Павел Шуціла першым у краіне ўстанавіў рэкорд у 6 тысяч тон намалочанага збожжа
Павел Шуціла першым у краіне ўстанавіў рэкорд у 6 тысяч тон намалочанага збожжа
Камбайнер з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна Павел Шуціла ўжо далёка не адзін раз станавіўся героем на старонках «Звязды». Гэтым разам хлебароб устанавіў чарговы рэкорд — першы ў краіне на беларускім камбайне намалаціў 6 тысяч тон збожжа!
Сёння ў гаспадарцы завяршаюць уборку збожжавых культур, рапс таксама ўбраны з палёў. Таксама тут актыўна нарыхтоўваюць сянаж з люцэрны і вядуць сяўбу рапсу, які плануюць завяршыць да 25 жніўня.
«Ураджайнасць рапсу склала 40,8 цэнтнера з гектара, намалочана больш за 2,2 тысячы тон збожжа алейнай культуры. Што датычыцца збожжавых, то ўбрана больш за 95 % пры сярэдняй ураджайнасці ў 90 цэнтнераў з гектара. Хлеб сёлета добры, прагназуем плюс да леташняга караваю ў 500-600 тон збожжа. Валавы збор на сённяшні дзень складае больш за 12,5 тысячы тон», — расказаў дырэктар ААТ «Кухчыцы» Сяргей Здрок.
Зараз у гаспадарцы прыбіраюць азімую пшаніцу і авёс. «На нарыхтоўцы кармоў ужо закладзена больш за 14 тысяч тон сенажу. Гэта амаль гадавая патрэба жывёлагадоўлі. З улікам трэцяга ўкосу будзе закладзена не менш за 16 тысяч тон сенажу, яшчэ каля 4 тысяч тон дасць чацвёрты ўкос», — адзначыў Сяргей Здрок.
Па словах кіраўніка, такія лічбы — вынік працы ўсяго калектыву. «Нашы Людзі — на вагу золата, кожны на сваім месцы працуе на агульны вынік. Але хацелася б у першую чаргу адзначыць герояў жніва. Камбайнер Павел Шуціла намалаціў 6 тысяч тон збожжа і ўстанавіў не толькі абласны, але і рэспубліканскі рэкорд. Механізатар Сяргей Касцюкевіч намалаціў больш за 3 тысячы тон, у Мікалая Сіцько — больш за 2 тысячы тон. Гэта старэйшыя камбайнеры з вялікім вопытам работы, якія паказваюць прыклад маладым. Ёсць добры вынік і ў тых, хто ў прафесіі нядаўна, — камбайнер Ілля Пішчук намалаціў 1,7 тысячы тон», — паведаміў Сяргей Здрок.

Іншыя механізатары, якія працавалі на ўборцы, заслугоўваюць самых добрых слоў. Як адзначыў дырэктар гаспадаркі, на іх плечы легла задача па нарыхтоўцы кармоў. Большасць з іх сумяшчалі работу на двух камбайнах — збожжаўборачным і кормаўборачным. «Кіроўца Андрэй Аляксейчык перавёз 5 тысяч тон збожжа, Віталь Кішко — больш за 4 тысячы тон, Руслан Карсюк — больш за 2 тысячы тон, Міхаіл Камінскі і Сяргей Лабко — аператары на дапрацоўцы збожжа — высушылі больш за 7 тысяч тон. Яшчэ шмат чаго ім трэба будзе зрабіць», — дадаў Сяргей Здрок.
Як адзначыў дырэктар, завяршэнне жніва суправаджае лёгкі сум, бо гэта не толькі самы адказны, але і самы выніковы перыяд сельскагаспадарчага года. «Наперадзе ўборка кукурузы, якой у нас пасеяна 1,5 тысячы гектараў, з іх крыху менш за палову — на зерне. Чакаюць сваёй пары бульба і цукровыя буракі. Год нядрэнны, вынікам мы задаволеныя», — рэзюмаваў кіраўнік гаспадаркі.
У ААТ «Кухчыцы» заслугоўваюць слоў падзякі абсалютна ўсе, хто працаваў у няпростых умовах і дзякуючы каму ўдалося атрымаць ураджай куды больш, чым у 2024 годзе. Камбайнер-рэкардсмен Павел Шуціла падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго і дапамагаў: «Кіроўцы стараліся, каб хутчэй вывезці. Добры ўраджай атрымалі сёлета. Дырэктару таксама ўдзячны за тое, што кіраваў усім выразна. Дзякуючы гэтаму атрымалася ўсё зладжана», — падагульніў герой жніва.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота БелТА