Top.Mail.Ru
310

Гісторык назваў яшчэ адну прычыну, чаму Трампу важна наведаць Беларусь і, у прыватнасці, Навагрудак

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк патлумачыў, чаму сям’і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа варта было б наведаць Беларусь і, у прыватнасці, Навагрудак, каменціруючы яго сённяшнюю тэлефонную размову з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.


Як паведамлялася, беларускі лідар запрасіў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прыехаць з сям’ёй у Беларусь, і гэта запрашэнне было прынята. 

«Мала хто ведае, што зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — Джарэд Кушнер паходзіць з сям’і, карані якой маюць прамое дачыненне да нашага старажытнага Навагрудка. Таму што менавіта яго прадзед Зейдэль павінен быў бы падзяліць лёс навагрудскіх яўрэяў разам з усімі астатнімі яўрэямі, якія трапілі ў гета. Гэтая дзіўная гісторыя знайшла адлюстраванне ў тым ліку і ў галівудскім фільме. Сэнс яе ў тым, што яўрэі Навагрудскага гета, каб выратавацца, выкапалі тунэль, праз які вырваліся. У тым ліку і прамыя продкі Кушнера. Менавіта тады ў гады акупацыі продкі цяперашняга Джарэда Кушнера змагаліся ў партызанскім атрадзе, гераічна змагаліся. Яго прадзед ваяваў, яго прабабуля выратавалася ў гэтым атрадзе. І потым ужо пасля заканчэння вайны яны эмігравалі ў Злучаныя Штаты. На сённяшні дзень, дарэчы, Кушнер — гэта адно з самых знакавых прозвішчаў, якое вызначае шмат у чым парадак той часткі Амерыкі, якая з’яўляецца яўрэйскай», — адзначыў дэпутат.

«У 2007 годзе Кушнеры былі ў Навагрудку, яны прыязджалі туды на адкрыццё музея. У 2016 годзе прыязджаў таксама бацька Джарэда Кушнера — Чарльз. Ён прывёз сваіх унукаў, вадзіў іх па музеі, уладкаваным у бараку гета, дзе жылі яго продкі да ўцёкаў. Яны прайшлі па ўсіх тых мясцінах, якія былі звязаны з гісторыяй іх роду, сустрэліся з жыхарамі Навагрудка. Потым сям’я Кушнераў выдзеліла больш за $36 тыс.на будаўніцтва сцяны памяці на тэрыторыі былога гета. На сённяшні дзень гэтая сцяна ёсць. У Наваградку ёсць Музей яўрэйскага супраціўлення. І тое, што ён ёсць, — тут мы выразна бачым уклад сям’і сваякоў Трампа, — падкрэсліў Ігар Марзалюк. — Гэта такі беларускі сюжэт, які звязвае сваякоў Трампа з нашай зямлёй, гісторыяй, і самае галоўнае, што гэтыя людзі бралі ўдзел у антыфашысцкім руху, змагаліся ў партызанскім атрадзе, сумесна з беларусамі знішчалі тую нечысьць, якая сёння апанентамі нашай улады абвяшчаецца „сапраўднымі патрыётамі“ Беларусі. Таму што гэтым людзям давялося супрацьстаяць тым калабарацыяністам, паліцаям, якія разам з гітлераўцамі знішчалі яўрэйскае насельніцтва Наваградчыны».

Дэпутат нагадаў, што да пачатку Першай сусветнай вайны беларускія сяляне, у першую чаргу беларускія мужчыны, ездзілі ў Амерыку на заробкі. «Упершыню ўраджэнцы Беларусі выехалі ў ЗША ў 1883 годзе. Гэта былі маладыя мужчыны з Ашмянскага і Вілейскага павета Віленскай губерні. Потым з Гродзенскай губерні выязджалі. У 90-х гадах XIX стагоддзя з Мінскай губерні. У пачатку XX стагоддзя — з Магілёўскай і Віцебскай. Прычым, хацелася б заўважыць, што многія не пераязджалі, як цяпер кажуць на ПМЖ, а вельмі часта ездзілі на пэўны тэрмін ад 3 да 5 гадоў з мэтай заробку. Потым куплялі зямлю, сельскагаспадарчыя машыны, жывёлу. Цікава, што пад Оршай вёска Амерыка была заснаваная тымі, хто вярнуўся дадому з гэтымі грашыма».

«Першае беларускае таварыства было створана ў 1913 годзе ў мястэчку Гранд-Рэпідз (штат Мічыган). У 1921 годзе ў Чыкага беларускія эмігранты Янка Чарапук, Трафімавіч і Чопка стварылі Беларускі нацыянальны камітэт, галоўнай задачай якога абвяшчалася аб’яднанне чыкагскіх беларусаў, гэта сведчанне таму, што іх было ў 1921 годзе не так ужо і мала. І ў гэты ж час у Нью-Ёрку ў сакавіку 1921 года была створана арганізацыя з аналагічнай назвай. І 6 мая 1921 года члены камітэта правялі першы масавы сход беларусаў Нью-Ёрка і яго ваколіц. Гэтыя арганізацыі ў першую чаргу аб’ядноўвалі тых, хто выехаў з-за розных прычын, у тым ліку звязаных з грамадзянскай вайной, ліхалеццем, тых, хто марыў вярнуцца і як мог дапамагаў сваёй краіне», — дапоўніў Ігар Марзалюк.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю