Top.Mail.Ru

«Глеба саспела»: аграрыі Жыткавіцкага раёна прыступілі да пасяўной і гатовыя да эксперыменту

«Яшчэ паўтара тыдня таму ў нас было 50 см снежнага покрыва, а цяпер мы ўжо сеем. Агранамічная вясна сёлета наступіла вельмі імкліва. Мы нават і не спадзяваліся на гэта, бо снегу было шмат — у суседзяў з Брэсцкай вобласці значна менш. Аказалася, што гэты снег сышоў літаральна на вачах, нават лужын на палях няма. Такое вельмі рэдка бывае», — падкрэслівае галоўны аграном ААТ «Тураўшчына» Міхаіл Блоцкі. 



Цяпер у аграрыяў кожная хвіліна важная. Цёплае надвор’е літаральна актывавала рэжым поўнай палявой гатоўнасці. БелТА даведалася першыя весткі з палёў.

Ужо на мінулым тыдні ў «Тураўшчыне» актывізавалі работы па закрыцці вільгаці на палях. Гэта аперацыя — адна з ключавых у агратэхнічным цыкле, бо якасць яе выканання напрамую ўплывае на будучы ўраджай. Сёння з самай раніцы тэхніка выведзена на збожжавы клін. Першым у зямлю кладуць авёс. Да сяўбы прыступілі яшчэ ў нядзелю, ужо пасеяна больш за 10 гектараў.


Міхаіл Блоцкі ў прафесіі больш за 30 гадоў. Гэта чалавек, адданы сваёй справе ўсёй душой, які стаў для прадпрыемства родным. Ён адчувае зямлю літаральна скурай. «Пры станоўчых тэмпературах глеба вельмі хутка саспела. Яна рыхлая, але ў той жа час, калі сціскаеш яе ў далоні, утвараецца камяк. Калі ж кідаеш яго ўніз і ён рассыпаецца — значыць, па агранамічных мерках, настаў самы аптымальны час для сяўбы», — расказвае ён сакрэты майстэрства.

«Глеба вільгацяёмістая. Калі такое надвор’е захаваецца і тэмпература не панізіцца, то дзён праз 10 убачым першыя ўсходы. Насенне набухне і пойдзе ў рост», — дзеліцца Міхаіл Іванавіч.


Насення на прадпрыемстве дастаткова. «Па ўсіх культурах, уключаючы азімыя збожжавыя, мы купляем элітнае насенне, высейваем яго і атрымліваем першую рэпрадукцыю. У нас ёсць свая збожжаачышчальная лінія, даводзім матэрыял да патрэбнай кандыцыі. Мы сеем толькі рэпрадукцыямі высокай якасці, адпаведна, і аддача добрая», — з гонарам расказвае аграном.



Апошнія два гады былі паспяховымі для аўса: ураджайнасць склала каля 41–42 ц/га. У гаспадарцы спадзяюцца, што і гэты год не стане выключэннем, нягледзячы на ранні старт. Мінулай вясной тэхніка выйшла ў поле толькі ў канцы сакавіка. Зараз толькі сярэдзіна месяца, а механізатар Міхаіл Бабарыка ўжо ўпэўнена манеўруе па палях.

Міхаіл — механізатар-універсал, працуе на любой тэхніцы і тонка адчувае яе. «Усе пастаўленыя задачы ён выканае якасна і ў тэрмін, можна не турбавацца», — падкрэслівае дырэктар ААТ «Тураўшчына» Генадзь Варанцоў.

Манеўраны «Беларус», на якім працуе Міхаіл, — навічок на прадпрыемстве, ён папоўніў парк у снежні мінулага года і адразу трапіў у надзейныя рукі. Міхаіл Бабарыка працуе тут больш за 15 гадоў, кожную вясну ўключаецца ў пасяўную, а падчас жніва нязменна становіцца лідарам у раёне. «Трактар добры, унутры камфортна, ёсць кандыцыянер», — адзначае ён.

Механізатар не баіцца работы, таму і вынікі зайздросныя. «Усяго пад авёс адведзена 100 га. Дзённая норма — 30–35 га. Вільгаці хапае, надвор’е спрыяльнае — рэальна справіцца за два-тры дні», — кажа ён.

Дарэчы, «Беларус» — не адзіная навінка. Падмогай і гонарам мясцовых аграрыяў стаў самаходны апырсквальнік-раскідвальнік «Туман». Ён з’явіўся ў гаспадарцы мінулай восенню і ўжо даказаў сваю эфектыўнасць. Яго галоўныя плюсы — высокая прадукцыйнасць і інавацыйныя опцыі, напрыклад, спецыяльная сістэма падсвятлення, якая дазваляе працаваць нават уначы.


Галоўны аграном пералічвае перавагі машыны «Туман», якія яшчэ гадоў 10–20 таму маглі здацца аграрыям навуковай фантастыкай. Сістэмы GPS-навігацыі дазваляюць вырашаць складаныя задачы: камп’ютар дапамагае аптымізаваць траекторыю руху, пазбягаць так званых «мёртвых зон», павышаць якасць апрацоўкі і зніжаць выдаткі на ўгнаенні. Акрамя таго, эрганамічная кабіна надзейна абараняе механізатара ад пылу і хімічнага раствору.

«Умовы надвор’я склаліся спрыяльныя. Гэта вясна дазволіла нам максімальна аператыўна, у агратэхнічныя тэрміны падрыхтаваць глебу і ўнесці арганіку. Работы ідуць поўным ходам. У цэлым гатоўнасць тэхнікі ў нас складае 97 %. Фактычна ўсе машыны, задзейнічаныя ў асноўных працэсах, гатовы. Сёлета нам трэба пасеяць 100 га аўса, 50 га гароху на зерне і 250 га — для патрэб нашага агародніннага завода, а таксама 3 тыс. га кукурузы і 130 га салодкай кукурузы для вытворчасці кансерваў», — дапаўняе карціну пасяўной дырэктар прадпрыемства.


Таксама ў гаспадарцы прыступілі да падкормкі рапсу цвёрдымі ўгнаеннямі, месцамі пачалі падкормліваць азотам азімую пшаніцу і іншыя збожжавыя культуры.

Па словах кіраўніка, зіма прайшла ўдала. «Азімыя пасевы выйшлі з зімоўкі ў добрым стане — і па рапсе, і па збожжавых. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго нашага калектыву мы павінны атрымаць годны ўраджай, не ніжэйшы за мінулы год. Усе людзі настроены на працу і вынік», — падкрэсліў Генадзь Варанцоў.


Дасведчаны кіраўнік ведае, на што і на каго рабіць стаўкі пры старце новага агратэхнічнага цыклу. «Мы пастаянна абнаўляем тэхнічны парк, і з кадрамі праблем няма. Укамплектаваны і механізатарамі, і інжынерамі, і аграномамі. Ёсць усё неабходнае для эфектыўнай працы. Мы паляпшаем якасны склад работнікаў. Для нас важна, каб механізатары былі ўніверсаламі, маглі выконваць усе віды работ. Бо тэхніка становіцца ўсё больш „інтэлектуальнай“, яна патрабуе высокай кваліфікацыі. Таму пастаянна супрацоўнічаем з каледжамі, да нас прыходзіць моладзь», — адзначае ён.

Машынна-трактарны парк у «Тураўшчыне» абнаўляюць рэгулярна. За мінулы год набылі два МАЗы, абнавілі збожжаўборачныя камбайны, купілі высокапрадукцыйную машыну «Туман» для ўнясення ўгнаенняў, а таксама некалькі агрэгатаў для апрацоўкі глебы.


На прадпрыемстве не баяцца і прадумана рызыкаваць. Эксперыментальны крок гэтага года — сяўба яравога рапсу (пачнуць з 150 га). «Ацанілі свае магчымасці, дадаткова набылі камбайны. Рапс — бадай, самая высокарэнтабельная культура на сённяшні дзень. Яна запатрабаваная і фінансава апраўданая. Таксама ў нас стаіць задача набыць сёлета лінію па перапрацоўцы алейных культур. Гэта дазволіць забяспечыць сябе шротам для жывёлагадоўлі, а алей будзем рэалізоўваць. Такім чынам мы знізім сабекошт малака», — падзяліўся планамі Генадзь Варанцоў. Працэдура закупкі абсталявання ўжо праведзена.

У цэлым у Жыткавіцкім раёне настроены на сур’ёзную работу. Дзве гаспадаркі ўжо пачалі сеяць яравыя збожжавыя, астатнія прыступяць праз два-тры дні. «Тэхніка практычна ўся гатовая. Плошча сяўбы ранніх яравых па раёне складае 2,6 тыс. га. Гэта невялікія аб’ёмы, бо мы робім акцэнт на азімыя культуры, якія даюць лепшую ўраджайнасць. Пачалі з аўса, далей па плане — трыцікале, ячмень, гарох, а затым — агародніна», — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Жыткавіцкага райвыканкама Аляксандр Варабей.

Пасяўная кампанія знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Уладзіміра Антоненкі, а таксама кіраўніка Гомельскай вобласці Івана Крупко. Кожны аграрый у гэтыя дні разумее важнасць упэўненага старту і каштоўнасць кожнага зярнятка, пакладзенага ў зямлю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю