Беларускія спартсменкі засталіся без узнагарод чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы сярод юніёраў, які праходзіць у сталіцы Балгарыі Сафіі, паведамляе БелТА.
Нашу каманду на турніры прадставілі дзве спартсменкі. Кіра Бабкевіч не прайшла адбор у практыкаваннях з абручом і булавамі, а ў кваліфікацыі з мячом паказала шосты вынік сярод 68 дзяўчат і трапіла ў нядзельны фінал. За сваё выступленне 22 чэрвеня беларуска атрымала 25,350 бала і заняла чацвёртае месца. Ад бронзавай медалісткі Ніты Джамагідзэ з Грузіі Бабкевіч аддзялілі ўсяго 0,2 ачка.
Перамогу ў фінале з мячом атрымала Акмарал Еракешава з Казахстана (26,150), Серабро заваявала кітаянка Ван Цы (25,950). Усяго юніёрскі планетарны форум сабраў каля 400 грацый з 72 краін. Яшчэ адна наша спартсменка Анастасія Ільенка размясцілася на 30-м радку па выніках кваліфікацыі ў практыкаванні са стужкай.