Сёлета, 26 мая, споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Германа Міхайлавіча Пранішнікава, чыё імя носіць Светлагорская карцінная галерэя «Традыцыя». Гэта ён у свой час — разам з літаратарам, журналістам Ізяславам Катляровым і тагачасным старшынёй Светлагорскага гарвыканкама Аляксандрам Якабсонам — быў ініцыятарам яе стварэння, існым прыхільнікам таго, каб галерэя арыентавалася на лепшыя рэалістычныя традыцыі сусветнага мастацтва. І гэта па яго прапанове яна атрымала назву «Традыцыя».
Захаваліся лаканічныя звесткі, напісаныя рукой мастака: «Пранішнікаў Герман Міхайлавіч 1925 года нараджэння. Жывапісец. З 1942 да 1944 года служыў у Савецкай Арміі. З 1944 да 1948-га — вучыўся ў Іркуцкім мастацкім вучылішчы ў Б. І. Лебядзінскага.
У мастацкіх выставах прымае ўдзел з 1947 года. З 1962 года жыве ў г. Светлагорску, працуе ў мастацкім фондзе Рэспублікі Беларусь».
Вось і ўсе звесткі. Трэба толькі ўдакладніць, што нарадзіўся ён у Чыце, што бацька яго — Міхаіл Іванавіч — быў выдатным мастаком. І наогул ён са славутага мастакоўскага роду Пранішнікавых. Самы знакаміты з іх — Іларыён Міхайлавіч, вучнямі якога былі В. К. Бялыніцкі-Біруля, а таксама С. В. Іваноў, С. А. Каровін.

«Усе — тут»
Герман Міхайлавіч любіў прыгадваць словы з нейкага старадаўняга дакумента: «В лето 7135-е борзописец и порсунных дел умеха Ивашка Прянишнин с чадами жалован посадом на Яузе». Гэта, як удакладняў ён, у Стараканюшаным завулку ў Маскве — насупраць дома Мешчараковых. Аднак ніколі не пахваляўся сваім паходжаннем, справядліва лічачы, што за мастака павінны гаварыць яго творы. Мабыць, гэтую бясспрэчную думку ён упершыню пачуў ад свайго настаўніка Б. І. Лебядзінскага, які апынуўся ў Іркуцку пасля таго, як туды ў час Вялікай Айчыннай вайны з Ленінграда была эвакуіравана Усерасійская акадэмія мастацтваў.
У Светлагорску Г. М. Пранішнікаў спачатку працаваў мастаком-афарміцелем у мясцовых кінатэатрах. А потым пісаў вытворчыя партрэты, працуючы ўжо ў майстэрні мастацкага фонду Беларусі. Атрымліваліся яны ў яго няблага, і можна было жыць нябедна. Але ён нарадзіўся сапраўдным творцам і хацеў быць ім. Гэта аказалася вельмі няпроста. Не было ні майстэрні, ні адпаведнага мастацкага асяроддзя. Дапамагала тое, што свядома арыентаваўся на класічныя традыцыі рускага і беларускага выяўленчага мастацтва. Герман Міхайлавіч, як неаднойчы адзначаў у сваіх артыкулах Ізяслаў Катляроў, валодаў цудоўным талентам філасофскага асэнсавання падзей сучаснасці і далёкай ад нас гісторыі. Калісьці, яшчэ ў 1965 годзе, ён адмовіўся ад, здавалася б, элементарных ісцін мастацкай творчасці — пачаў пісаць карціны без эскізнай, эцюднай падрыхтоўкі. Ці трэба гаварыць, што гэта даецца толькі сапраўдным мастакам, якія валодаюць выдатным уяўленнем, беспамылковым псіхалагічным зрокам і веданнем натуры. Пакрысе прыходзіла адчуванне ўласнага каларыту, якое, як гаворыцца, ад Бога. Паступова прыходзіў і сам мастак да адчування нізкага гарызонту, які цяпер так натуральна падкрэслівае манументальнасць многіх яго твораў.
Герман Міхайлавіч ставіў перад сабой амаль недасягальныя мэты. Ён пісаў жанравыя партрэты Джардана Бруна, Сакрата, Томаса Мора, Аляксандра Неўскага, Ефрасінні Полацкай, Рагнеды... Яму было цесна ў памерах адной карціны, і ён усё часцей звяртаўся да трыпціхаў: «Сцяганосцы», «Нескароныя», «Слаўна вы жылі і памерлі слаўна»... Амаль 15 гадоў вяртаўся да манументальнага палатна «Паядынак Перасвета з Чалубеем». Гледзячы на завершаную карціну, адчуваеш, што ўсё ў ёй падпарадкавана барацьбе і пераконвае натуральнай дынамікай, напружанасцю шматразова выверанай кампазіцыі. Верыш, што такім і быў ён, Перасвет, герой Кулікоўскай бітвы. Талент бачыць скрозь час. «Па адной такой карціне можна прымаць у Саюз мастакоў», — сказаў аднойчы Ізяславу Катлярову вядомы гомельскі мастак В. А. Крылоў. Не прынялі...
