Top.Mail.Ru

Гістарычная праўда пад абаронай: у Мінску абмеркавалі фальсіфікацыю фактаў вайны

Другая сусветная вайна — рана, якая да сёння крывавіць у нашай памяці. І, на жаль, знаходзяцца тыя, хто спрабуе нашу рану расцерабіць праз перайначванне гісторыі дзеля сваіх мэтаў. Але ці магчыма перапісаць мінулае? І хто, уласна, гэтым займаецца? У Мінску ўдзельнікі мерапрыемства пад назвай «Фальсіфікацыя гісторыі: хто стаіць за скажэннем фактаў пра Другую сусветную вайну?» абмеркавалі прычыны і наступствы скажэння гістарычных падзей і прэзентавалі манаграфію «Гістарычны падлог: хто і як скажае праўду пра Другую сусветную вайну».


У сучасным свеце, калі геапалітычная сітуацыя перажывае тэктанічныя зрухі, а канфлікты разгараюцца ў розных кутках планеты — войны на Блізкім Усходзе, нестабільнасць у Ціхаакіянскім рэгіёне — праўда набывае асаблівую каштоўнасць. Бо менавіта тыя, у чыіх руках яна будзе, будуць вызначаць будучыню свету. 

— Мы ўвайшлі ў такі перыяд, калі ёсць неабходнасць абараняць праўду. Яна настолькі важная, што без яе немагчыма далейшае развіццё. Таму што менавіта праўда закладзена ў ідэалогію дзяржаў, у культуру народаў. І дзякуючы яе наяўнасці, краіны ва ўсім свеце могуць развівацца. А калі праўда падмачавана гістарычнымі фактамі, то гэтыя народы здзяйсняюць эвалюцыйныя крокі. Цяпер жа мы назіраем, як гэтую праўду ў нас хочуць выкрасці, — перакананы палкоўнік, намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Віктар Тумар.

Калі ў мінулым праўду абаранялі са зброяй у руках, то зараз — словам, падмацаваным навуковымі даследаваннямі. Менавіта таму была створана манаграфія «Гістарычны падлог: хто і як скажае праўду пра Другую сусветную вайну», якая стала вынікам маштабнай навукова-даследчыцкай работы, замоўленай пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба. 

— Гэтая кніга — не проста падручнік гісторыі або пералік гістарычных фактаў. Гэта магутная аналітычная праца, у якой ёсць прагноз будучыні. Забраць у нас праўду — значыць ускласці адказнасць на нас за тыя бясчынствы, што рабіліся на нашай зямлі, — адзначае Віктар Тумар.

Так, у манаграфіі прыводзяцца дадзеныя апытанняў, паводле якіх большасць еўрапейцаў упэўнены (Францыя — 60%, Германія — 50%), што перамаглі ў Другой сусветнай вайне ЗША, а не савецкія войскі, якія вызвалілі адзін мільён квадратных кіламетраў еўрапейскай тэрыторыі, на якой пражывала 113 мільёнаў тагачаснага насельніцтва. Тым самым яшчэ з часоў Халоднай вайны адбываецца працэс пераканання насельніцтва ў тым, што праўда за імі, што перамогу атрымалі менавіта яны. А сёння гэты працэс актыўна пачынае набіраць тэмп.

Нястрымная фальсіфікацыя гісторыі Другой сусветнай вайны на Захадзе выкарыстоўваецца для дасягнення ўласных мэтаў. Напрыклад, сусветнае памяншэнне ролі савецкага народа і Чырвонай Арміі ў разгроме нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. Замест прызнання вырашальнага ўкладу Савецкага Саюза на Захадзе прасоўваецца тэорыя «вырашальных бітваў», у якіх удзельнічалі англа-амерыканскія войскі, такіх як высадка ў Сіцыліі, аперацыя «Аверлорд» і атамная бамбандзіроўка Хірасімы і Нагасакі. І толькі зрэдку згадваецца Сталінградская бітва, а бітвы пад Масквой, Курскам, аперацыя «Баграціён» «вырашальнымі» зусім не лічацца.

Пры гэтым замоўчваецца той факт, што 75% тэхнікі і жывой сілы праціўніка былі знішчаны менавіта на савецка-германскім фронце. 

— Агульная карціна, якая ствараецца заходняй прапагандай, зводзіцца да таго, што ўсё вялікае ў вайне было дасягнута дзякуючы намаганням амерыканцаў. І гэта, нягледзячы на тое, што Чэрчыль і Рузвельт публічна і шматразова заяўлялі, і пасляваеннае кіраўніцтва таксама, што якраз Чырвоная Армія знішчыла больш ворагаў, чым астатнія дзяржавы ААН разам узятыя, — адзначае галоўны супрацоўнік НДІ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, аўтар манаграфіі Валерый Сураеў.

сураеў.jpg

Аднак, акрамя прыпісвання сабе чужых заслуг, Савецкі Саюз прыпадабняецца да «людаедскай нацысцкай дзяржавы». Менавіта яму ставіцца ў віну развязванне Другой сусветнай вайны, пры гэтым замоўчваецца дапамога заходніх краін, якую тыя аказвалі Германіі ў стварэнні яе ваенна-эканамічнага патэнцыялу. Такім чынам, хлусня аб вайне стала зброяй. Зброяй масавага паражэння духоўна-маральных якасцяў.

Сёння кніга выдадзена абмежаваным тыражом і распаўсюджваецца толькі ў ваенных навучальных установах, бібліятэках і некаторых ВНУ. Але, улічваючы яе значнасць і актуальнасць, плануецца давыданне, якое зробіць яе даступнай для больш шырокай аўдыторыі.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю