Якое багацце ляжыць у нас літаральна пад нагамі.
У суботу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка працаваў у Гомельскай вобласці. Камандзіроўка кіраўніка дзяржавы была прысвечана перспектыўнаму накірунку, пра неабходнасць развіцця якога ён неаднойчы гаварыў, — вытворчасці драўняных паліўных гранул (пелет) .
Выкарыстанне такога віду паліва — сусветная тэндэнцыя. Штогод у свеце выкарыстоўваецца каля 31 мільёны тон пелет. Экалагічна чыстае паліва можа замяніць вугаль і газ, дровы. У 2024 годзе арганізацыямі Міністэрства лясной гаспадаркі рэалізавана 34,4 тысячы тон пелет (у асноўным на ўнутраны рынак). За 4 месяцы 2025 года — ужо 29,8 тысячы тон, што ў 3,2 раза больш да аналагічнага перыяду мінулага года. І гэта далёка не мяжа.
«Гэта наша перспектыва»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму краіне была пастаўлена задача — вырабляць пелеты: адходы, якія прападаюць у лесе, перапрацоўваць, рабіць з іх гранулы і выкарыстоўваць як таннае і экалагічна чыстае паліва. «Мы выкарыстоўваем газ і нафтапрадукты. А нам трэба сваё. Гэта адходы — іх трэба перапрацаваць, і дзе толькі можна абаграваць памяшканні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прычым, па яго словах, гэта тычыцца не толькі сацыяльных, але і прамысловых аб’ектаў.
«Так, санкцыі па нас ударылі: Еўропа ўсё гэта скупляла па пэўных цэнах, цяпер яны, адурэўшы, стрэлілі сабе ў нагу і гэта не купляюць. Маюць велізарную цану па электраэнергіі, па газе і гэтак далей. Яны ачухаюцца. Яны прыйдуць да нас», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, нічога не перашкаджае беларусам зараз гэтым займацца. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што трэба насельніцтва арыентаваць на выкарыстанне пелет, але з-за даступнасці газу і нафтапрадуктаў, іх прымальнага кошту няма вострай патрэбы выкарыстоўваць біяпаліва для абагрэву: маўляў, і так усё добра. «Нам трэба гэта развіваць на будучыню. Таму што ў нашых дзяцей таннага газу можа не быць», — заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пытанне выкарыстання такога віду паліва будзе ў прыярытэце. «Куды падзець гэтыя адходы? Трэба перапрацаваць у гранулы. І гэта наша перспектыва, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта ж золата. Мы ходзім, топчам яго нагамі, гэтыя горы складаем. Трэба гэта ўсё перапрацаваць і пусціць у справу».
Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, далажыў, што ў Беларусі створаны 64 вытворчасці па выпуску пелет агульнай магутнасцю каля 900 тысяч тон у год. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу зрабіць рэалізацыю пелет рэнтабельнай. «За кошт іншых напрамкаў ты выходзіш на рэнтабельную работу. А трэба, каб усе напрамкі былі рэнтабельныя. Гэта твая задача, і супакойвацца нельга, — сказаў кіраўнік дзяржавы міністру лясной гаспадаркі. — Трэба глядзець вакол. Ты бачыш, да чаго ўсё ідзе. Санкцыі не вечныя. І, напэўна, у Еўропе паразумнеюць і будуць усё ж такі глядзець на тое, што ім выгадна. Але працаваць трэба і цяпер».
Як растлумачыў Аляксандр Кулік, насельніцтву вельмі выгадна выкарыстоўваць пелеты — яны прапаноўвацца за 50 рублёў за тону. Але пры ўмове, што ў грамадзян ёсць паліўная кніжка. У цэлым на ацяпляльны сезон трэба каля 3,6 тоны пелет, што будзе каштаваць прыкладна 180 беларускіх рублёў. А пры набыцці катлв пад іх частку кошту (40%, але не больш за 120 базавых велічынь) кампенсуе дзяржава. Плануецца, што сёлета на ўнутраным рынку будзе спажыта больш за 70 тысяч тон пелет. Гэта каля 8% ад агульнай магутнасці вытворчасцяў. «Гэта мала. Трэба падумаць, як нам тут паскарацца. Трэба комплексна паглядзець на гэта пытанне», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
«Трэба папулязаваць сваё»
Аляксандр Лукашэнка не толькі заслухаў даклады аб вытворчасці пелет, але і азнаёміўся з самой вытворчасцю. Дарэчы, гэта экалагічна чысты від паліва, які дае найменшую колькасць попелу. І, што важна, гэта цалкам аднаўляльны рэсурс, бо драўніны і яе адходаў у краіне дастаткова.
Прэзідэнту паказалі ўзоры гатовай прадукцыі дрэваапрацоўкі. На комплексе «Ляскавічы» высокі ўзровень аўтаматызацыі вытворчасці, што Аляксандр Лукашэнка вельмі станоўча ацаніў. «Трэба, каб мы сапраўды, без жартаў ішлі гэтым шляхам. Каб была максімальная аўтаматызацыя. Тады і працоўныя рэсурсы будуць. Вось 32 чалавекі вызвалілі — гэта паўкалгаса. Вялікая справа», — падкрэсліў ён. Таксама кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на вырабе драўляных дамоў, якія ён прапаноўвае набываць беларусам.
Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры кацельнага абсталявання айчыннай вытворчасці, якое працуе на пелетах. Яны зручныя ва ўжыванні і абслугоўванні. Некаторымі мадэлямі катлоў, якія працуюць на пелетах, можна кіраваць нават з мабільнага тэлефона, што, канешне, вельмі зручна. Беларускія вытворцы зрабілі ўніверсальныя мадэлі катлоў, якія працуюць на шчапе, пялетах і дровах. Некаторымі мадэлямі можна лёгка ацяпліць невялікі завод, з выкарыстаннем пелет, канешне. Аляксандр Лукашэнка ўважліва цікавіўся аспектамі работы гэтых катлоў, іх магчымасцямі. «Трэба папулязаваць сваё», — заўважыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў кацельню, якая працуе на пелетах. У летні час яе трэба загружаць гэтым драўняным палівам ўсяго адзін раз у месяц, а зімой — прыкладна раз у тыдзень. Прэзідэнт высока ацаніў убачанае. «Гэта для нас цуд, які валяецца пад нагамі. І мы з гэтага барахла робім цуд», — адзначыў ён, гаворачы пра вытворчасць пелет. Беларускі лідар звярнуў увагу, што такія кацельні — выдатны варыянт для аграгарадкоў, і даручыў адпрацаваць пытанне па іх пераводзе на такі від паліва.
«Гэта імпартанезалежнасць»
«Пераход на пелеты — гэта не імпартазамяшчэнне, гэта імпартанезалежнасць», — заявіў у размове з журналістамі міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. Ён расказаў, што летась у Беларусі было спажыта 43 тысяч тон пелет, планка на гэты год — 80 тысяч тон. Па словах міністра, да 2027 года плануецца выйсці на 200 тысяч тон.
Аляксандр Кулік расказаў, што мэтай стварэння пелетных вытворчасцяў стала неабходнасць перапрацоўваць пілавінне. Грошы робяць з таго, што ляжыць пад нагамі — у самым прамым сэнсе гэтага слова. «У нас за мінулы год з’явілася 680 тысяч кубоў пілавіння ў выніку вытворчасці прадукцыі. На тону пелет трэба 2,5 куба пілавіння. Вось і простая арыфметыка: у сістэме Мінлясгаса былі створаны магутнасці для вытворчасці 200-250 тысяч т прадукцыі, — распавёў кіраўнік ведамства. — Адходаў у лесе хопіць. У нас цяпер не запатрабавана 3 млн кубаметраў дрывяной драўніны, якая ляжыць на складах. Таму можна нават павялічваць магутнасці па вытворчасці пелет, калі будзе спажыванне». Аляксандр Кулік расказаў, што за студзень — красавік насельніцтва набыло 250 катлоў на пелетах. За ўвесь мінулы год лічба не перавышала двух дзясяткаў.
Міністр энергетыкі Дзяніс Мароз звярнуў увагу, што пелеты — гэта паліва, якое вырабляецца з нацыянальнага прадукта, незалежна ад санкцый і знешніх пастаўшчыкоў. І ў гэтым вялікая перавага. Ён падкрэсліў, што ў канцэпцыі энергетычнай бяспекі прапісана, што неабходна развіваць мясцовыя віды паліва. Міністр расказаў, што па даручэнні Прэзідэнта энергетычная сістэма развівае гэты напрамак. «Мы падмешваем пелеты ў шчапу, каб павялічыць каларыйнасць паліва і павысіць яго эфектыўнасць. Зараз мы будуем тры вялікія энергетычныя аб’екты, дзе будуць выкарыстоўвацца катлы на пелетах», — расказаў міністр энергетыкі.
Намеснік старшыні Дзяржстандарта — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі расказаў журналістам, што выкарыстанне мясцовых відаў паліва дазваляе Беларусі замяшчаць 3 мільярды кубаметраў прыроднага газу. Ён прывёў лічбы: з 11 тысяч энергакрыніц у краіне звыш 7 тысяч пераведзены на выкарыстанне мясцовых відаў паліва. З 2010 года на мясцовыя рэсурсы пераведзеныя і 350 кацельняў, якія працавалі да гэтага на прыродным газе. Як растлумачыў Віталь Крэцкі, па магутнасці гэта супастаўна з работай аднаго блока атамнай электрастанцыі. «Штогадовы аб’ём выкарыстання мясцовых відаў паліва дазваляе нам замяшчаць 3 мільярды кубаметраў прыроднага газу (у год мы спажываем 17 мільярды). Нягледзячы на тое, што 40 раёнаў у краіне маюць долю спажывання мясцовых рэсурсаў больш за 70%, мы на гэтым не спыняемся. На найбліжэйшую пяцігодку мы запланавалі перавод выключна на пелеты не менш за 125 кацельняў», — расказаў дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.
«Трэба паскарацца ў два разы і не забываць аб дысцыпліне»
Другой тэмай камандзіроўкі Прэзідэнта стала сельская гаспадарка. У Ляскавічах Аляксанадр Лукашэнка наведаў мясцовы малочна-таварны комплекс.
Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, што напачатку сваёй прэзідэнцкай кар’еры наведваў гэтыя мясціны і гэту гаспадарку. Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, што часы тады былі няпростыя, а ў гэтых мясцінах яшчэ хацелі стварыць так званую «Палескую народную рэспубліку» і трэба было знайсці агульную мову з мясцовымі людзьмі, сярод якіх, па яго словах, было і нямала ачумелых. Няпроста было пераканаць месцічаў у тым, што Палессе не можа існаваць і развівацца само па сабе. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што тады яму прапанавалі разам пакасіць траву, што ён выдатна ўмее. І палешукі гэта ацанілі: «Гэна наш!» «Я гэтыя два словы запомніў назаўжды. Гэта было за Прыпяццю», — расказаў Прэзідэнт.
Што тычыцца цяперашняга моманту, то зараз МТК «Ляскавічы» ААТ «Агра-Ляскавічы» знаходзіцца ў працэсе мадэрнізацыі, за прыклад узяты перадавы досвед ААТ «Парахонскае». Асноўная крыніца выручкі прадпрыемства — рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі. Але на сёння гэтай выручкі не хапае для стабільнай работы. Таму галоўная мэта зараз — павелічэння аб’ёмаў вытворчасці малака і ўмацаванне кармавой базы прадпрыемства. Для гэтага будуць пабудаваныя два кароўнікі па 384 галавы кожны. Пагалоўе будзе павялічана, і гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы малака, якое рэалізуецца гатункам «Экстра», да 100 працэнтаў і атрымаць дадатковую выручку.
Аляксандр Лукашэнка даручыў паскорыцца з рэалізацыяй намечаных планаў. «Хлопцы, трэба паскарацца ўдвая, калі хочам выжыць. Не паскорымся — будзем целяпацца ў хвасце. Мы ўсё вырабляем, што вырабляе ўвесь свет. Канкурэнцыя шалёная. Таму трэба паскарацца мінімум у два разы», — дадаў ён.
Дэдлайн ад кіраўніка дзяржавы — да новага года. "Мабілізоўвай людзей і запомні: кадры сёння — гэта дысцыпліна. Жалезная павінна быць дысцыпліна. Таму што мы ж хочам па тэхналогіі працаваць і нешта атрымаць«,- сказаў Прэзідэнт. Ён таксама пацікавіўся станам кармавой базы ў гаспадарцы. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ўсё пад кантролем, кармавыя культуры пасеяны, у аднагадовых і шматгадовых культур добрыя патэнцыял. Таксама гаспадарка займаецца меліярацыяй. Беларускі лідар прапанаваў пры магчымасці вырошчваць гародніну. На прыкладзе гаспадаркі «Усход», дзе атрымалі рэкордны ўраджай бульбы, ён параіў арганізаваць паліў гэтых культур, тым больш, што побач Прыпяць і вялікіх праблем з гэтым быць не павінна, калі нармальна арганізаваць работу. А рэалізацыя гародніны можа прынесці гаспадарцы дадатковыя грошы. Агульны пасыл ад кіраўніка дзяржавы нязменны — падыходзіць па-гаспадарску. «Палешукі — дысцыплінаваныя людзі, калі з імі працаваць нармальна», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Палешукі шануюць сваю зямлю
Віктар Шайбак, генеральны дырэктар РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» у размове з журналістамі падкрэсліў, што ствараючы камфортныя ўмовы для жывёлы, трэба найперш думаць аб стварэнні камфортных умоў для людзей.
«Калі мы павялічваем вытворчасць малака і мяса, адпаведна мы павялічваем выручку. Трэба, натуральна, каб прадукцыя прыносіла. Дамагчыся максімальнага прыбытку ад вытворчасці гэтай прадукцыі, атрымаць дабаўленую вартасць і гэтыя грошы ўкласці ў мадэрнізацыю прадпрыемства, і ў першую чаргу, у аплату працы людзей. Таму што нашы людзі — гэта бясцэнны дар. У сельскай гаспадарцы назіраецца дэфіцыт кадраў, нам трэба прыцягнуць маладых спецыялістаў — вось гэта наша вялікая мэта, якая будзе актуальная для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў краіны», — адзначыў ён.
Віктар Шайбак адзначыў, што «Парахонскае» пакуль дасягнула лепшых вынікаў, чым «Агра-Ляскавічы». Але падабенства двух прадпрыемстваў у тым, што кармы, неабходныя для вытворчасці малака і мяса, вырошчваюцца на меліяраваных землях, якія маюць высокую бальнасць. «І сёння стаіць задача атрымаць якасныя травяністыя кармы з меліяраваных зямель. Плюс кукуруза, якую сёння вырошчваем на плошчы большай за 1700 гектараў, якая таксама ідзе на кармы. Вось гэта два складнікі падабенства гаспадарак, дзе працуюць працавітыя палешукі, — адзначыў ён. — Паляшук — гэта чалавек, які шукае поле. Вось яго знайшоў і на ім працуе. І шануе гэтую зямлю. Гэта найлепшыя людзі краіны».
Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў у размове з журналістамі падвёў вынікі камандзіроўкі. Што тычыцца дрэваперапрацоўкі, то па яго словах, актывізуецца выраб драўляных дамоў. Гэта станоўча паўплывае на развіццё сферы турызму, развіваць які на Прыпяці, беларускай Амазонцы, сам бог загадаў. Драўляныя канструкцыі могуць выкарыстоўвацца і пры мадэрнізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, спартыўных аб’ектаў. Юрый Назараў зрабіў акцэнт на тым, што перспектывы ў дрэваапрацоўцы вельмі вялікія. Што тычыцца пелет, то тут усё відавочна: яны простыя ў вытворчасці і выкарыстанні. «Трэба ісці больш рашуча, не чакаць, напрыклад, пакуль той кацёл на дровах зносіцца, а трэба яго мяняць — такія укладанні акупяцца хутчэй. А што тычыцца катлоў на газе, іх трэба пераводзіць у рэзервныя. Трэба максімальна выкарыстоўваць тое, што ёсць у нас, — мясцовыя віды паліва, у выглядзе шчапы ці пелет. А пелеты — гэта ўвогуле панацэя. Калі няма магчымасці падключыць электрычны кацёл, ці абаграваць газам, тады і мудрыць не трэба — загрузіў пелеты ў бункер катла — і ўсё. Гэта відавочная перспектыва, улічваючы наш лясны фонд», — падсумаваў Юрый Назараў.
Што тычыцца далейшага развіцця «Агра-Ляскавічы», то, па словах Юрыя Назарава, тут усё зразумела: для таго, каб атрымліваць грошы ад рэалізацыі малака і мяса, трэба стварыць умовы для ўтрымання жывёлы і працы людзей. І вельмі важнае пытанне — кармавая база. Тут аграрыі працуюць з Палескім інстытутам раслінаводства. Стаўка робіцца на шматгадовых травах, досвед «Парахонскага» паказаў правільнасць такога выбару.
Валерыя СЦЯЦКО
Ляскавічы