Top.Mail.Ru

Гісторыя гродзенкі, якая з дзяцінства хацела служыць у міліцыі. І служыць!

Ганну Станкевіч лепш за ўсё апісвае выраз «Бачу мэту — не бачу перашкод». З васьмі гадоў дзяўчына хацела працаваць у міліцыі. Мара дзіцяці стала дарослым рашэннем. Пагаварылі з маладым сяржантам аб яе працоўных буднях. Спойлер: усё не так проста, як можна падумаць.



Ганна родам з Гродна, зараз працуе ў Свіслацкім аддзеле Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС. Яе месца службы — ахоўны пост будынка райвыканкама. Сочыць за парадкам, праводзіць надгляды, правярае дакументы.

— Мая адказнасць — бяспека людзей. Трэба быць гатовым да ўсяго. Захоўваю самавалоданне, сачу за абстаноўкай і табельнай зброяй. На шчасце, сур’ёзных здарэнняў не было, — дзеліцца суразмоўніца.

Падарунак на дзень нараджэння

Сяржант Станкевіч — 20-гадовая дзяўчына далікатнага целаскладу, але ўражанне крохкасці ў выпадку з ёй падманлівае. У маёй суразмоўніцы карычневы пояс па дзюдо, яна валодае прыёмамі самаабароны. Ганна здольная справіцца з праціўнікам, які ў тры разы большы за яе. Сярод яе спартыўных дасягненняў чатыры кубкі, больш за 40 медалёў, звыш 100 дыпломаў. Васьмікласніцай заваявала першае месца ў вагавой катэгорыі звыш 63 кг на рэспубліканскім турніры. Значных поспехаў дасягала ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, у тым ліку стала пераможцай міжнароднага турніру па дзюдо «Кубак Юртава». У сувязі з гэтым пытаюся: чаму выбрала службу?

— Не скажу, што выбар паміж службай і спортам даўся лёгка, але не шкадую, што абрала пагоны. Марыла пра гэта з васьмі гадоў. Пасля школы хацела паступіць у Магілёўскі інстытут МУС. Не прайшла медкамісію з-за зроку. Зрабіла лазерную карэкцыю і не стала чакаць новай уступнай кампаніі — у той самы дзень, калі споўнілася 18 гадоў, адправілася на пошукі работы.

Дзяўчыне прапанавалі службу ў горадзе Свіслач. Ганна адразу пагадзілася. Сям’я рашэнне падтрымала. На працягу 3,5 месяца Ганна вучылася ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў. Потым паступіла ў Міжнародны інстытут эканомікі і права.

— ВНУ знаходзіцца ў Расіі. Навучаюся на крымінальна-прававым профілі. Вучыцца вельмі цікава! Схлушу, калі скажу, што ўсё даецца лёгка. Трэба вучыць на памяць вялізныя масівы звестак, ведаць артыкулы з кодэксаў, — прызнаецца сяржант. — Аднак на службе гэта дапамагае дзейнічаць дакладна па інструкцыях і тлумачыць грамадзянам, чым супрацоўнік кіруецца пры выкананні сваіх абавязкаў.

Падабаецца быць моцнай

b5d08ed1a778c7339d141183dc62dd22.jpg

Калі Ганна расказвае пра сваю працу, яе вочы гараць, і мне хочацца даведацца, у чым тут сакрэт.

— Мне падабаецца быць моцнай, здольнай у любой сітуацыі абараніць тых, хто побач. Прыемна быць карыснай грамадству. Калі будуць уласная сям’я і дзеці, то хочацца быць для іх прыкладам. Акрамя таго служба ў міліцыі дае сацыяльныя гарантыі з боку дзяржавы. Ды і ў цэлым лічу, што прафесія мне падыходзіць.

Ганна расказвае, што яе характар загартаваўся яшчэ ў дзяцінстве. У школе яна сутыкнулася з булінгам...

— Бацька ад нас з мамай сышоў. Трэба было мець шмат сіл, каб спраўляцца. І я старалася быць для мамы апорай, дапамагаць ёй ва ўсім, — дадае дзяўчына.

Сяржант лічыць, што ўсё, што адбываецца ў яе жыцці, — да лепшага. Нават непрыемная сітуацыя нечаму вучыць, дазваляе зрабіць пэўныя высновы.

— Важна рухацца наперад, нягледзячы ні на што. Будую сваё жыццё сама, лічу, што чалавек можа скарыць любыя вышыні. Трымаюся дакладнага планавання і прынцыпу «не сядзі без справы». А яшчэ імкнуся цаніць тое добрае, што маю, — усміхаецца сяржант.

Ганна піша вершы і прымае актыўны ўдзел у жыцці працоўнага калектыву. Служба ў Дэпартаменце аховы МУС дазваляе не толькі расці па кар’ернай лесвіцы, але і рэалізавацца ў іншых кірунках. Нядаўна дзяўчына ўдзельнічала ў абласным этапе конкурсу «Міс ахова — 2025». У найбліжэйшых планах — атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць афіцэрам.

photo_2025-07-09_13-44-23.jpg

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.

Фота з архіва Ганны Станкевіч.

г. Свіслач.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю