Top.Mail.Ru

Гавораць удзельнікі форуму «Моладзь. Беларусь. Будучыня», прысвечаным Дню народнага адзінства


Ніколь Булахава, студэнтка першага курса БДУ, будучы лінгвіст і перакладчык:

«Удзел у гэтым форуме дае мне ўсведамленне таго, як важна памятаць пра нашых продкаў і перадаваць гэтую памяць далей. Я лічу, што сіла нашага народа ў нашай цэласнасці і ўзаемапавазе адно да аднаго. Высокая падтрымка ўлады, нашага Прэзідэнта народам — гэта значыць, што ўсё робіцца на карысць нашай краіны, дзеля яе далейшага росквіту. Наша дзяржава дае нам разуменне і ўпэўненасць ў заўтрашнім дні, і ўпэўнена, што наша будучыня — у надзейных руках»

Аляксандр Лук’янаў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама:

«Сёння мы ўбачылі нашу цудоўную моладзь — прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, палітычных партый, ваенна-патрыятычных клубаў, нашых ключавых грамадскіх структур, простых рабят, якія разам з вучобай і працай на сваіх прадпрыемствах з’яўляюцца і актыўнымі лідарамі, грамадскімі дзеячамі. Гэта, напэўна, адрознівае наша сучаснае першае беларускае пакаленне, якое вырасла ва ўмовах суверэннай незалежнай Беларусі. Гэтае свята, думаю, стане для іх важным напамінам пра мінулае і арыенцірам на будучыню — як трэба жыць, каб быць адзінымі і незалежнымі. Наш Прэзідэнт, кіраўніцтва сёння стварылі ўсе ўмовы, каб мы гэта цанілі і бераглі».

Яўгенія ПРАКАПЧУК, аглядальнік газеты «Ганцавіцкі тыдзень», член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

«У нашай краіне шмат чым можна ганарыцца. І ўсё ж адносна новае для нас свята — Дзень народнага адзінства — паспела не толькі замацавацца ў календары, але і трывала пасяліцца ў сэрцах беларусаў, якія, здаецца, яго чакалі.

Гэты дзень — напамін нам усім пра ўмоўнасць межаў паміж краінамі і народамі: дзе б мы ні жылі, як далёка б ад родных мясцін не заносіла нас жыццё, ёсць нешта большае, глыбіннае, непарушнае, што яднае і надае ўпэўненасці ў сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Мне таксама давялося пажыць за мяжою, і я добра ведаю: як бы цёпла цябе ні прымалі на чужыне, нідзе лепш не адчуюць твой боль, твае трывогі і радасці, як на Радзіме. Бо адзінства нацыі заключана не толькі ў межах роднай краіны, але і ў тых гістарычных траўмах, якія атрымаў наш народ, якія адбіліся на нашай мове, традыцыях, характарах, прымхах і прыказках... Гэтае адчуванне не прапішаш у пашпарце ці пасведчанні аб нараджэнні — яго можна толькі насіць у сабе, увабраўшы з малаком маці, з гучаннем роднага слова.

Не магу ведаць, што ў 1939-м адчувалі людзі ад уз’яднання з роднымі — людзьмі і мясцінамі, але добра памятаю свае адчуванні падчас вяртання ў Беларусь пасля года жыцця ў блізкай, здавалася б, Расіі. Апісаць не бяруся: баюся, не хопіць слоў. Але лічу, што Дзень народнага адзінства — гэта і мой дзень».

Дзяніс Трафімчык, блогер:

«Пабываць на такім форуме, прысвечаным Дню народнага адзінства, — вельмі ганарова для мяне, тым больш ужывую паслухаць Прэзідэнта. Народ яго падтрымлівае, і гэта бачна. Я думаю, гэта звязана з тым, што ў нас спакойна, у нас мірнае неба над галавой. Мы думаем пра тое, як бульбу выкапаць, а не пра тое, куды схавацца. Таму народ і падтрымлівае Прэзідэнта».

Аляксей Пікус, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ:

«Важна данесці да сучаснага пакалення, наколькі цяжка дасталася нашаму народу і Вялікая Перамога, і ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР. Каб моладзь разумела каштоўнасць міру, каштоўнасць адзінства і не вялася на нейкія правакацыі і канфлікты. Я думаю, сёння кожны разумее, што менавіта дзякуючы нашаму нацыянальнаму лідару ў нашай краіне ёсць мір. Як аднойчы сказаў Аляксандр Лукашэнка: „Пакуль я Прэзідэнт, ні адзін беларускі салдат не будзе ваяваць“. Я думаю, нарэшце наша моладзь зразумела каштоўнасць гэтых слоў».

Ганна ГЛІНЯСЦІКАВА, карэспандэнт газеты «Голас Касцюкоўшчыны», паэтэса:

«Для мяне Дзень народнага адзінства — гэта напамін пра тое, што кожны з нас з’яўляецца каштоўнай, патрэбнай і важнай часткай вялікага цэлага. Асабліва важна адчуваць і ўсведамляць гэта сёння, калі лічбавізацыя стварае новую рэальнасць, у якой людзі часта адчуваюць сябе адасобленымі ад іншых ці, наадварот, далучаюцца да штучных, фальшывых каштоўнасцяў.

Беларускі народ стагоддзямі спрабавалі раскалоць, знішчыць, і цяпер гэтыя спробы не заканчваюцца. Таму сённяшняе свята і прамова Прэзідэнта — заклік трымацца адзін аднаго і сапраўдных каштоўнасцяў: любові, дабрыні, павагі, узаемнай падтрымкі, шчырай працы, вернасці роднай зямлі».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю