«Працаваць не страшна!»
У сучаснай Беларусі актыўна падтрымліваюць традыцыі студатрадаўскага руху, які зарадзіўся ў СССР. Нягледзячы на тое, што свет моцна змяніўся, кожны год байцы адпраўляюцца на працу. Пагаварылі з Разаліяй ЖАДЗЬКО, якая ўжо тры гады запар далучаецца да працоўнага лета.
З першага курса
Разалія вучыцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы на факультэце псіхалогіі, цяпер яна на трэцім курсе і ўжо з першага года навучання далучылася да студатрадаўскага руху. Дзяўчына стала часткай педагагічнага атрада. Хацела патрапіць на працу менавіта ў «Зубраня», бо адпачывала там, будучы школьніцай. Разалія заўсёды з цікавасцю назірала за працай важатых і іншых супрацоўнікаў лагера.
— Вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што ёсць магчымасць адправіцца на працу ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», таму што гэта месца — мая вялікая любоў. Было вельмі незвычайна прыехаць туды ў новым статусе і стаць калегай супрацоўнікаў лагера. Ім не верылася, што зусім нядаўна я адпачывала ў іх, а цяпер прыехала працаваць. Гэта крутая магчымасць, ёсць нямала плюсоў. Атрымліваем заробак, і ў байцоў паніжаны падаходны падатак. Паколькі пражываем на тэрыторыі лагера, мы забяспечаны харчаваннем. Насамрэч гэта важна, бо праца з дзецьмі патрабуе шмат часу.
Шмат плюсоў
Але матэрыяльныя даброты Разалія ўсё ж ставіць на другое месца і падкрэслівае важнасць вопыту працы. Сучасны свет вельмі дынамічны, і часу на разварушванне не так шмат, а працоўнае лета дазваляе зразумець, што такое сапраўдная дарослая работа.
— Працаваць не страшна! Па-іншаму пачынаеш глядзець на шмат якія рэчы, бо ў цябе з’яўляецца адказнасць. Так, мы не адны, пад наглядам універсітэта і БРСМ, але яны не зробяць за нас нашу працу. І кожны кірунак мае свае асаблівасці, якія трэба ўлічваць. Спецыфіка педагагічных атрадаў — у рабоце з дзецьмі.
Асабіста я важатая ў малых, яны цудоўныя, але пры гэтым ёсць свае цяжкасці. Важна не баяцца задаваць пытанні, раіцца. Толькі праз дыялог можна знайсці аптымальнае вырашэнне таго ці іншага пытання.
Акрамя таго, дзяўчаты і хлопцы вучацца будаваць адносіны ў калектыве, трымаць субардынацыю і іерархію, што таксама важна ў працоўным працэсе. І пасля заканчэння ўніверсітэта ўсе гэтыя моманты не становяцца сюрпрызам. Таксама Разалія гаворыць аб тым, што ў яе пашырылася кола знаёмстваў. Амаль у кожным горадзе ў яе ёсць людзі, з якімі можна пабачыцца. Такая шырокая камунікацыя прыносіць шмат плюсоў.
— Студатрады — гэта яшчэ вялікая супольнасць аднадумцаў. Я як баец магу ўдзельнічаць у самых розных мерапрыемствах, злётах. Мне нават пашчасціла пабываць на рэспубліканскім закрыцці працоўнага семестра, дзе быў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У мяне засталіся неверагодныя ўражанні пасля гэтага мерапрыемства. Па сваёй ініцыятыве прайшла навучанне ў школе кіраўнікоў працоўных праектаў. Думаю, хоць бы раз абавязкова трэба далучыцца да працоўнага лета. Для многіх гэта спачатку проста спосаб заробку, але потым ты паступова ўліваешся ў гэты рух, і ён становіцца для цябе нечым большым.
У гэтым годзе Разалія ўвайшла ў склад педагагічнага атрада «Венера» імя Г. М. Ліпкіна і прэтэндуе на пасаду камандзіра. Ёй цікава паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка і набыць карысныя для сябе навыкі.
Рост папулярнасці
Як расказала другі сакратар абласнога камітэта БРСМ Наталля СТАНЮКЕВІЧ, сёлета для моладзі арганізавана 10 000 працоўных месцаў. Гэта ўнікальная магчымасць не толькі зарабіць, але і атрымаць прафесійны досвед, паўдзельнічаць у цікавых праектах:
— Па вопыце мінулых гадоў, найбольш запатрабаваным кірункам з’яўляецца сельскагаспадарчы. Працы тут заўсёды многа, і студэнцкія атрады актыўна ўліваюцца ў гэту сферу. Таксама кірунак папулярны ў непаўналетняй моладзі. Мэта не толькі ў тым, каб даць магчымасць зарабіць, але і ў тым, каб школьнікі і студэнты атрымалі вопыт і былі задзейнічаны ў важнай справе. Акрамя працы, у праграме — ідэалагічныя і патрыятычныя мерапрыемствы. Напрыклад, абавязкова ўключаем інфармацыйную хвілінку па азнаямленні з біяграфіяй героя, чыё імя носіць атрад. У гэтым годзе прапануецца называць атрады імёнамі выдатных беларускіх жанчын, — расказала Наталля Станюкевіч.
Сёлета абласной маладзёжнай будоўляй стане шматфункцыянальны спартыўны комплекс у Гродне. Цяпер вядуцца перагаворы аб колькасці месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. Праца хутка пачнецца. Дарэчы, Гродзенская вобласць — адзіная, якая рэалізуе свой абласны вытворчы праект «ВітамінКо». Прымаючая арганізацыя — Гродзенскі кансервавы завод. У рамках праекта на прадпрыемстве паралельна працуе некалькі студэнцкіх атрадаў.
Рух студэнцкіх атрадаў становіцца ўсё больш папулярным, сведчыць Наталля Станюкевіч. Летась у Гродзенскай вобласці працавалі 633 атрады, у якіх было задзейнічана больш як 9 тысяч чалавек.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва гераіні