Працягваецца работа над пралангацыяй дзеючай стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, паведаміў генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетаў на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, паведаміла БелТА.
«Па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзім актыўную работу над пралангацыяй дзеючай стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, якая была прынята на перыяд да 2025 года. Яе сутнасць — захаваўшы найбольш важныя палажэнні дзеючага дакумента, прывесці яго змест у адпаведнасць з патрэбай эфектыўнага рэагавання на найноўшыя выклікі і пагрозы ў сферы калектыўнай бяспекі дзяржаў — членаў арганізацыі», — сказаў Імангалі Тасмагамбетаў.
У гэтым кантэксце плануецца прадоўжыць нарошчванне баявога патэнцыялу войскаў Калектыўных сіл АДКБ, у тым ліку шляхам іх аснашчэння сучаснымі сістэмамі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і інш. «Маецца на ўвазе ўдасканаленне праграм падрыхтоўкі ваенных кадраў для Узброеных Сіл дзяржаў — членаў АДКБ з улікам сучасных дасягненняў ваеннай навукі, тэхнікі і перадавога вопыту», — растлумачыў ён.
Генеральны сакратар АДБК заўважыў, што Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін, якая сфарміравалася па выніках заканчэння Другой сусветнай вайны, сёння сур’ёзна разбалансавана. Разбураны Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, які дзесяцігоддзямі служыў краевугольным каменем еўрапейскай бяспекі. Асобныя еўрапейскія палітыкі вядуць справу да мілітарызацыі эканомікі, заяўляюць аб магчымасці ўмацавання ўласнай бяспекі за кошт новых сістэм узбраення, у тым ліку набыцця свайго або размяшчэння на сваёй тэрыторыі атамнай зброі дзяржаў ядзернага клуба.
«Мы фіксуем рост колькасці рэгіянальных канфліктаў, адзначаем з’яўленне якасна новых выклікаў і пагроз бяспекі саюзнікаў. Асаблівую заклапочанасць выклікае набліжэнне зон нестабільнасці непасрэдна да граніц дзяржаў — членаў АДКБ. Спакусы прыняць на ўзбраенне новыя віды высокаразбуральных сістэм становяцца рэальнасцю. Абаронныя выдаткі ў свеце б’юць гістарычныя рэкорды. Адбываецца актывізацыя ваенна-касмічнай дзейнасці, з’яўляюцца новыя віды смяротных аўтаномных сістэм», — адзначыў Імангалі Тасмагамбетаў.
Паводле яго слоў, Інтэрнэт актыўна выкарыстоўваецца для ўздзеяння на ўнутрыпалітычную абстаноўку ў суверэнных краінах, нанясення шкоды іх эканамічным, ваенным і іншым інтарэсам. Усё больш актыўна ў ваенных мэтах выкарыстоўваецца штучны інтэлект і саманавучальныя сістэмы. Акрамя складаных ваенных аспектаў бяспекі, своечасовых скаардынаваных дзеянняў патрабуе рост пагроз у біялагічнай, міжнароднай, інфармацыйнай і іншых сферах.
Працягвае захоўвацца пагроза міжнароднага тэрарызму і звязанага з ім экстрэмізму, наркатрафіку, трансгранічнага перамяшчэння баевікоў, нелегальных фінансавых аперацый, якія таксама патрабуюць пільнай увагі з боку саюзнікаў у АДКБ.
Генеральны сакратар АДБК падкрэсліў: у арганізацыі, якую ён узначальвае, станоўчы паслужны спіс. У зоне адказнасці, гэта значыць у граніцах дзяржаў — членаў АДКБ, за больш чым 30 гадоў існавання Дагавора аб калектыўнай бяспецы ўдаецца прадухіляць або істотна змякчаць крызісныя сітуацыі. Зразумела, прыярытэт, як і раней, аддаецца прэвентыўным палітыка-дыпламатычным метадам урэгулявання міждзяржаўных супярэчнасцяў. Адначасова працягваецца ўдасканаленне сістэмы крызіснага рэагавання АДКБ.