Не паспелі...
З не меншым захапленнем, помніцца, гаварыў ён і яшчэ аб адным творы — «Пасля Перамогі», зазначыўшы: «Нічога падобнага не бачыў. Гэты твор увойдзе ў гісторыю беларускага жывапісу...»
Вядомы мастак (у той час загадчык кафедры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў) Аляксей Марачкін, гледзячы на карціну «Ідалапаклоннікі», заўважыў: «Яна вытрымае любую канкурэнцыю і заслугоўвае таго, каб быць на самай прэстыжнай выставе». А народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў выказаўся аб ёй яшчэ больш эмацыянальна і толькі адным словам: «Магія!» Так, сапраўды глыбіня, або бездань, якую стварае мяккі блакітна-сіні каларыт гэтага твора, валодае магічнай сілай.
Увогуле Герман Міхайлавіч рэдка ставіў перад сабой толькі жывапісныя задачы. Часцей за ўсё моц сваіх шматлікіх мастацкіх сродкаў ён падпарадкоўваў задуме твора. Агульнавядома, што майстэрства толькі тады сапраўднае, калі яно застаецца незаўважным. Менавіта пра гэта думаецца, калі бачыш напружаны, поўны эмоцый твор «Спроба маладога каня» або, наадварот, прасякнуты сцішанай самотай — «Пасля Перамогі». Сярод яго бясспрэчных здабыткаў і карціна «Апошняя інстанцыя». Адзінокай старэнькай жанчыне нічога не застаецца, як звярнуцца з малітвай да Бога. І яна звяртаецца, не заўважаючы, што Усявышні ўжо бласлаўляе яе. Але як гэта напісана! І безабаронны агеньчык свечкі, і нямоглыя, спрацаваныя рукі, і пакорліва пранікнёны твар — усё ў поўным адзінстве задумы і ўвасаблення.
Г. М. Пранішнікаў быў прыхільнікам шматслаёвага жывапісу, у якім колер здабываецца з колеру, святло са святла. Ён імкнуўся дасягаць таго, каб каларыт не проста заставаўся на карціне, а зыходзіў з яе. Мастаку былі падуладныя любыя творчыя задумы. Ён аднолькава валодаў майстэрствам партрэтнага, пейзажнага, алегарычнага, філасофскага ўвасаблення.

«Восень» (аўтапартрэт)
Пры жыцці Германа Міхайлавіча адбылося ўсяго некалькі выстаў: у гісторыка-краязнаўчым музеі Светлагорска, у выставачнай зале Гомельскага аддзялення Саюза беларускіх мастакоў, у мінскім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя». Далёка не заўсёды яго верныя ўласнаму каларыту творы знаходзілі разуменне. Але, завітаўшы на выставу ў Мінску, вядомая мастацтвазнаўца Эма Пугачова палічыла неабходным напісаць мастаку: «Шаноўны Герман Міхайлавіч! Са здзіўленнем і радасцю паглядзела выставу Вашых работ і пашкадавала, што не ведала пра Вас раней. У Вашых творах я ўбачыла цудоўную і вельмі адораную асобу мастака па Боскай міласці. Глыбокая шчырасць, здольнасць выражаць задуму пластычна, цэльнасцю кампазіцыі і жывапіснага стану — вось, на мой погляд, Вашы якасці, не ўсім уласцівыя, нават дастаткова дасведчаным у мастацтве. Жадаю Вам радасці, творчага настрою і... большай вядомасці. Э. Пугачова (Грамыка)».
Лёс, аднак, распарадзіўся па-свойму. Мастак усё больш страчваў слых. Можа, таму і не пачуў блізкага грукату цягніка... 27 лістапада 1993 года ён трагічна загінуў. А 31 ліпеня 1995-га — яго імя было прысвоена галерэі «Традыцыя».
Першая ж пасмяротная выстава пераканаўча засведчыла значнасць самабытнага, прасветленага класічнымі традыцыямі таленту. Аб гэтым сцвярджае і цяперашняя экспазіцыя ў гонар стогадовага юбілею жывапісца, разгорнутая ў 5-й зале карціннай галерэі, якая сёлета адзначае яшчэ і 30-годдзе прысваення ёй імя Германа Пранішнікава.
Соф’я ШАХ