Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) прыняў рашэнне «Аб маркіроўцы асобных відаў мясной прадукцыі сродкамі ідэнтыфікацыі». Пасяджэнне прайшло 25 лістапада ў Маскве з удзелам віцэ-прэм’ера Беларусі Наталлі Пяткевіч, паведамілі БелТА ў прэс-службе ЕЭК.
Дакумент устанаўлівае адзіныя для Еўразійскага эканамічнага саюза правілы маркіроўкі гатовай мясной прадукцыі ў спажывецкай упакоўцы. «У пералік тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы, уключаны каўбасы і аналагічныя прадукты, гатовыя прадукты з мяса, мясных субпрадуктаў і крыві, салёнае, сушанае і вэнджанае мяса, харчовы свіны тлушч і тлушч свойскай птушкі, экстракты і сокі з мяса. Мясныя кансервы, маркіроўка якіх раней ужо ўрэгулявана рашэннем Савета ЕЭК, а таксама паўфабрыкаты ў пералік не ўвайшлі», — растлумачылі ў ЕЭК.
Зацверджаны таксама характарыстыкі сродку ідэнтыфікацыі, патрабаванні да звестак аб маркіраваных таварах, якімі абменьваюцца дзяржавы — члены ЕАЭС, і мінімальны склад звестак, даступных спажыўцам. «Кожная дзяржава саюза самастойна вызначае, ці ўводзіць маркіроўку мясной прадукцыі на сваёй тэрыторыі, а таксама дату яе ўвядзення. Пра такую дату неабходна паведаміць камісіі не пазней чым за 6 месяцаў», — удакладнілі ў ЕЭК.
«Мясныя вырабы, вырабленыя ў Ерэване, Мінску, Астане, Бішкеку ці Маскве, будуць маркіравацца па адзіных правілах. Для бізнесу гэта зразумелыя і аднолькавыя патрабаванні на ўсёй прасторы саюза, для кантралюючых органаў — празрыстасць рынку і дзейсны інструмент супраць парушэнняў. А пакупнік у любой дзяржаве ЕАЭС, адсканаваўшы код, зможа праверыць, што менавіта ён кладзе ў кошык», — пракаменціраваў рашэнне член Калегіі (міністр) па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў.