Афіцэрская дынастыя Руткевічаў налічвае тры пакаленні, на падыходзе — і чацвёртае. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з бацькам Уладзімірам і сынам Сяргеем Руткевічамі. Яны падрабязна расказалі пра сваю службу, няпросты шлях да вялікіх пагонаў, а таксама пра тое, што паўплывала на іх прафесійны выбар.
Сваякі заўсёды былі добрым прыкладам
На выбар будучай прафесіі начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Маладзечанскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Сяргея Руткевіча паўплывалі яго сваякі. Дзядуля афіцэр, якога таксама звалі Сяргей, прыступіў да службы ўчастковым адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. «Я добра памятаю, як у дзяцінстве ён часта расказваў мне самыя розныя гісторыі пра службу ў органах унутраных спраў, — кажа Сяргей Руткевіч. — Мой бацька таксама прысвяціў усё сваё жыццё ахове правапарадку. Яны сталі для мяне сапраўдным прыкладам. І таму калі ў 2000 годзе ў мяне паўстала пытанне аб тым, куды ўсё ж такі пайсці далей, кім я хачу быць, практычна адразу знайшоўся адказ. Прайшоўшы ўсе медыцынскія камісіі, я атрымаў накіраванне ад Маладзечанскага РАУС для паступлення ў Акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт. Аднак у той год названы факультэт чамусьці скараціў свой набор, таму я і яшчэ некалькі чалавек апынуліся па-за бортам. Тады нам прапанавалі памяняць выбар і паступіць на крымінальна-выканаўчы факультэт Акадэміі. Мой бацька ацаніў і гэта, паколькі сам тады ўзначальваў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Маладзечанскага РАУС».
Пасля заканчэння Акадэміі МУС
Сяргей Руткевіч трапіў на службу ў Чэрвеньскі раён. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай Ірынай. «Так атрымалася, што Ірына таксама па размеркаванні пасля заканчэння Барысаўскага медыцынскага вучылішча трапіла працаваць у Чэрвеньскі раён, — расказвае афіцэр. — Больш таго, мая папраўчая калонія і яе медустанова знаходзіліся на адной вуліцы. Мы, маладыя спецыялісты, жылі нават у адным інтэрнаце. Там пазнаёміліся, цяпер выхоўваем дваіх сыноў. Старэйшаму Ягору ўжо 17 гадоў. Ён скончыў школу з залатым медалём і таксама, можна сказаць, пайшоў па шляху сваёй сям’і: паступіў на юрыдычны факультэт БДУ па мэтавым накіраванні ад нашага следчага камітэта. Малодшаму сыну пакуль 12 гадоў. У яго яшчэ ўсё наперадзе».
Праз год службы на Чэрвеньшчыне Сяргей Руткевіч перавёўся ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 38, што знаходзілася на тэрыторыі Маладзечанскага раёна. Пачынаў звычайным оперупаўнаважаным і даслужыўся да намесніка начальніка ўстановы. Затым перавёўся ў Маладзечанскае РАУС у аддзяленне па наркакантролі. У 2018 годзе Сяргею Уладзіміравічу прапанавалі ўзначаліць ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён і прапрацаваў больш за год.
«Затым начальнік аддзялення па наркакантролі Маладзечанскага РАУС пайшоў на павышэнне, тады мне прапанавалі заняць яго месца, — удакладняе падпалкоўнік міліцыі. — З 2019 года я ўзначальваю гэтае невялікае, але вельмі важнае падраздзяленне. Сёлета будзе роўна 25 гадоў, як я працую ў органах унутраных спраў. Наша работа вельмі цікавая. Яшчэ калі вучыўся ў Акадэміі МУС, бачыў сябе менавіта ў аператыўнай рабоце. Мне заўжды хацелася больш руху, такой міліцэйскай рамантыкі, займацца расследаваннямі, стаяць на варце жыцця людзей».
Па словах афіцэра, у наркакантролі ёсць свая спецыфіка. «Мы займаемся не толькі наркотыкамі, але і палавымі злачынствамі, здзейсненымі супраць непаўналетніх, — удакладняе ён. — Сітуацыя па наркотыках застаецца пад кантролем. Няма рэзкіх скокаў уверх або велізарнага зніжэння ўніз».
Служба ў міліцыі — мара дзяцінства
Бацька галоўнага героя — маёр міліцыі ў адстаўцы Уладзімір Руткевіч — з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Яго бацька Сяргей таксама стаў для яго сапраўдным прыкладам. «Спачатку мне давялося адслужыць тэрміновую службу, таму што да арміі нельга было ні паступаць, ні працаваць, — узгадвае ён. — Пасля арміі паступіў на службу радавым міліцыянерам, а затым — у сярэднюю школу міліцыі імя Фрунзэ. Скончыў працоўную дзейнасць на пасадзе начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Затым яшчэ 10 гадоў прапрацаваў у ДАІ. Так што агульны стаж у МУС — каля 40 гадоў. Я не настойваў, каб мой сын пайшоў па маіх слядах. Гэта было цалкам яго рашэнне, якое я з задавальненнем падтрымаў».
Калегі Сяргея, якія ведаюць яго бацьку Уладзіміра, часта пытаюцца, ці не адправіў ён сына ў Акадэмію МУС мэтанакіравана. «Вядома, яго аповеды пра службу моцна паўплывалі на мяне. Аднак канчатковае рашэнне заставалася за мной. Ён падтрымаў мяне ў гэтым, — расказвае Сяргей Руткевіч. — Затым я стаў паціху рухацца па кар’ернай лесвіцы, стаў набліжацца да званняў дзеда і бацькі, а потым ужо і перасягнуў іх. Можа быць, мой сын і мяне пераскочыць калісьці».
Дзядулю галоўнага героя Сяргею Руткевічу давялося служыць у складаныя часы. Пасляваенная разруха, росквіт злачынных фарміраванняў і банд — праз усё гэта прайшоў малады ўчастковы. Пасля заканчэння ваеннай службы ён трапіў у міліцыю. «Я часта пытаўся ў яго, як ён апынуўся ў міліцыі, — успамінае Сяргей Руткевіч, — Тады ўсіх, хто адслужыў у арміі, запрашалі на розныя пасады. Дзядулю прапанавалі стаць старшынёй сельсавета або ўчастковым. Я тады спытаў, чаму ён выбраў менавіта такі шлях. Ён адказаў, што часы былі ліхія, а ўчастковаму пісталет давалі! Пачынаў сваю службу ў Радашковічах, затым перабраўся ў Валожын, толькі пасля — у Маладзечна, дзе і застаўся назусім. І ўсё жыццё быў участковым. А перад пенсіяй ужо стаў старшым участковым. Тады яму і прысвоілі званне маёра міліцыі. На сваім участку ён карыстаўся безумоўным аўтарытэтам. Яго ведалі ўсе, ды і сам ён выдатна разумеў, хто чым дыхае.
Бывала, зойдзе ў сталовую, бачыць, што дэбашыры выпіваюць. Тады ён звяртаўся да іх і казаў: „Сёння-заўтра — да мяне“. І ніхто асабліва не супраціўляўся, не спрабаваў хавацца, збегчы, паколькі ўсе ведалі, што ён усё роўна абавязкова ўсіх знойдзе. Адслужыў у міліцыі дзед агульным чынам 33 гады».
«Заўсёды заставацца чалавекам»
Служба ў міліцыі — няпростая справа. Вядома, лягчэй служыць, калі ў сям’і ёсць чалавек, які разумее спецыфіку такой работы. «Нярэдка кажуць, што цяжка быць жонкай міліцыянера або ваеннаслужачага, — прызнаецца Сяргей Руткевіч. — У маёй жонкі часта пытаюцца, як яна вытрымлівае мае начныя пад’ёмы, камандзіроўкі, частую адсутнасць. Яе бацька таксама ваенны, былы „афганец“. Таму яна добра ведала, за каго замуж выходзіла. Гэтаксама і работа майго бацькі дазволіла мне хутчэй зразумець спецыфіку такой працы. Калі я жыў разам з бацькамі, давялося прывыкнуць да начных пад’ёмаў і позніх прыходаў дадому. Дзякуючы гэтаму цяпер такія мерапрыемствы ў нашай сям’і — нармальная справа. Ды і бацькоўская падтрымка заўсёды была для мяне важным плюсам. Сёння мой сын гэтак жа, як і я ў яго ўзросце, прыходзіць да мяне па параду».
Гаворачы пра асобасныя якасці, якімі павінен валодаць супрацоўнік міліцыі, Сяргей Руткевіч часта ўспамінае гісторыю са свайго мінулага: «Калі я яшчэ вучыўся ў Акадэміі МУС, адзін выкладчык заўсёды прыходзіў на заняткі ў цывільным адзенні. Мы заўжды спрабавалі здагадацца, ці служыў ён у міліцыі наогул, і калі так, то з якім званнем сышоў у адстаўку. Мы нават задавалі яму прамыя пытанні на гэтую тэму:
— Вы выйшлі на пенсію падпалкоўнікам?
— Не, бярыце вышэй.
— Палкоўнікам?
— Яшчэ вышэй.
— Ды няўжо генерал-маёрам?!
— Не, хлопцы, я на пенсію сышоў чалавекам...»
«Таму самая галоўная якасць для міліцыянера — заўсёды заставацца чалавекам, бо ў гэтай няпростай справе можна маральна перагарэць, — падкрэслівае Сяргей Руткевіч. — Таму заўсёды трэба заставацца чалавекам і ўнікаць у праблемы людзей, ставіцца да гэтага з разуменнем. Іншы выкладчык вучыў нас пакідаць сваю работу на рабочым месцы, не выносіць яе за межы КПП дадому. Скажу шчыра: гады маёй службы паказалі, што гэта практычна немагчыма. Працуючы ў аператыўным падраздзяленні, ды і ў міліцыі ў цэлым, думаю, пакінуць работу дзесьці там немагчыма. Пакуль ты дома, твае супрацоўнікі могуць працаваць на затрыманні. Тады пракручваеш самыя розныя зыходы, хвалюешся, перажываеш, чакаеш званка. І думаеш пра тое, як яны адпрацуюць, тэлефануеш, удакладняеш. Сапраўдны міліцыянер заўсёды застаецца міліцыянерам, і, нават нягледзячы на прафесійнае свята, мы застаёмся на службе. Пакуль нашы грамадзяне адзначаюць святы, мы стаім на варце правапарадку і бяспекі».
Фота Лізаветы ГОЛАД.
г. Маладзечна.