Кожны пасяўны ўчастак – у справу
Рыхтаваліся да яе аграрыі яшчэ з восені — падрыхтавалі тэхніку, закупілі ўгнаенні і насенны матэрыял. Усё гэта дазваляе ўпэўнена стартаваць у гэтым сельгассезоне.
У ААТ «Тураўшчына» на Жыткаўшчыне раннюю сяўбу традыцыйна пачалі з аўса. У поле першым выйшаў адзін з лепшых працаўнікоў — механізатар Міхаіл Бабарыка. Міхаіл Аляксандравіч у гаспадарцы шаснаццаты год. У гэтым сельгассезоне, расказвае працаўнік, ён за штурвалам новенькага энерганасычанага трактара, які гаспадарка набыла толькі гэтай зімой.
— За працоўную змену магу засеяць каля 30-35 гектараў. Так што з сяўбой аўса, а гэта каля 100 гектараў, павінен справіцца дні за тры, — разлічвае на вельмі добры старт механізатар.
Глеба цяпер, дадае працаўнік, — у аптымальным стане: вільготная, добра рассыпаецца. Якраз тое, што трэба для якаснай сяўбы. Стан глебы дазволіў і своечасова ўнесці ўгнаенні, закрыць вільгаць, прыступіць да сяўбы аўса, а паралельна весці падкормку азімага рапсу мінеральнымі ўгнаеннямі, месцамі ўносіць азот на пасевах пшаніцы і іншых збожжавых культурах.
— Гэтай зімой у нас снежнае покрыва было на палях вельмі вялікае. На некаторых участках да 50 сантыметраў. І гэта абараніла добра пасевы, бо пару дзён моцныя маразы былі, даходзілі да мінус 34 градусаў, — на важныя нюансы для аграрыяў звяртае ўвагу галоўны аграном ААТ «Тураўшчына» Міхаіл Блоцкі. — І пры гэтым вясна, бачыце, прыйшла нечакана імкліва. Мы адразу ўвайшлі ў палявыя работы. Такіх ранніх тэрмінаў пачатку сяўбы даўно не было, — пераконвае галоўны аграном.
Па словах вопытнага спецыяліста, надвор’е цяпер так і кліча сеяць.
— У параўнанні з мінулым годам глеба прагрэлася хутчэй. Летась надвор’е было нестабільнае, спачатку рэзкае пацяпленне да плюс 20 градусаў, потым працяглае пахаладанне. Цяпер усё больш раўнамерна. З-за вялікага снегу мы спачатку рыхтаваліся да паводкі, але літаральна за паўтара тыдня ўвесь снег з палёў сышоў. Меліярацыйныя каналы ў нас амаль пустыя, — у тым, што пры такім старце пасяўная кампанія пройдзе роўна і дасць добры вынік перакананы аграрыі Жыткавіцкага краю.
Вельмі задаволеныя ў гаспадарцы і тым, як перазімавалі азімыя культуры. Адбор маналітаў і ацэнка культур паказала практычна стапрацэнтную захавальнасць.
— І рапс, і збожжавыя выйшлі з зімы ў добрым стане. Таму, дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, разлічваем у гэту кампанію як мінімум паўтарыць вынік мінулага года, тым больш што яго старт быў тады больш складаны па ўмовах надвор’я чым цяперашні. Галоўнае, людзі накіраваны на работу, на атрыманне якаснага выніку, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Тураўшчына» Генадзь Варанцоў.
Структура севазвароту ў гаспадарцы ўсталяваная. Аўса сёлета пасеяць трэба 100 гектараў. У мінулым сельгассезоне культура на гэтых глебах урадзіла нядрэнна — атрымалі больш як 40 цэнтнераў з гектара. У гэтым сезоне атрыманы ўраджай аўса плануюць накіруюць на патрэбы жывёлагадоўлі.
— Трэба будзе пасеяць таксама 50 гектараў гароху на зерне і яшчэ 250 гектараў для патрэб нашага перапрацоўчага завода. Царыца палёў — кукуруза — у гаспадарцы сёлета будзе пасеяна на трох тысячах гектараў, плюс 130 гектараў аддадуць пад салодкую кукурузу для кансервавання, — па «лічбах» уводзяць у курс справы кіраўнік гаспадаркі.
У гэтым годзе ў ААТ «Тураўшчына» ацанілі свае магчымасці і рэсурсы і вырашылі дадаць у структуру пасяўных плошчаў яравы рапс. Культура, вядома, рэнтабельная, запатрабаваная. Гаспадарка ўжо прайшла працэдуру закупкі лініі па перапрацоўцы маслічных культур, таму мясцовыя аграрыі плануюць вырабляць уласны рапсавы жмых для кармоў, што дазволіць знізіць сабекошт малака, а атрыманы рапсавы алей будуць рэалізоўваць.
У гаспадарцы ў мінулым годзе істотна ўзмацнілі машынна-трактарны парк. Дзякуючы падтрымцы «Белаграпрамбанка» набылі два МАЗы, праз лізінг абнавілі збожжаўборачныя камбайны, набылі высокапрадукцыйную машыну для ўнясення як вадкіх, так і цвёрдых угнаенняў. Таксама закупілі новыя агрэгаты для падрыхтоўкі глебы. Для гаспадаркі гэта вельмі важна, бо землі тут даволі «цяжкія», і для якаснай сяўбы часам патрэбна праводзіць па 3-4 аперацыі, каб падрыхтаваць глебу.
— З кадрамі сітуацыя ў нас у цэлым стабільная. Механізатарамі ўкамплектаваны, хоць некалькі вакансій застаюцца, але мы пастаянна працуем у гэтым напрамку. Шукаем людзей, супрацоўнічаем з каледжамі, прыцягваем моладзь. Для нас вельмі важна падрыхтаваць якаснага спецыяліста, бо сёння ад механізатара патрабуецца і ўніверсальнасць у рабоце, і высокая кваліфікацыя, паколькі тэхніка становіцца ўсё больш складанай. Таму расказваем і аб прэстыжы, і аб цэннасці гэтай прафесіі для краіны, — матывуе аграрый.
У Калінкавіцкім раёне першымі на палі выйшлі механізатары ААТ «Ненацкае».
— Выбіраем самыя сухія і высокія ўчасткі, дзе снег ужо сышоў, — тлумачыць трактарыст Павел Жукавец, які адным з першых у раёне выйшаў на раллю ва ўрочышчы «Угольнік». Прызнаецца, што за зіму паспеў засумаваць па працы ў полі. Цяпер галоўнае, тлумачаць аграрыі, — не ўпусціць час, бо глеба хутка губляе вільгаць.
— Зараз асабліва патрэбна дакладная арганізацыя і зладжанасць дзеянняў,— падкрэслівае кіраўнік ААТ «Ненацкае» Андрэй Новік. Бо на пачатку гэтага сезона ўмовы дазваляюць адначасова весці некалькі відаў работ. І ўносіць угнаенні пад азімыя, падкормліваць рапс, рыхтаваць глебу да сяўбы.
Вясновыя работы пачаліся і ў КСУП «Імя Кутузава».
— Стаіць задача падкарміць тысячу гектараў азімых збожжавых і больш як 300 гектараў азімага рапсу. Важна правесці гэтыя работы своечасова, каб расліны атрымалі неабходнае сілкаванне на старце вегетацыі, — тлумачыць галоўны аграном КСУП «Імя Кутузава» Таццяна Некрашэвіч.
Усе гаспадаркі Калінкавіцкага раёна таксама ўключыліся ў палявыя работы.
Як падкрэсліла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Алена Філіповіч, ва ўсіх раёнах Гомельшчыны аграрыі актывізавалі веснавыя палявыя работы.
Па меры сходу снегавога покрыва і падсыхання верхняга слоя глебы, каб тэхніка магла выйсці ў поле, у гаспадарках вядуцца работы па падкормцы шматгадовых траў, азімых збожжавых і рапсу. Бліжэй да канца тыдня да сяўбы ранніх збожжавых плануюць прыступіць гаспадаркі паўднёвых раёнаў рэгіёна.
— У двух раёнах — Жыткавіцкім і Калінкавіцкім, дзе пачалі веснавую сяўбу, ужо пасеяна больш як 120 гектараў аўса. У цэлым жа план яравой сяўбы збожжавых і зернебабовых культур у рэгіёне — 88,3 тысячы гектараў, без уліку грэчкі, проса і кукурузы. Гэта крыху больш, чым у мінулым годзе, — адзначыла Алена Філіповіч.
Астатнія гаспадаркі вобласці паступова падключаюцца да сяўбы ранніх яравых. Цёплае надвор’е днём, і нязначныя начныя замаразкі, якія адступаюць, ствараюць спрыяльныя ўмовы. Сёння перад аграрыямі Гомельшчыны стаіць задача строга захоўваць агратэхналогіі і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны пасяўны ўчастак.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота Аляксандр КІЦУРА.