Генеральны сакратар АБСЕ Ферыдун Сінірліаглу ўпершыню будзе ўдзельнічаць у Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая адбудзецца 3–4 лістапада. Пра гэта паведаміў на брыфінгу намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта, перадае БелТА.
«Што тычыцца замежных гасцей, ужо стала добрай традыцыяй удзел у канферэнцыі міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. Прыедзе ён і сёлета», — распавёў намеснік міністра. — «Будзе ўдзельнічаць міністр замежных спраў М’янмы Цін Маун Све, а таксама кіраўнікі практычна ўсіх рэгіянальных аб’яднанняў, якія займаюцца пытаннямі бяспекі на еўразійскай прасторы: АДКБ, ШАС, СНД, Саюзная дзяржава. Упершыню ў канферэнцыі возьме ўдзел Генеральны сакратар АБСЕ. Характэрна, што акрамя дзейных генеральных сакратароў АБСЕ і АДКБ будуць удзельнічаць і былыя іх кіраўнікі».
Чакаюцца высокапастаўленыя дэлегацыі Ірана, Кітая, Казахстана, Кыргызстана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана, Таджыкістана. У дыскусіях будуць удзельнічаць прадстаўнікі аналітычных колаў з розных краін, у тым ліку з Еўропы (Аўстрыя, Германія, Італія, Іспанія, Сербія, Швейцарыя).
«Кожны год мы стараемся зрабіць нашу канферэнцыю актуальнай, карыснай і максімальна насычанай», — звярнуў увагу Ігар Сакрэта.