі ведаць лічбу: „94 дэпутаты, якія загінулі“. Трэба аднавіць біяграфію, баявы шлях і месца гібелі кожнага. За кожным мандатам — асабістая драма, подзвіг і сям’я».
«Сёння супраць Беларусі вядзецца абвостраная інфармацыйная вайна, дзе галоўная мэта — перапісаць нашае мінулае і пазбавіць нас гонару за продкаў. Вяртанне праўды аб першых парламентарыях — гэта ідэалагічная зброя».
«Кожны сучасны парламентарый павінен прапусціць гэтыя лёсы праз сябе. Толькі так захоўваецца пераемнасць пакаленняў».
Паводле прэс-службы
Палаты прадстаўнікоў