Беларуска Кіра Магарэвіч стала прызёрам трэцяга этапа сусветнага Кубка выкліку па спартыўнай гімнастыцы, які прайшоў у сталіцы Узбекістана Ташкенце, паведамляе БелТА.
У заключны дзень спаборніцтваў Магарэвіч стала прызёрам у вольных практыкаваннях. Наша спартсменка набрала 12,200 бала і заняла трэцяе месца сярод васьмі ўдзельніц фіналу. Перамогу з вынікам 12,350 ачка атрымала харватка Антэа Шыкіч Каучыч, серабро дасталася Хільдур Гудмундсдоцір з Ісландыі (12,250). Яшчэ адна наша спартсменка Анастасія Сманцэр размясцілася пятай (12,100).
Таксама ў суботу, 21 чэрвеня, Магарэвіч замкнула васьмёрку фіналістак у практыкаванні на бервяне. Бронзавы медаль Кіры стаў для беларускай каманды першай узнагародай Кубка выкліку 2025 года і пятым — у сусветнай серыі FIG цяперашняга сезона. Раней тры медалі ў розыгрышы Кубка свету заваяваў Ягор Шарамкоў (1-1-1), таксама золата на адным з этапаў здабыла Алена Цітавец.
Усяго фіналістамі этапа Кубка выкліку ў Ташкенце былі чацвёра беларускіх гімнастаў. Мікіта Парфяновіч заняў пятае месца ў практыкаванні на кані, а Алег Цясельскі стаў шостым у вольных практыкаваннях. Наступныя этапы турніру пройдуць у верасні ў Францыі і Венгрыі.