Унутры заходняй кааліцыі паміж Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі ўзнікла чарговая падстава для напружання. 9 мая суд швейцарскага кантона Цуг зацвердзіў міравое пагадненне паміж кампаніяй Nord Stream 2 AG (аператарам «Паўночнага патоку — 2») і яе крэдыторамі, што створыць юрыдычныя ўмовы для запуску абодвух газаправодаў у найбліжэйшы час. У сваю чаргу цяперашні канцлер Германіі Мерц днямі заявіў: яго краіна зробіць усё магчымае, каб не дапусціць запуску «паўночных патокаў». А старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пагражае ўключыць у чарговы, 18-ы па ліку, пакет санкцый абодва «паўночныя патокі». Паспрабуем разабрацца, якая «чорная кошка» прабегла паміж партнёрамі.
Ролю «чорнай кошкі» тут сыграла сама кампанія Nord Stream 2 AG, а дакладней, сітуацыя з пастаўкамі расійскага прыроднага газу ў Еўропу праз газаправоды «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2».
На жаль, найбуйнейшы за апошнія дзесяцігоддзі расійска-еўрапейскі інвестыцыйны праект аказаўся заложнікам палітычных інтрыг. У сакавіку 2022-га Nord Stream 2 AG ініцыяваў працэдуру свайго банкруцтва з-за санкцый ЗША, адмовы кампаніяй Sіnens паставак газавых турбін, а таксама з прычыны спынення ўрадам Германіі сертыфікацыі газаправода «Паўночны паток — 2». А ў верасні таго ж года сітуацыя ўвогуле выйшла з-пад кантролю кампаніі-аператара. Тры з чатырох нітак газаправодаў былі пашкоджаны ў выніку дыверсій. Аднак швейцарскі суд не прыняў да ўвагі довады істца, наклаў на Nord Stream 2 AG часовы мараторый па банкруцтве і прызначыў часовага адміністрацыйнага кіраўніка аператарам газаправода швейцарскую кампанію Translіq AG. І вось гэта рашэнне адменена. У дакументах суда адзначаецца, што рахункі кампаніі разблакіравалі, а патрабаванні асноўных крэдытораў могуць быць пакрыты за кошт продажу актываў і/або рэструктурызацыі бізнесу.
Хто ж выйграў ад усіх гэтых перыпетый?
Еўрапейская эканоміка — не!
На Сусветным эканамічным форуме ў студзені 2025 года Урсула фон дэр Ляен заявіла, што набыццё свабоды ад расійскіх энергарэсурсаў каштавала Еўрапейскаму саюзу вельмі дорага. У перыяд з 2022 да 2024 года краіны ЕС пераплацілі ў параўнанні з папярэднім аналагічным перыядам каласальную суму — 544 мільярды еўра — за імпарт энергарэсурсаў. Аднак фінансавыя страты Еўропы не абмяжоўваюцца толькі прамымі затратамі на імпарт. З улікам усіх ускосных эфектаў, такіх як зніжэнне прадукцыйнасці, росту беспрацоўя і агульнае запаволенне эканамічнай актыўнасці, сумарныя страты эканомікі ЕС перавысілі 1,3 трыльёна еўра, што складае прыкладна 2,4 % ад меркаванага росту ВУП. Нямецкая эканоміка, якая яшчэ ў пачатку XXІ стагоддзя з’яўлялася своеасаблівым драйверам еўрапейскай, увогуле стала самым слабым яе звяном.
Простыя еўрапейцы — не!
У выніку зніжэння даходаў еўрапейскіх кампаній і агульнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі звычайныя грамадзяне недаатрымалі каля 1,6 трыльёна еўра даходаў, што эквівалентна 6,3 % ад агульнага аб’ёму аплаты працы за гэты перыяд. Рукатворны энергетычны крызіс аказаў сур’ёзны ўплыў на ўзровень жыцця насельніцтва і прывёў да зніжэння пакупніцкай здольнасці грамадзян.
ЗША — так!
З пачатку 2022 года Еўропа скараціла долю газу з РФ больш як у два разы. На першы план выйшлі пастаўкі (у асноўным ЗПГ) з ЗША, Блізкага Усходу і Нарвегіі. Больш за 2/3 ад сум, якія пераплацілі еўрапейскія краіны за даражэйшы газ, атрымалі амерыканскія кампаніі. І гэта яшчэ не ўсё. Паводле ацэнкі экспертаў RAND Corporatіon, рэалізацыя плана аслаблення Германіі дазволіць ЗША ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве атрымаць дадатковы даход у 7–9 трлн долараў.
Справа Лінча
І гэта яшчэ не канец гісторыі... Хацелася б асобна спыніцца на закулісных працэсах, якія папярэднічалі рашэнню швейцарскага суда. Нейкі амерыканскі інвестар, а ў шэрагу замежных СМІ нават назвалі яго прозвішча — Стывен Лінч, мае сумніўную рэпутацыю не толькі ў Расіі, дзе ён займаўся купляй-продажам шматмільярдных актываў, але і ў цэлым шэрагу іншых краін.
У прыватнасці, у выніку яго «садзейнічання» ў продажы актываў кампаніі ЮКАС акцыянеры апошняй падалі ў Высокі суд Лондана іск аб махлярстве супраць Лінча. А апошняя яго здзелка па продажы Sberbank (Swіtzerland) AG не толькі прынесла яму профіт у суме 10 % ад сумы продажу, але і выявіла яго лабістаў у вышэйшых эшалонах улады ЗША. Наўрад ці любы іншы інвестар, нават амерыканскі, змог бы атрымаць за пару месяцаў ад Упраўлення па кантролі над замежнымі актывамі Мінфіна ЗША (OFAC) ліцэнзію на ўдзел у таргах актываў, якія знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі.
І вось цяпер, відаць, Лінч вырашыў пракруціць штосьці падобнае з актывамі Nord Stream 2 AG.
Яго запыт у адрас OFAC з просьбай выдаць чарговую ліцэнзію (на гэты раз на ўдзел у таргах размарожаных актываў «паўночных патокаў») апублікавалі адразу два амерыканскія выданні The Washіngton Post і The Wall Street Journal. Прывяду толькі некалькі абзацаў з дадзенага запыту.
«Пры балансавым кошце актываў Nord Stream 2 AG у 11 мільярдаў долараў цана патэнцыяльнай здзелкі куплі-продажу не перавысіць 700 мільёнаў долараў».
«Ні долара з гэтай сумы не дастанецца Расіі. Уся сума пойдзе на рамонт і ўтрыманне газаправода, выкупленага ў „Газпрама“. „Упаўнаважаная ўкраінская дзяржкампанія атрымае мінарытарную долю ў трубаправодзе як „ваенную рэпарацыю ад Расіі“, а гэта будзе патэнцыяльна садзейнічаць аднаўленню Украіны пасля паражэння Расіі“. Пастаўкі расійскага газу па „Паўночным патоку — 2“ пачнуцца толькі з адабрэння ўрадаў ЗША і ЕС. І толькі пасля таго як ва Украіне запануе мір і „ў Маскве адбудзецца палітычная перабудова“, якая адпавядае падыходам ЗША. „Будучы аператар газаправода будзе „празрыста“ супрацоўнічаць з амерыканскім урадам і накіроўваць частку даходаў ад паставак расійскага газу ў Еўропу на кантраляваныя OFAC адзін ці некалькі рахункаў“. У выніку Лінч адзначае: „Гэта ўнікальная магчымасць для Амерыкі кантраляваць усе пастаўкі прыроднага газу ў ЕС з Расіі“. Акрамя таго, перакананы „інвестар“, валоданне трубаправодам дасць Захаду „крытычны рычаг у любых перагаворах з будучым расійскім кіраўніцтвам“ і „можа мець вырашальнае значэнне“ для стабілізацыі ўсяго рэгіёна».
Ну як тут не ўспомніць каронную фразу амерыканскага мафіёзі Аль Капонэ, якую ён рэгулярна адрасаваў не толькі сваім ворагам, але і партнёрам: «Гэта проста бізнес, нічога асабістага».
Георгій ГРЫЦ, кандыдат эканамічных навук