Удзельнікі міжнароднага медыятура «Дарогамі Перамогі» наведалі дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Журналісты інфармацыйных агенцтваў краін СНД усклалі кветкі да легендарнай скульптуры «Няскораны чалаве» і наведалі музей, створаны да 80-гадовай гадавіны трагедыі. Многія чакалі гэтую паездку са страхам і трапятаннем, бо чулі пра сілу ўздзеяння мемарыяла на наведвальнікаў, паведамляе БелТА.
Многія не маглі стрымаць слёз
Як расказала загадчыца аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Марына Вашкевіч, за тры гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі, па апошніх дадзеных Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, прайшло не менш за 187 карных аперацый. За дапамогу партызанам, за супраціўленне, за знішчэнне нямецкага афіцэра карнікі прыходзілі і спальвалі цэлыя вёскі. «Часта жыхароў заганялі ў адрыны, дзверы шчыльна зачынялі, вакол абкладвалі саломай, аблівалі бензінам і падпальвалі. Людзі гарэлі жыўцом. Сёння мы ведаем, што лёс Хатыні падзялілі не менш за 290 вёсак», — адзначыла яна.
Слухаючы гісторыю Хатыні, многія не маглі стрымаць слёз. Журналістка з Таджыкістана Лайла Касымава прызналася, што трагедыя спаленай беларускай вёскі зачапіла яе за жывое. Моцнае ўражанне на журналістаў аказаў і экспанат, знойдзены падчас рэканструкцыі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. Падчас будаўніцтва дарожкі да храма тут выявілі разарваную нямецкую гільзу, якая 80 гадоў захоўвала ўнутры сябе кавалачак вугольчыка. Цяпер гэта сімвал усіх спаленых у вайну вёсак.

Загадчык аддзела акцэнтавала ўвагу на судах, якія ў нашай краіне праходзяць над катамі. «Да прыкладу, летась прайшоў суд над ужо памерлым катам. На жаль, заставаліся такія людзі, якія не панеслі пакаранне за свае дзеянні ў гады і пасля вайны. 18 сакавіка 2024 года Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў Уладзіміра Катрука, вядомага як „кат Хатыні“, вінаватым у здзяйсненні генацыду без прызначэння пакарання, таму што гэтага чалавека ўжо не было ў жывых. Гэта робіцца для аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Было сабрана каля 30 тамоў доказаў таго, што ён удзельнічаў у знішчэнні людзей», — дадала яна.

Музей на тэрыторыі Хатыні быў адкрыты крыху больш за два гады таму. За гэты час яго наведалі больш за 1,5 млн чалавек.
Як расказаў дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь » Дзмітрый Вільтоўскі, гэта месца памяці і смутку, пакланення беларускага народа. Захаванне гістарычнай памяці ў Хатыні — наш агульны абавязак. Гэта не проста старонка гісторыі, а напамін пра цану чалавечага жыцця і пра жахі вайны.
«Сёння такія праекты, як „Цягнік памяці“, медыятур „Дарогамі Перамогі" і іншыя падобныя ім маюць фундаментальнае значэнне і транслююць толькі праўду пра Вялікую Айчынную вайну. Некаторыя ў сучасным свеце спрабуюць перапісаць гісторыю, абяліць нацызм і іх памагатых, таму наша сумесная праца становіцца актам абароны агульнай гістарычнай праўды. Мы павінны выхоўваць нашу моладзь у духу павагі да подзвігу продкаў і каштоўнасці мірнага жыцця. Усе нашы наведвальнікі глыбока пранікаюць у гэтую гісторыю, у трагедыю. Амаль кожны трэці выходзіць са слязамі на вачах, з адчуваннем той трагедыі і разуменнем, што вайна прыносіць боль і пакуты", — расказаў ён.

Смерць дзяцей — самае страшнае
Яшчэ знаходзячыся ў Брэсце, расійская журналістка Дар’я Валіахметава прызнавалася, што вельмі чакае паездку ў «Хатынь». «Я спадзяюся, што добра яе перанясу, бо я эмацыйны чалавек. Стараюся абстрагавацца, нагадваю сабе, што знаходжуся на працы, але ўсё роўна немагчыма ў такіх камандзіроўках заставацца абыякавай. З таго, што ведаю пра гэтае месца, магу зрабіць выснову, што яно яшчэ больш страшнае, чым Брэсцкая крэпасць. У цытадэлі ўсё ж змагаліся салдаты, а там загінулі мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі, у тым ліку дзеці», — падзялілася яна.
Апынуўшыся ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», дзяўчына з цяжкасцю стрымлівала слёзы. «Запомніліся неверагодна калючыя вочы карнікаў, страшныя і палохаючыя. Гэта вочы звера, ваўка, які ашчэрыўся. Першы крок у экспазіцыю — і я адразу стала плакаць, убачыўшы фармулёўку, напісаную на дзвярах, пра тое, што дзяўчынка шукае маму, зніклую пасля бамбёжкі. Смерць дзяцей — гэта самае страшнае», — адзначыла яна.

Гаворачы аб экспазіцыі музея, журналістка назвала яе адной з самых незвычайных, якія ёй удалося наведаць. «Я як журналіст культурнай сферы скажу, што музей зроблены выдатна, неверагодна якасна перададзена карцінка. Ты счытваеш менавіта той эмацыйны складнік, які меркаваўся. Асабліва гісторыі, як карнікі здзекаваліся над зусім маленькімі дзецьмі. Любога чалавека старэйшыя за 25 гадоў гэта кранае за жывое, таму што мы ўяўляем на іх месцы сваіх будучых малых. Гэтае месца павінны наведаць усе. У першую чаргу сюды трэба зацягнуць тых, хто не разумее, навошта нам памятаць тую вайну. Проста прывесці і прымусіць прайсці праз усе залы. Упэўненая, у канцы яны будуць стаяць перад люстэркам, прасіць прабачэння перад маленькай дзяўчынкай і раскайвацца ў сваіх словах і ўчынках», — дадала яна.

Міжнародны медыятур журналістаў інфармацыйных агенцтваў краін СНД «Дарогамі Перамогі» праходзіць з 15 па 24 верасня ў пяці гарадах Расіі і Беларусі. Удзельнікі ўжо наведалі Маскву і Брэст. У сталіцу нашай краіны яны прыбылі ўвечары 18 верасня. У найбліжэйшыя два дні журналістаў чакае насычаная праграма. Акрамя дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», яны таксама наведаюць Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Курган Славы і Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», а таксама ўбачаць, як ствараюцца знакамітыя кар’ерныя самазвалы ў Жодзіне. 21 верасня ўдзельнікі медыятура адправяцца ў Санкт-Пецярбург.