Top.Mail.Ru

Расiйскiмi пошукавiкамi ўстаноўлены iмёны 27 беларусаў, якiя ў лютым 1942-га загiнулi ў Калужскай вобласцi

Летась у Iзноскаўскiм раёне, што ў межах 100 кiламетраў ад Калугi, падчас пошукавых работ былi выяўлены i падняты для перапахавання астанкi 1250 салдат i камандзiраў Чырвонай Армii. Унiкальнасць гэтай пошукавай мiсii ў тым, што ўсе iмёны загiнулых устаноўлены. Сярод воiнаў, якiя мужна змагалiся з ворагам, — 27 ураджэнцаў Беларусi. Члены пошукавага аб’яднання «ВПК «Прарыў», якiя займалiся выяўленнем i перапахаваннем астанкаў герояў Вялiкай Айчыннай вайны, перадалi ў Беларусь звесткi аб нашых земляках, загiнулых у Захараўскай аперацыi ў лютым 1942 года.


Правобраз аперацыi «Баграцiён»

Найперш варта расказаць пра бой, якi зiмой 1942 года адбыўся на тэрыторыi Калужскай вобласцi. Ён увайшоў у гiсторыю як Захараўская аперацыя, хоць пра яе мала што сказана ў гiстарыяграфii.

Як расказаў «Звяздзе» член-карэспандэнт Агульнарасiйскай грамадскай арганiзацыi «Расiйская акадэмiя прыродазнаўчых навук», член пошукавага аб’яднання «ВПК «Прарыў» Аляксандр Туманаў, з нямецкiх дакументаў вынiкае, што студзень i люты 1942-га былi суцэльным крызiсам для вермахта: войскi адыходзiлi хаатычна, кiдаючы цяжкае ўзбраенне: «Такiм чынам, армiя, якая лiчылася непераможнай, страцiла свой галоўны козыр — мабiльнасць i ператварылася ў звычайную пяхотную. Памiж войскамi ўзнiклi праломы, за якiя многiя камандуючыя былi адпраўлены ў адстаўку».

Камандуючы Заходнiм фронтам Георгiй Жукаў накiраваў у прарыў 33-ю армiю генерала Мiхаiла Яфрэмава. За лiнiю фронту быў высаджаны паветрана-дэсантны корпус, тут апынуўся i гвардзейскi кавалерыйскi корпус Паўла Бялова. «Усе яны мелi адну мэту — выйсцi ў раён Вязьмы i перарэзаць шляхi забеспячэння, што стала б катастрофай для ўсёй групы войскаў „Цэнтр“, — звяртае ўвагу Аляксандр Туманаў. — Нямецкае камандаванне прыклала неверагодныя намаганнi, каб лiквiдаваць тыя прарывы. Самалётамi тэрмiнова перакiдвалiся падраздзяленнi з Еўропы, сцягвалiся войскi з iншых участкаў фронту. Цаной вялiкiх страт удалося стварыць глыбокаэшаланiраваную абарону. Але з 5000 дэсантнiкаў i эсэсаўцаў, якiя прыляцелi сюды з Еўропы, праз два месяцы баёў назад вярнулiся толькi 400».

Самым гарачым пунктам стала вёска Захарава Iзноскаўскага раёна Калужскай вобласцi. Менавiта тут быў ажыццёўлены прарыў 33-й армii. Аднак немцам удалося яго лiквiдаваць, а таму ўсе спробы чырвонаармейцаў прыйсцi таварышам на дапамогу аказалiся дарэмнымi. «За тры тыднi баёў вёска пераходзiла з рук у рукi дзесяць разоў, — расказвае пошукавiк аб’яднання «ВПК „Прарыў“. — Бакi панеслi вялiкiя страты. Вёску Захарава ў вынiку ўдалося захапiць».

Па яго словах, гэту аперацыю можна лiчыць правобразам будучай аперацыi «Баграцiён», калi была лiквiдавана большая частка фашысцкай групы войскаў «Цэнтр». «Але для гэтага Чырвонай Армii трэба было яшчэ вучыцца доўгiя два з паловай гады, — удакладняе Аляксандр Туманаў. — На той момант не было магчымасцi ажыццяўляць такiя стратэгiчныя аперацыi». 

У вынiку — вялiзныя страты з абодвух бакоў.

«Радасць ад таго, што ўсё зрабiлi правiльна»

Днямi — 5 мая — плануецца перапахаванне знойдзеных астанкаў воiнаў на воiнскiм мемарыяле «Iванаўскае поле». У гонар салдат высадзяць алею з 1250 дрэў уздоўж дарогi, якая вядзе да мемарыяла.

Гэтай важнай падзеi папярэднiчала маштабная пошукавая работа. «Усе пахаваннi знаходзiлiся ў „трохкутнiку“ былых вёсак Захарава — Крапiўка — Яжова, — расказвае Аляксандр Туманаў. — База даных „АБД-Мемарыял“ нам паказала 1250 iмёнаў воiнаў Чырвонай Армii, якi загiнулi ў гэтым месцы. Усе знойдзеныя i прачытаныя медальёны пацвярджаюць спiс з базы даных. Такiм чынам, можна з вялiкай доляй верагоднасцi сцвярджаць, што ўсе iмёны байцоў устаноўлены».

Згодна са складзеным спiсам, байцамi пошукавага аб’яднання «ВПК «Прарыў» былi вызначаны iмёны воiнаў Чырвонай Армii, iх месцы нараджэння i прызыву, дзесьцi пазначаны iмёны сваякоў. Сярод тых, хто развiтаўся з жыццём у гэтым месцы дзеля Перамогi, — прадстаўнiкi 54 рэгiёнаў Расii i 10 рэспублiк былога СССР.

Па словах Аляксандра Туманава, з перапахаваннем салдат i афiцэраў Чырвонай Армii будзе завершана ўсё, што не паспелi зрабiць нашы папярэднiкi. «Сваякi атрымаюць iнфармацыю аб сваiх героях, воiны — спакой i вечную памяць, а мы — радасць ад усведамлення таго, што ўсё зрабiлi правiльна», — лiчыць ён.

Веранiка КАНЮТА

Звярніце ўвагу

Магчыма, вы ўбачыце знаёмае прозвiшча i падзелiцеся гiсторыяй свайго продка з нашай рэдакцыяй. 5 мая на Калужчыне свой апошнi прытулак знойдуць нашы землякi: 

Копия Список потерь_page-0001.jpg


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю