Top.Mail.Ru

Гісторыя — навука маральная, лічыць Ігар Марзалюк, і гэта пацвярджае яго новая кніга

Унікальнае выданне «Кроў на белым тле...» прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы: яно першае, дзе сістэмна і грунтоўна паказана гісторыя дзейнасці беларускіх калабарацыяністаў у часы акупацыі БССР. Аўтар кнігі, якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь», — гісторык, прафесар, член-карэспандэнт НАН, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар МАРЗАЛЮК.


Гэта той самы выпадак, калі гісторыя ажывае праз дакументы і сведчанні, з якімі Ігар Аляксандравіч працаваў на працягу пяці гадоў у Нацыянальным архіве і Упраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці. На падставе навуковых і архіўных крыніц ён аналізуе дзейнасць тых, хто быў на баку фашыстаў і падзяляў нацысцкую ідэалогію, рэалізоўваў палітыку генацыду, скіраваную супраць беларускага народа.

На прэзентацыі прысутнічала вялікая колькасць людзей, а значыць, гэта тэма сапраўды важная для нашага грамадства. Прыйшлі не толькі калегі аўтара па дэпутацкім корпусе і гісторыкі — у зале было шмат моладзі.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім ГІГІН назваў кнігу не толькі навуковай, але і грамадскай з’явай: «Нарэшце ў нас з’явілася аператыўная гістарычная публіцыстыка, якая адгукаецца на тыя патрэбы, якія сёння існуюць у грамадстве». На яго погляд, менавіта цяпер важна звярнуцца да тэмы, якая ўсім баліць, вакол якой заўсёды шмат домыслаў: «Гістарычная проза Ігара Марзалюка адрозніваецца тым, што абапіраецца на грунтоўную дакументальную аснову. Ён паказвае дзейнасць беларускіх калабарацыяністаў у гістарычным развіцці, прычым пачынае з тых тэарэтыкаў, якія калісьці складалі фундамент гітлераўскай ідэалогіі».

Кніга пра тое, што робіць чалавека чалавекам і што яго «расчалавечвае», тлумачыць Ігар Марзалюк: «Ёсць гісторыкі, якія пішуць з пазіцыі апраўдання, я лічу гэта няправільным. Гісторыя — навука маральная. Забойствы жанчын, дзяцей, наогул мірных людзей нельга апраўдаць ніякай ідэалогіяй дзеля сваіх шкурных інтарэсаў. Калі я працаваў з рассакрэчанымі архіўнымі дакументамі, мяне асабліва ўразіла тое, як звычайны лагойскі хлопчык расстрэльваў людзей і спальваў хаты ў вёсцы, куды ён хадзіў калісьці на танцы. Такі факт, на жаль, не адзіны...

І ўсё ж Беларусь — самая антынацысцкая дзяржава, дзе было самае моцнае супраціўленне. У адрозненне ад іншых краін, у нас ніколі не было раптоўных пагромаў, але замоўчваць тыя факты, якія ўсё ж адбываліся, нельга, каб ні ў каго не ўзнікла ілюзій...»

Ігар Марзалюк упэўнены: «Нельга быць нацыянальным героем і бараніць інтарэсы Беларусі ў чужой форме, калі ты жывеш за кошт чужых грошай і чужых сэнсаў».

Дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч назваў трагічную біяграфію нашага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны глыбокім калодзежам, у якім яшчэ шукаць і шукаць тыя крыніцы, якія мы павінны данесці наступным пакаленням.

Ірына ПРЫМАК.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю