Top.Mail.Ru

Генацыд — боль і наша памяць

Наўрад ці хтосьці адважыцца сказаць, што мінуе яшчэ трохі часу — і людзі забудуцца пра боль і жахі Вялікай Айчыннай вайны. Вайны, якая забрала амаль што трыццаць мільёнаў савецкіх грамадзян. Яшчэ больш балюча становіцца ад таго, што гінулі не толькі воіны на палях бітваў, але і простыя мірныя людзі: жанчыны, старыя, дзеці...


Сёння, напярэдадні 80 гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у кінатэатрах краіны прадстаўлена дылогія дакументальных фільмаў «Спаленыя вёскі» і «Лагеры смерці». Гэтыя фільмы, прасякнутыя болем, пакутамі кожнай сям’і, кожнага беларуса. Дакументальная хроніка пераносіць нас з мірнага часу ў тыя страшныя дні, калі гінулі ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары. Фашысты, пераследуючы толькі адну мэту — знішчыць славянскае насельніцтва, не грэбавалі ніякімі спосабамі. 

У канцы 2021 года парламент Беларусі прыняў Закон «Аб генацыдзе беларускага народа». У першую чаргу для захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і засноўваецца закон на Канвенцыі аб непрымянімасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 года. Вось толькі ці ўсе краіны памятаюць аб гэтай Канвенцыі, зносячы помнікі?

Вось ужо больш за тры гады Генеральная пракуратура расследуе крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі, аднак аб завяршэнні нават гаворкі няма, паколькі адкрываюцца ўсё новыя і новыя факты.

Наш родны Гомель у перыяд нямецкай акупацыі, якая працягвалася 800 дзён, а нямецкія войскі ўвайшлі ў Гомель у ноч з 19 на 20 жніўня 1941 года, быў практычна цалкам знішчаны. Самай галоўнай задачай для фашыстаў было не толькі ўстанавіць у горадзе «свой парадак», а знішчыць, задушыць у гамяльчанах волю да супраціўлення, але зламаць дух нашага народа не ўдалося.

За перыяд акупацыі Гомеля фашысты знішчылі да 140 000 савецкіх грамадзян, з іх да 30 000 мясцовых жыхароў і каля 100 000 савецкіх палонных. Гэта быў сапраўдны канвеер смерці. І доўжылася два гады і тры месяцы. Забыць... ? НЕ!

Упадабанае месца гамяльчан — плошча Паўстання, а ў гады акупацыі фашысты арганізавалі там перасыльны лагер для ваеннапалонных «Дулаг-121». Аднак не ўсе ведаюць, што ўяўляў з сябе гэты лагер. Праз 35 гадоў пасля вызвалення Гомеля былы вязень лагера Губін, які неймаверным цудам здолеў пазбегнуць смерці, па памяці склаў яго схему. Акрамя адміністрацыйнага корпуса і памяшканняў аховы, тут былі могілкі і два баракі для палонных, якія выконвалі працы ў горадзе, і тры — для саслабелых вязняў. Таксама былі прадугледжаны барак для новых зняволеных, а гэта былі простыя мірныя жыхары горада. А яшчэ было месца для спальвання трупаў...

Здавалася, што Гомель стагнаў, як чалавек, ад болю і жаху. Бо ў Гомелі, акрамя плошчы Паўстання, было некалькі месцаў, дзе фашысцкія каты праводзілі масавыя расстрэлы. Гэта 9-ы кіламетр Чарнігаўскай шашы, 3-й і 6-й кіламетры Рэчыцкай шашы арыентыровачна там, дзе зараз прыпынак «Сонечны», і Ляшчынец, але гэта толькі тое, што дакладна вядома...

Упэўнена, што новыя і новыя пакаленні будуць памятаць, якім коштам дасталася Перамога, будуць берагчы мірнае неба і не дапусцяць новага марафону смерці.

А прэм’ера сённяшняй дылогіі — гэта набат — ПАМЯТАЦЬ.

Ірына ДАЎГАЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю