Расійскі лідар Уладзімір Пуцін цёпла павіншаваў беларускага калегу з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах падчас тэлефоннай размовы.
Кіраўнікі дзяржаў таксама зверылі гадзіннікі па актуальных пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, абмеркавалі міжнародную тэматыку і графік маючых адбыцца кантактаў.
Ад імя ўрада Кітая і кітайскага народа шчырыя віншаванні з перамогай на выбарах выказаў Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.
«Рады чуць аб Вашым перавыбранні на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У апошнія гады мы з Вамі падтрымлівалі цесныя кантакты, сумесна распрацоўвалі і давалі арыенціры развіццю кітайска-беларускіх адносін, у выніку чаго нашы двухбаковыя адносіны выйшлі на найвышэйшы ў гісторыі ўзровень адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага. партнёрства», — гаворыцца ў віншаванні.
Сі Цзіньпін адзначыў, што паміж краінамі пастаянна ўмацоўваецца палітычны ўзаемадавер, сумеснае будаўніцтва ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» дасягнула плённых вынікаў, эфектыўна развіваецца шматбаковае супрацоўніцтва.
«Я надаю вялікае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін, гатовы з Вамі прыкладаць сумесныя намаганні для прадаўжэння традыцыйнай дружбы паміж Кітаем і Беларуссю, паглыблення двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, садзейнічання паступальнаму развіццю кітайска-беларускіх адносін на карысць народаў дзвюх краін».
Сі Цзіньпін пажадаў Аляксандру Лукашэнку моцнага здароўя і поспехаў у рабоце, дружалюбнай Беларусі — працвітання і магутнасці, а яе народу — шчасця і дабрабыту.
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура таксама павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах прэзідэнта.
«Я віншую нашых братоў і сясцёр, мужны беларускі народ, з якім мы ўстанавілі адносіны сапраўднага супрацоўніцтва і салідарнасці, заснаваныя на імкненні абедзвюх краін да незалежнасці, на смеласці і годнасці нашых народаў, іх рашучасці быць свабоднымі, незалежнымі і антыфашысцкімі. Гэта пераканаўчая і значная перамога, якая дэманструе рэальныя настроі ў Беларусі, якая аднадушна і без ваганняў ізноў выбрала на пасаду Прэзідэнта майго брата Аляксандра Лукашэнку», — гаворыцца ў віншаванні.
Таксама адбыліся тэлефонныя размовы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым, Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам МІрзіёевым. Акрамя віншаванняў з перамогай на выбарах калегі па СНД абмеркавалі з беларускім лідарам стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах.
Паступілі віншаванні і з сяброўскага Пакістана — ад Прэзідэнта Асіфа Алі Зардары і прэм’ер-міністра Шахбаза Шарыфа. У іх выказана спадзяванне і ўпэўненасць, што пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі двухбаковае супрацоўніцтва будзе і надалей умацоўвацца.
Павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах Прэзідэнта і Патрыярх Кірыл. «На працягу дзесяцігоддзяў вы самааддана служыце беларускаму народу, адстойваеце дзяржаўныя і нацыянальныя інтарэсы, клапоціцеся аб гарманічным сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, аб умацаванні асноў мірнага і шчаснага жыцця грамадзян. Прыемна, што ў сваім няпростым служэнні вы нязменна надаеце вялікую ўвагу духоўна-маральнаму стану грамадства і падтрымцы традыцыйных сямейных каштоўнасцяў», — адзначыў патрыярх. Ён выказаў спадзяванне на далейшае развіццё ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады краіны і Беларускай праваслаўнай царквы.
«В’етнам заўсёды ўважліва сочыць і з задавальненнем назірае за поспехамі, якіх дасягнуў пад Вашым кіраўніцтвам беларускі народ у справе сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўмацавання міжнародных пазіцый краіны, — гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта В’етнама Лыонга Кыонга. — В’етнам надае вялікае значэнне ўмацаванню і развіццю традыцыйнага сяброўства з Беларуссю і перакананы, што дзякуючы рашучасці лідэраў і народаў дзвюх краін шматграннае супрацоўніцтва паміж В’етнамам і Беларуссю будзе і ў далейшым прыносіць яшчэ больш вынікаў у імя агульных інтарэсаў двух народаў, у імя міру, стабільнасці і развіцця ў рэгіёне і свеце».
Павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах Прэзідэнт Туркменістана Сердар Бердымухамедаў. У віншаванні гаворыцца, што Туркменістан надае вялікае значэнне далейшаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва, якое традыцыйна грунтуецца на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі і даверу. «Глыбока перакананы, што пад Вашым мудрым і дальнабачным кіраўніцтвам Рэспубліка Беларусь дасягне яшчэ большых поспехаў, а нашы міждзяржаўныя адносіны выйдуць на якасна новы ўзровень», — адзначана ў віншаванні.
Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль Бермудэс у сваім віншаванні адзначыў, што перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах пацвярджае цвёрдую падтрымку беларускім народам яго кіраўніцтва, накіраванага на развіццё і дасягненне дабрабыту краіны.
Прыйшло віншаванне і з Нікарагуа — ад Прэзідэнта Хасэ Даніэля Артэгі Сааведры і віцэ-прэзідэнта Расарыё Мурыльё. У ім перамога Аляксандра Лукашэнкі названа «гістарычным трыумфам, які пацвярджае, што Вы з’яўляецеся Прэзідэнтам свайго мужнага народа, каб працягваць адыгрываць галоўную ролю ў барацьбе за новы, шматпалярны свет справядлівасці, братэрства і павагі».
У віншаванні Прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча выказана ўпэўненасць у тым, што дзяржаўнае майстэрства Аляксандра Лукашэнкі будзе садзейнічаць працвітанню краіны, а таксама развіццю двухбаковых адносін у галінах узаемнай цікавасці. «Асабліва хачу выказаць падзяку за прынцыповую пазіцыю і даказаную падтрымку Рэспублікі Беларусь і асабіста Вас у пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Рэспублікі Сербія», — падкрэсліў сербскі лідар.
Фота БелТА