Дзень незалежнасці дэманструе нашу прыхільнасць гістарычнай памяці, нашым ідэалам, заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін пасля ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да манумента Перамогі, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, перадае БелТА.
«Дзень Незалежнасці не толькі сёння, але і заўсёды за ўвесь час свайго існавання як дзяржаўнага свята дэманструе нашу прыхільнасць гістарычнай памяці, нашым ідэалам, тым каштоўнасцям, за якія змагаліся нашы продкі. Павінен адзначыць, што сёння роўна 80 гадоў, як на сесіі Вярхоўнага Савета БССР праз год пасля вызвалення Мінска было прынята рашэнне, каб 3 ліпеня быў дзяржаўным святам. І ў 1996 годзе па ініцыятыве нашага Прэзідэнта ўжо на рэспубліканскім рэферэндуме ў суверэннай Беларусі гэты дзень атрымаў статус Дня Незалежнасці, — сказаў Вадзім Гігін. — Гэта значыць бачыце, якая традыцыя вялікая».
Па словах Вадзіма Гігіна, Дзень Незалежнасці — не толькі дзень, прысвечаны гісторыі: гэта дзень, накіраваны ў будучыню. «Паглядзіце, як прэзідэнт казаў 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе. Ён жа казаў пра перспектывы, пра тое, як развівацца краіне. Чаму столькі ўвагі цяпер надаецца моладзі? Таму што гэта менавіта тое пакаленне, якому трэба будзе працягваць будаваць Беларусь. І я б сказаў, што сёлетні Дзень Незалежнасці — гэта дзень пра будучыню Беларусі, пра нашы планы, пра нашы мары, пра тыя мэты, да якіх трэба прыйсці. Не проста захаваць нашу краіну, але і прымножыць яе і развіваць», — падкрэсліў Вадзім Гігін.