«Нараджэнне дзіцяці - гэта вялікае шчасце і самая доўгачаканая падзея для кожнай сям’і. Калі дзеці з’яўляюцца на свет у атмасферы любові, дабра і гармоніі, гэта лепшае, што можа здарыцца. У жыцці мы можам расстаўляць розныя прыярытэты, але з нараджэннем малога ўсведамляеш галоўнае: менавіта сям’я і дзеці — наша самае вялікае шчасце», — падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.
Ён паведаміў, што ў Дзень маці ў Віцебскай вобласці нарадзіліся 15 малых, у тым ліку ў Віцебскім абласным клінічным радзільным доме — 5.
Галоўны ўрач гэтай установы Алена Леановіч падзякавала за важкую фінансавую падтрымку: «Напярэдадні Дня маці мы атрымалі выдатны падарунак — новы, сучасны кювез для выходжвання нованароджаных. Гэта стала магчымым дзякуючы дэпутатам абласнога Савета, якія дадаткова выдзелілі сродкі на гэтыя мэты. Наша сумесная праца і падтрымка з боку кіраўніцтва вобласці дазваляюць медыкам аказваць высокакваліфікаваную дапамогу кожнай жанчыне і кожнаму дзіцяці ў нашым рэгіёне».

Прадстаўнікі Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» цёпла павіншавалі мам і ўручылі ім падарункі.
Жыхарка аграгарадка Кіраўская Ганна Валькевіч нарадзіла восьмае дзіця напярэдадні Дня маці. Цяпер у яе вялікай сям’і ідэальны баланс: чатыры сыны і чатыры дачкі. «Нараджэнне дзіцяці - гэта заўсёды новае шчасце. А наша восьмая малышка - самае вялікае сонейка, якое мы чакалі. Калі старэйшы сын даведаўся пра нараджэнне Лерачкі, ён нават расплакаўся ад радасці», — падзялілася эмоцыямі жанчына і падзякавала за падтрымку.
У гонар гэтай знамянальнай падзеі прадстаўнікі Беларускай партыі «Белая Русь» уручылі шчаслівай маме абярэг — традыцыйны куфэрак з нацыянальнай хрысцільнай кашуляй «Бацькава кашуля».
Таксама віншаванні прымалі жанчыны, якія сталі мамамі ў Дзень маці. У іх ліку апынулася і жыхарка Віцебска Анастасія Белахонава. «Я шчаслівая, што ў такое свята ў мяне з’явілася лачка. Гэта лепшы падарунак», — сказала яна.