У «Лабараторыі Касперскага» расказалі, якія паролі хакеры падбяруць за пару секунд, паведамляе ТАСС. І, мяркуючы па ўсім, пад пагрозай большасць радавых карыстальнікаў. Бо ўсё роўна, лікавы ў вас пароль, літарны або разнародны. Калі ў ім 5-7 знакаў, на ўзлом сыдуць лічаныя імгненні. Усё таму, што камп’ютэр з добрай відэакартай дазваляе зламысніку рабіць 15 млн спробаў падбору ў секунду.
«Ад даўжыні пароля ў раёне 15 сімвалаў пачынаецца ўжо прымальнае, у дрэнным для хакераў сэнсе слова, час — тысячы гадоў узлому. Калі даўжыня пароля — 16 знакаў і ў яго ўваходзяць вялікія і малыя літары, лічбы і спецыяльныя сімвалы, то гэты пароль лічыцца добрым», — заявіў галоўны эксперт «Лабараторыі Касперскага» Сяргей Галаванаў.
Пры гэтым ён прызнаў, што прымусіць выкарыстоўваць такія паролі, напрыклад ўсіх супрацоўнікаў адной кампаніі, даволі складана.
Самы дрэнны пароль
Па словах Галаванава, у апошнія 20 гадоў аднымі з самых папулярных (і, адпаведна, ненадзейных) пароляў з’яўляюцца слова «пароль» і яго варыяцыі, напрыклад «p@rol», «password», «par0l» і «paro1».Могуць быць і іншыя спосабы напісання. Аднак, як падкрэсліў Галаванаў, іх колькасць абмежаваная.
І існуюць нават спецыяльныя праграмы, якія прыдумляюць варыянты, здольныя прыйсці ў галаву чалавеку, і так падбіраюць «ключ» да вашых даных.