У першую чаргу кіраўнік арганізацыі падзякаваў за запрашэнне наведаць Беларусь, прыняць удзел у IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, а таксама за магчымасць асабістай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы.
«Я ведаю, што Беларусь адыгрывае вельмі важную ролю, асабліва з пункту гледжання абменаў ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, якія адбываюцца апошнім часам», — сказаў Ферыдун Сінірліаглу.
Ён звярнуў увагу, што цяпер вельмі складаныя часы, калі ёсць значныя рызыкі для бяспекі. «Не толькі ў нашым рэгіёне сёння ідзе вайна. Але таксама мы задумваемся аб праблеме татальнай вайны і іншых лакальных канфліктаў, якія адбываюцца. Гэта нясе вельмі вялікую небяспеку для свету. Мы не павінны зрабіць войны і канфлікты нармальным станам нашага жыцця», — падкрэсліў генеральны сакратар АБСЕ.