Top.Mail.Ru

Газіфікацыя нашай краіны паспяхова працягваецца

З увядзеннем у эксплуатацыю Беларускай АЭС з’явілася магчымасць зрабіць акцэнт на паглыбленай электрыфікацыі ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Тым не менш не губляе актуальнасці і газіфікацыя — канкрэтныя задачы па ёй у свой час ставіў кіраўнік дзяржавы. І адпаведныя работы ў гэтым кірунку актыўна праводзяцца, у чым пераканаліся ўдзельнікі двухдзённага прэс-тура па аб’ектах сістэмы Мінэнерга.

Праца, вынік якой адчувае кожны

У нядзелю ў спецыялістаў нафтагазавай і паліўнай прамысловасці прафесійнае свята. Работнікаў і ветэранаў галіны павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка

У віншаванні гаворыцца, што іх штодзённая праца часта застаецца без грамадскай увагі, але яе вынік адчувае кожны з нас. «Бесперабойнае функцыянаванне прадпрыемстваў і транспарту, цяпло ў дамах, устойлівасць эканомікі і камфорт паўсядзённага жыцця — ва ўсім гэтым ёсць часціца вашых працы, ведаў і адказнасці», — адзначыў Прэзідэнт.

«Традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі, дазваляюць вам асвойваць новыя вытворчасці, удасканальваць інфраструктуру, актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і перадавыя кампетэнцыі, а таксама гадаваць годную змену», — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт таксама шчыра падзякаваў ветэранам і работнікам галіны за адданасць любімай справе. «Перакананы, і надалей вашы вопыт і прафесіяналізм дадуць магчымасць дабівацца высокіх вынікаў, забяспечваць развіццё і росквіт Беларусі», — гаворыцца ў віншаванні.


Сур’ёзны штуршок

За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі быў рэалізаваны шэраг дзяржаўных і галіновых праграм. Яны далі вельмі сур’ёзны штуршок газіфікацыі нашай краіны, падкрэсліў генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Валерый КАВАЛЁЎ:

— На сённяшні дзень працягласць ліній газіфікацыі па краіне складае 69,4 тысячы кіламетраў. Пры гэтым прыкладна 47 тысяч кіламетраў газавых ліній з адпаведным абсталяваннем было пабудавана за апошнія 25 гадоў.

Уражвае і іншая статыстыка, якую прывёў гендырэктар. За чвэрць стагоддзя газіфікавана 2,5 тысячы населеных пунктаў, у тым ліку 550 аграгарадкоў, 69 буйных населеных пунктаў і гарадоў, а таксама 115 гарадоў раённага падпарадкавання, 85 населеных пунктаў, якія з’яўляюцца рабочымі пасёлкамі і пасёлкамі курортнага тыпу. Актыўна працягваецца газіфікацыя населеных пунктаў у сельскай мясцовасці. Асабліва аператыўнымі тэмпамі газ прыходзіць у населеныя пункты, якія перайшлі ў статус аграгарадкоў (усяго газіфікавана 1048 з 1347 аграгарадкоў).

— Гэта вельмі добры паказчык для нашай краіны, калі ўзровень газіфікацыі сярод не вельмі дробных населеных пунктаў складае ад 80 да 85 %, а ў населеных пунктах сельскай мясцовасці — 53 %, — канстатаваў Валерый Кавалёў.

Па яго словах, у Беларусі газіфікацыя вядзецца па сістэме, якая прадугледжвае частковую фінансавую дапамогу дзяржавы насельніцтву:

— Такім чынам, газіфікавалі свае індывідуальныя дамы і кватэры больш як 380 тысяч нашых абанентаў. Калі размова ідзе аб населеным пункце, у якім жыве менш за 20 тысяч чалавек, то 70 % фінансавання ідзе з бюджэту і толькі 30 % — уласныя сродкі насельніцтва.

Планы і прыярытэты

У прыярытэце — бяспечная эксплуатацыя газавых сістэм, а таксама безаварыйнае, бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў прыродным і звадкаваным газам, адзначыў Валерый Кавалёў:

— Праграмай комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці газавай сферы, разлічанай на пяць гадоў, прадугледжаны мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці работы газавых вытворчасцяў і бяспечнай эксплуатацыі газавых сістэм. Гэтыя мерапрыемствы павышаюць надзейнасць перш за ўсё нашых сістэм газазабеспячэння. 

У прыватнасці, запланавана правесці рэканструкцыю і замену газавых сетак агульнай працягласцю 1600 кіламетраў. На дадзеным этапе замяняецца абсталяванне, якое ўжо адслужыла свой тэрмін эксплуатацыі, на 1650 аб’ектах.

Праца па газіфікацыі краіны працягваецца. Сёлета будзе пабудавана 600 кіламетраў падводзячых газаправодаў да 40 населеных пунктаў, паведаміў гендырэктар:

— Гэта значыць, што да канца года ўпершыню атрымаюць газ дзясяткі вёсак і іншых населеных пунктаў. У цэлым прадугледжана перавесці на прыродны газ 14 тысяч кватэр і індывідуальных жылых дамоў, у тым ліку каля 3 тысяч кватэр сёлета.

«Мінгаз» сам рыхтуе спецыялістаў УП «Мінгаз» абслугоўвае газаразмеркавальныя сеткі сталіцы і Мінскага раёна. 

На яго балансе знаходзіцца больш як 6418 кіламетраў газаправодаў. Першы намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер прадпрыемства Юрый РАЗЖАЛАВЕЦ расказаў, што яно значна адрозніваецца ад іншых газазабяспечвальных арганізацый. У пэўны момант тут зразумелі, што павінны самастойна займацца падрыхтоўкай спецыялістаў, якія ў далейшым будуць задзейнічаны ў вытворчым працэсе, і абсталявалі вучэбна-трэніровачны палігон.

Цэнтральны рэгіён мае сваю спецыфіку, таму кіраўнікі газавай галіны актыўна супрацоўнічаюць з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Студэнты праходзяць вытворчую практыку, удзельнічаюць у тэарэтычных, вытворчых і лабараторных занятках.

— Лінейка газавыкарыстальнага абсталявання пастаянна мяняецца. Спецыялісты павінны валодаць навыкамі працы з сучаснымі ўстаноўкамі, таму ў нас ёсць лабараторыя з усімі бытавымі газавымі прыборамі, — растлумачыў першы намеснік гендырэктара. — Як толькі з’яўляецца новая лінейка, мы мадэрнізуем адпаведную пляцоўку і пачынаем выкарыстоўваць тэхніку ў навучанні.

На вучэбна-трэніровачным палігоне прадстаўлены асноўныя аб’екты і элементы, з якімі работнікі сутыкаюцца ў прафесійнай дзейнасці: падземныя газаправоды, газарэгулятарныя пункты, адключальныя і запорныя прылады. Гэта дазваляе адтачыць розныя навыкі эксплуатацыі газавых сетак. Тут праходзяць навучанне і супрацоўнікі службы аварыйна-аднаўленчых работ. Перайсці ў гэта падраздзяленне можна пасля года працы на прадпрыемстве. Для падтрымання прафесійнай гатоўнасці такіх работнікаў кожныя паўгода праводзяцца заняткі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных.

Па словах начальніка службы эксплуатацыі ўнутрыдамавых аб’ектаў газаспажывання УП «Мінгаз» Аляксандра САЎЧАНКІ, на прадпрыемстве існуе праграмны комплекс, з дапамогай якога кіраўнікі ў рэжыме рэальнага часу адсочваюць выкананыя супрацоўнікамі работы:

— Дзякуючы яму я магу бачыць, якія работы выканалі супрацоўнікі, у якім аб’ёме і якія сумы атрымалі ад спажыўцоў. Гэта дазваляе больш эфектыўна планаваць далейшую працу і выдаткі. Слесары газавага абсталявання цалкам адмовіліся ад папяровых дакументаў і выкарыстоўваюць мабільныя прылады. З іх дапамогай яны фіксуюць выкананыя работы і змены абсталявання спажыўцоў. Для зручнасці кліентаў укаранёны праграмныя касы, якія дазваляюць прымаць аплату рознымі спосабамі: банкаўскай картай, з дапамогай мабільнага тэлефона або праз сістэму АРІП.

Для зручнасці кліентаў

Упэўнены, многія запомнілі ўсяленне ў новую кватэру, калі ўсім дарослым членам сям’і трэба было прайсці інструктаж, як правільна сябе паводзіць пры абслугоўванні газавага абсталявання. Звычайна гэта адбываецца так. Збіраецца пэўная колькасць чалавек, кліентаў, якім на невялікім экране паказваюць спецыяльны фільм-інструкцыю па газавай бяспецы. Цяпер у сталіцы гэта выглядае інакш.

Як расказаў начальнік Цэнтра абслугоўвання кліентаў УП «Мінгаз» Мінска Аляксей БЯЗМЕН, на прадпрыемстве ёсць зоны чакання і абслугоўвання кліентаў. Электронная чарга агучвае нумары талонаў, не замінаючы супрацоўнікам і наведвальнікам. На кожным працоўным месцы ў зоне абслугоўвання ўстаноўлены планшэты.

А падчас заключэння дагавора кліент можа адначасова праглядаць інструктаж па правілах бяспекі. І калі раней наведвальнік у сярэднім праводзіў у цэнтры 40–45 хвілін, то цяпер увесь працэс — ад атрымання талона да выхаду з будынка — займае ўсяго каля 25 хвілін. Кліент можа звярнуцца з пытаннем да спецыяліста і тут жа атрымаць адказ па тэматыцы бяспекі. Акрамя таго, «Мінгаз» выкарыстоўвае перасоўны офіс.

Дарэчы, большасць паслуг можна атрымаць дыстанцыйна — кліенты звяртаюцца па тэлефоне або накіроўваюць анлайн-заяўкі праз сайт. Цэнтр абслугоўвання прымае каля 250 наведвальнікаў у дзень, тады як кантакт-цэнтр — 2,5–3 тысячы зваротаў штодня.

— У далейшым мы хочам пашыраць дыстанцыйныя фарматы, у тым ліку перавесці заключэнне дагавораў у электронны фармат, як працуюць банкі. Гэта магчыма шляхам стварэння асабістага кабінета кліента, — дадаў Аляксей Бязмен. — У падраздзяленне актыўна прыцягваюць студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яны працуюць у кантакт-цэнтры з другога ці трэцяга курса, а графік падладжваецца пад вучобу. Такі падыход выгадны і студэнтам, і прадпрыемству: маладыя людзі атрымліваюць вопыт і магчымасць падпрацаваць, а «Мінгаз» загадзя рыхтуе кадравы рэзерв.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю