Top.Mail.Ru

Генеральны сакратар ААН заклікаў да аднаўлення ірана-амерыканскіх перагавораў

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў Іран і Злучаныя Штаты Амерыкі аднавіць перагаворы па доўгатэрміновым урэгуляванні канфлікту, паведаміў яго прэс-сакратар Стэфан Дзюжарык. Аб гэтым паведамляе БелТА.


На брыфінгу, калі Дзюжарыка спыталі аб пазіцыі генеральнага сакратара ААН у сувязі з заканчэннем 18 жніўня 60-дзённага тэрміну для заключэння канчатковага пагаднення ў рамках мемарандума аб узаемаразуменні паміж Іранам і ЗША ад 17 чэрвеня, ён заявіў, што Гутэрыш выступае за аднаўленне перагавораў.

«Яго пазіцыя застаецца ранейшай, і ён заяўляе аб гэтым з самага пачатку: ваеннага вырашэння гэтага канфлікту не існуе, — сказаў Дзюжарык. — Ён заклікае Ісламскую Рэспубліку Іран і Злучаныя Штаты як мага хутчэй аднавіць перагаворы па мірным і трывалым ўрэгуляванні, каб пазбегнуць ваенных дзеянняў, а таксама змякчыць рыторыку, якую мы чуем апошнімі днямі».

У мемарандуме аб узаемаразуменні ЗША і Іран абавязаліся «правесці перагаворы і дасягнуць канчатковага пагаднення на працягу максімум 60 дзён з магчымасцю прадаўжэння па ўзаемнай згодзе».

Між тым, як паведамляе тэлеканал Al Jazeera, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў бамбіць Аман, калі той перашкодзіць аднаўленню работы Армузскага праліва. Таксама Трамп заявіў, што яго адміністрацыя адкрыла прамы неафіцыйны канал сувязі з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КСІР) Ірана. Пры гэтым ён сказаў, што не спяшаецца спыняць канфлікт.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Ірана Эсмаіл Багаі абвінаваціў ЗША і Ізраіль у спробах падарваць перагаворы, дадаўшы, што тупіковая сітуацыя паміж Тэгеранам і Вашынгтонам узнікла не з-за недахопу пасрэднікаў, а з-за выкарыстання Вашынгтонам падыходаў, якія «правальваліся сотні разоў».

Іранскія і аманскія афіцыйныя асобы на працягу некалькіх тыдняў абмяркоўвалі механізмы арганізацыі марскога суднаходства праз Армузскі праліў, пры гэтым Тэгеран настойваў на кантролі за суднаходствам у гэтым водным шляху. Іранскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што абодва бакі дасягнулі пагаднення аб новым марскім маршруце ў праліве.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю