Мастацкая гімнастыка — спорт асаблівы: за лёгкасцю рухаў, грацыяй і пластычнасцю стаіць вялікая фізічная праца дзяўчат, цвёрдых духам. І тыя, хто прысвяціў жыццё гэтаму віду спорту, — далікатныя знешне і вельмі моцныя духам людзі, тут кожны лёс — непаўторны і дзіўны. Як прыклад — Анастасія Салас, якая днямі паставіла прыгожую кропку ў сваёй яскравай спартыўнай кар’еры.
Анастасія нарадзілася ў Барнауле, у гэтым жа расійскім горадзе пачала займацца мастацкай гімнастыкай. У 12 гадоў дзяўчынка пераехала ў Беларусь — тут адкрывалася больш перспектыў і магчымасцяў для самарэалізацыі ў спорце. Выступаючы за нацыянальную зборную Беларусі, Анастасія заваявала тры бронзавых медалі чэмпіянатаў свету (у 2019 і 2021 гадах), тры «бронзы» і два «серабра» чэмпіянатаў Еўропы, больш за дзесяць прызавых месцаў на этапах Кубка свету, а таксама «бронзу» Універсіяды-2025, выступала на Алімпійскіх гульнях 2020 года.
На XXІ Міжнародным турніры на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач Анастасія Салас стала чэмпіёнкай у мнагабор’і, перамагла ў практыкаваннях з абручом, мячом і булавамі. І гэта стала прыгожым завяршэннем яе спартыўнай кар’еры. «Дзякуй гледачам за падтрымку і ўсе апладысменты пасля самых складаных элементаў, вы былі часткай майго вялікага і прыгожага шляху. Дзякуй маім дзяўчынкам з каманды, з якімі мы разам плакалі ў раздзявалцы і смяяліся да слёз на зборах. Дзякуй трэнерам і харэографам, якія верылі ў мяне больш, чым я сама. Вы ляпілі з маленькай, спалоханай дзяўчынкі спартсменку і моцнага чалавека. Дзякуй дактарам і масажыстам, якія вярталі мяне да жыцця пасля самых страшных траўм. Без вас ніводная перамога не была б магчымай. Дзякуй, Беларусь, за тое, што верыла ў мяне, за той гонар, які я адчувала, выходзячы на спаборніцтвы пад нашым сцягам. Неверагодна ганарова было спяваць наш дзяржаўны гімн, стоячы на п’едэстале і прадстаўляючы нашу краіну на сусветнай арэне. Я спадзяюся, што змагла апраўдаць ускладзены на мяне давер і ў мяне атрымалася пакінуць след у гісторыі мастацкай гімнастыкі. Жыццё толькі пачынаецца. Я стаю на парозе новага этапу і гатовая перадаваць свой вопыт і любоў да гэтага віду спорту далей, ужо ў ролі трэнера», — сказала Анастасія Салас.
Поспехаў на новым жыццёвым этапе спартсменцы пажадалі намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Бараўля, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «На жаль, у спорце так бывае, што надыходзіць час, калі трэба рухацца далей. Сёння такі дзень для нашай любімай Анастасіі Салас — далікатнай, пяшчотнай, чароўнай і таленавітай спартсменкі з моцным унутраным стрыжнем. Цяжка казаць, што ты завяршаеш кар’еру пасля ўсіх дасягненняў і выдатных выступленняў, якія зачароўваюць сваёй гармоніяй, здзіўляюць чысцінёй і заўсёды вылучаюцца высокай складанасцю элементаў. Многія з іх унікальныя — у свеце выконваеш іх толькі ты, — падкрэсліў кіраўнік НАК. — Ты ўжо стала выдатным прыкладам для многіх юных грацый у Беларусі і ва ўсім свеце. Упэўнены, працягнеш натхняць іх і далей, перадаючы свой выключны досвед. Няхай перад табой адкрываюцца цікавыя перспектывы і новыя гарызонты».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА