Top.Mail.Ru

«Гістарычны мінімум за апошнія 20 гадоў». Інфляцыя ў Беларусі за I паўгоддзе склала 2,9%

У Беларусі інфляцыя за першае паўгоддзе склала 2,9% — гэта гістарычны мінімум за апошнія 20 гадоў. Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Іваноўская, перадае БелТА.


«Па выніках першага паўгоддзя 2026 года на спажывецкім рынку забяспечана цэнавая стабільнасць. Прырост індэкса спажывецкіх цэн у чэрвені 2026 года да снежня 2025-га склаў 2,9%. Гэта значыць у сярэднім па краіне за паўгода цэны выраслі на 2,9%, што з’яўляецца гістарычным мінімумам для гэтага часавага адрэзка за апошнія 20 гадоў», — сказала Ірына Іваноўская.

Харчовыя тавары ў сярэднім па краіне за мінулыя шэсць месяцаў падаражэлі на 1,8%, нехарчовыя — на 1,5%. «Асноўны драйвер інфляцыі па выніках паўгоддзя — паслугі. Яны падаражэлі на 6,7%. Іх уклад у індэкс спажывецкіх цэн — 1,6 працэнтнага пункта, або 55% усёй інфляцыі. У тым ліку 1,4 працэнтнага пункта — пастаянна рэгулюемыя паслугі: жыллёва-камунальныя, сувязь, пасажырскі транспарт і гэтак далей. Такім чынам, амаль 48% усёй інфляцыі абумоўлена адміністрацыйным павышэннем тарыфаў і цэн у стратэгічна значных для дзяржавы галінах», — адзначыла прадстаўнік МАРГ.

Роскід індэксаў спажывецкіх цэн па рэгіёнах склаў 1,2 працэнтнага пункта, што ўказвае на адсутнасць выразных рэгіянальных дыспрапорцый і аднароднасць росту цэн ва ўсіх абласцях. Найменшы прырост цэн зафіксаваны Белстатам у Мінскай вобласці — 2,2%, найбольшы ў Гродзенскай — 3,4%.

«Трэнд на запаволенне росту цэн у Беларусі фіксуецца з пачатку гэтага года. Так, у снежні 2025 года гадавая інфляцыя складала 6,8%, а да чэрвеня яна запаволілася да 4,3%. Гадавы прырост цэн у чэрвені па асобных кампанентах інфляцыі склаўся наступным чынам. У прыватнасці, плодаагароднінная прадукцыя, цэны на якую з’яўляюцца валацільнымі і ў перыяд міжсезоння часта растуць, за апошнія 12 месяцаў патаннела на 10,9%, гэтаму садзейнічалі своечасова прынятыя рашэнні на дзяржаўным узроўні — перавод стабфондаў у сістэму дзяржзаказу, цэнавае рэгуляванне, прадугледжанае пастановай урада нумар 713, а таксама спрыяльная кан’юнктура знешняга рынку. У многім дзякуючы намаганням Нацыянальнага банка і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю базавая інфляцыя запаволілася да 4,8% з 7,3% ў снежні 2025 года», — рэзюмавала прадстаўнік МАРГ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю