Top.Mail.Ru

Рачкоў: Беларусь цвёрда выступае за аднаўленне сапраўдных прынцыпаў Хельсінкскага заключнага акта

Беларуская дэлегацыя прымае актыўны ўдзел у рабоце 23-га восеньскага пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое праходзіць гэтымі днямі ў Стамбуле.



Як расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў, беларуская дэлегацыя прапанавала пачаць сур’ёзную работу па распрацоўцы Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. А выступленні беларускай дэлегацыі выклікалі вялікі рэзананс і абмеркаванне.

«Беларусь цвёрда выступае за аднаўленне сапраўдных прынцыпаў Хельсінкскага заключнага акта — раўнапраўя, непадзельнасці бяспекі і неўмяшання ва ўнутраныя справы. Без гэтага немагчымыя ні сапраўдны давер, ні ўстойлівы мір», — заявіў Сяргей Рачкоў, выступаючы на пасяджэнні Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ.

Падчас выступленняў на секцыях асамблеі Сяргей Рачкоў адзначыў, што Беларусь гатова быць ініцыятарам і ўдзельнікам пляцовак для дыялогу. Ён запрасіў усе зацікаўленыя бакі прыняць удзел у чарговым пасяджэнні Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў наступным годзе. «Мы лічым, што прыйшоў час пачаць абмеркаванне новай еўразійскай сістэмы бяспекі, якая будзе ўлічваць узаемазвязанасць еўрапейскай і азіяцкай прастор і прынцыпова адхіляць палітыку раздзяляльных ліній, — адзначыў парламентарый. — Беларусь заклікае да вяртання да палітыкі дыялогу і здаровага сэнсу, да адмовы ад мовы ўльтыматумаў і санкцый, да пошуку новай архітэктуры бяспекі, заснаванай на раўнапраўі і ўзаемнай павазе». 

Гаворачы аб развіцці міжнароднага гандлю, Сяргей Рачкоў акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь гатова ўносіць свой уклад у развіццё транзітных маршрутаў і лагістычнай інфраструктуры, якія звязваюць Усход і Захад, Поўнач і Поўдзень. «Мы ніколі не закрывалі пункты пропуску на граніцы для перамяшчэння грузаў, тавараў і людзей, — заўважыў ён. — Не ў правілах Беларусі выкарыстоўваць граніцу ў палітычных мэтах, як гэта здараецца ў нашых суседзяў». 

Што датычыцца правоў чалавека і абароны яго годнасці, аб чым таксама вялася гаворка на адной з секцый, Сяргей Рачкоў адзначыў: «Мы лічым, што павага да годнасці чалавека немагчымая без павагі да суверэнітэту дзяржавы. Прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы — гэта не фармальнасць, а аснова раўнапраўных міжнародных зносін».

На пляцоўцы Парламенцкай асамблеі Сяргей Рачкоў правёў шэраг двухбаковых сустрэч, у прыватнасці, са Старшынёй Вялікага нацыянальнага сходу Турэцкай Рэспублікі Нуманам Куртулмушам, з Генеральным сакратаром ПА АБСЕ Раберта Мантэлам, які пераконвае сваіх калег, што Еўропа не павінна стаяць убаку, а ўключацца ў дыялог з Беларуссю.

У ходзе сустрэчы Сяргея Рачкова са Старшынёй ПА АБСЕ Перэ Хуанам Понсам былі абмеркаваны пытанні ўдзелу беларускага боку ў мерапрыемствах ПА АБСЕ, развіцця міжпарламенцкага дыялогу з парламентамі Еўропы пры садзейнічанні ПА АБСЕ. Сяргей Рачкоў запрасіў кіраўніцтва ПА АБСЕ прыняць удзел у IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы як платформе для ўмацавання шматбаковага дыялогу. Запрашэнне было ўспрынята станоўча.

Старшыня ПА АБСЕ адзначыў важную ролю Беларусі ў гарантаванні бяспекі ў рэгіёне, падтрымаў значнасць развіцця міжпарламенцкіх кантактаў, у тым ліку ўдзел дэлегацыі Беларусі ў пасяджэннях і місіях ПА АБСЕ, у тым ліку па назіранні за выбарамі.

Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю