На базе аздараўленчага лагера «Крынічка» ў Валожынскім раёне прайшоў гала-канцэрт ІІІ Рэспубліканскага сямейнага фестывалю «РАЗАМ», арганізаванага ГА «Беларускі саюз жанчын» і прысвечанага Дню сям’і. Ён сабраў 19 творчых сем’яў з усіх рэгіёнаў краіны.
Вітаючы ўдзельнікаў, старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Тамара КРАСОЎСКАЯ адзначыла, што сэрца ў такі дзень перапаўняюць эмоцыі:
— Сям’я — галоўны абярэг, месца сілы, гэта тое, з чаго пачынаецца наша дзяржава. Таму чым больш шчаслівых сем’яў, чым больш моцных сем’яў, тым шчаслівей і мацней будуць наша грамадства і наша краіна. За тры гады фестываль аб’яднаў мноства сем’яў. Спадзяюся, вы будзеце сябраваць і перадаваць свой вопыт, любоў і сяброўства сваім дзецям.
Хочацца, каб нашы дзеці вучыліся на выдатных прыкладах, падкрэсліла намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ:
— Сямейны фестываль набірае абароты, сёння тут шмат моладзі. Многія з іх прыехалі на фестываль у якасці валанцёраў, але я ўпэўнена, што сем’і-ўдзельніцы стануць добрым прыкладам для іх. Магчыма, тыя хлопцы, якія толькі думаюць аб стварэнні сям’і, стануць у будучыні ўдзельнікамі фестывалю. Паглядзеўшы на гэтыя сем’і, яны падумаюць, што і самі так змогуць. Пажадана, каб нашы дзеці вучыліся на такіх выдатных прыкладах.
«Любоўю лечаць адзіноту людзей», — такія словы прагучалі ў песні шматдзетнага бацькі Аляксандра Фясько з Узды, якую ён разам са сваёй сям’ёй, дзе выхоўваюцца сямёра дзяцей, падрыхтаваў спецыяльна да ІІІ Рэспубліканскага сямейнага фестывалю. Іх нумар «Мая сям’я — мая краіна» нікога не пакінуў абыякавым.
— Мы называем гэту песню гімнам сям’і, і я як аўтар пастараўся ўкласці ў тэкст самае важнае, бо няма нічога найважнейшага ў жыцці, чым сям’я. Для мяне і жонкі Марыны гэта і праца, і вялікае шчасце! — адзначыў Анатоль Фясько.
Віктар ЛЮБІМАЎ