Top.Mail.Ru

Герыятрычныя кабінеты прымаюць пажылых людзей ва ўсіх рэгіёнах

На прыём да «ўзроставага» доктара

Пацыентамі герыятра, а гэта спецыяліст па лячэнні і прафілактыцы ўзроставых захворванняў, звычайна становяцца пенсіянеры, у якіх, акрамя цэлага букета хранічных захворванняў, з’явіліся іншыя непрыемнасці. Чалавек усё забывае, губляе, марудна ходзіць, хутка раздражняецца, з-за чаго пакутуе і сам, і навакольныя. Калі звычайны ўрач на такія скаргі толькі разводзіць рукамі, герыятр дапаможа як мага даўжэй заставацца самастойным і актыўным.

Павялічыць працягласць і якасць жыцця

Для ранняга выяўлення герыятрычных сіндромаў і адпаведнай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя прыняло меры па адкрыцці ў рэгіёнах краіны, у тым ліку ў раённых цэнтрах герыятрычных кабінетаў. Іх на сёння 97, і стаіць задача павялічыць як колькасць, так і ахоп пажылога насельніцтва такой спецыялізаванай медыцынскай дапамогай.

— Герыятрычнымі аглядамі летась было ахоплена 40 % пацыентаў старэйшых за 75 гадоў. На сёння лічба вырасла да 55 %, плануецца, што да канца года яна дасягне 70 %. Да 2030 года мяркуецца, што ахоп герыятрычнай аглядамі складзе 90 % пажылых грамадзян, — адзначае пазаштатны герыятр Міністэрства аховы здароўя намеснік галоўнага ўрача Мінскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава" Лілія ІЛЬЮШЭНКА.

Сёння ў школах актыўнага даўгалецця, школах трэцяга ўзросту і па аналагічных праграмах займаецца каля 100 тысяч пажылых грамадзян. У краіне дзейнічае каля 

350 такіх школ. Герыятрычная служба арыентавана на дасягненне мэт устойлівага развіцця праз павелічэнне працягласці і якасці жыцця пажылога насельніцтва.

Стацыянарная дапамога людзям сталага веку аказваецца на 260 герыятрычных ложках шпіталяў Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей. Колькасць палат для ветэранаў войнаў у краіне складае больш за тысячу, а ложкаў — больш за дзве тысячы. Для аказання стацыянарнай і амбулаторнай дапамогі функцыянуюць геранталагічныя цэнтры. Для пажылых жыхароў краіны арганізавана дапамога ў Рэспубліканскім геранталагічным цэнтры актыўнага даўгалецця, які працуе на базе Мінскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Машэрава і ў трох рэгіянальных цэнтрах — Гомельскай і Магілёўскай абласцей, а таксама ў Мінску на базе 14-й гарадской паліклінікі.

Без увагі не застаецца такая ўразлівая катэгорыя, як адзінокія пажылыя. Штогод у паліклініках адбіраюць такіх пацыентаў, спісы звяраюцца з сацыяльнымі службамі для штогадовых аглядаў урачамі агульнай практыкі і пры неабходнасці іншымі спецыялістамі. Асобы з інваліднасцю атрымліваюць дапамогу некалькі разоў на год.

Перасоўныя ФАПы, флюарографы і мамографы

Расце даступнасць пярвічнай медыцынскай дапамогі пажылым людзям у сельскай мясцовасці з улікам іх патрэб. Сельскія жыхары атрымліваюць медыцынскую дапамогу ў арганізацыях аховы здароўя раённага, міжраённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню дзякуючы дакладна выбудаванай маршрутызацыі. Для павышэння яе даступнасці ў краіне працуюць 93 перасоўныя медыцынскія комплексы. Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя іх колькасць за 8 месяцаў 2025 года павялічылася на 11 %, найбольш істотна — у Гомельскай вобласці, туды размеркавана шэсць перасоўных фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Міністэрствам аховы здароўя вызначаны адзіныя патрабаванні да дзейнасці перасоўных пунктаў, іх матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання і ўстаноўлены крытэрыі эфектыўнасці іх работы. Усе перасоўныя ФАПы ўкамплектаваны сярэднім медыцынскім персаналам на 100 %. Разам з тым для работы могуць прыцягвацца ўрачы-спецыялісты і іншыя медыцынскія работнікі. Маршруты перасоўных ФАПаў распрацаваны з улікам размяшчэння населеных пунктаў, вызначана кратнасць іх выездаў зыходзячы з колькасці насельніцтва. Жыхароў загадзя інфармуюць аб даце і часе прыбыцця.

Пры распрацоўцы праекта дзяржаўнай праграмы «Здароўе нацыі» на 2026–2030 гг. Міністэрства аховы здароўя прадугледзела закупку не толькі перасоўных комплексаў (а іх у найбліжэйшыя пяць гадоў запланавана закупіць яшчэ 90), але і перасоўных флюарографаў і мамографаў. Гэта пашырыць дыягнастычныя даследаванні сярод сельскіх жыхароў для ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў.

На асаблівым кантролі — лекавае забеспячэнне жыхароў сельскай мясцовасці. Рознічны гандаль лекавымі прэпаратамі ажыццяўляецца не толькі праз аптэкі абласных прадпрыемстваў «Фармацыя», але і медыцынскімі работнікамі перасоўных ФАПаў, амбулаторый урача агульнай практыкі, бальніц сястрынскага догляду і ўчастковых бальніц.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю