Пасля ваеннага парада, які завяршыўся тэатралізаваным прадстаўленнем пад назвай «Будзем жыць» і святочным салютам, карэспандэнты «Звязды» пагутарылі з гледачамі ўрачыстасці, якія непасрэдна з трыбун назіралі за тым, як Беларусь адзначае Дзень Перамогі.
Зінаіда Пятровіч — малалетні вязень. Разам з маці ў гады Вялікай Айчыннай вайны яе адправілі на прымусовыя работы ў Германію. «Я такая шчаслівая, што трапіла на парад, — падзялілася жанчына. — Такія мерапрыемствы трэба праводзіць, каб усе ведалі, якія мы моцныя. Нават не верыцца, што ў нас такая магутная армія. Жадаю нашым беларусам і ўсяму свету міру. Больш нічога і не трэба!»
Сям’я Комкіных (бацькі і іх трое дзяцей) упершыню за 18 гадоў на парадзе як гледачы. Дагэтуль галава сям’і, ваеннаслужачы, прымаў ва ўрачыстым маршы непасрэдны ўдзел. «Мой дзед абараняў Ленінград, — расказаў Канстанцін Комкін. — Бабулі былі вязнямі фашысцкіх канцлагераў. Дзядуля маёй жонкі ваяваў, мае вялікую колькасць ордэнаў і медалёў. 80-годдзе Вялікай Перамогі для нашай сям’і з’яўляецца вельмі знакавай датай».
Па словах Ганны Комкінай, 9 Мая — сімвал сённяшняга шчаслівага жыцця, мірнага неба, спосаб нагадаць падрастаючаму пакаленню, якой цаной яно нам дасталася.
Алена Навіцкая прыйшла на парад з дачкой Вольгай. Як высветлілася, быць у гэты важны дзень у эпіцэнтры падзей — ужо традыцыя. «Гэта даніна павагі маім бабулі і дзядулі, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну, — адзначыла Алена. — Дзякуючы здабытай Перамозе, у якую свой уклад унеслі і яны, мы можам жыць у мірнай Беларусі, святкаваць гэтае цудоўнае свята. Імкнёмся перадаць памяць аб нашых гераічных продках сваім дзецям».
Сям’я засталася пад уражаннем пасля парада. «Магутная тэхніка, падрыхтаваны асабовы склад — Беларусь пад надзейнай абаронай», — сказалі дзяўчаты.
Сям’я Мядзведзевых на парадзе — поўным складам. «У гэты дзень мы павінны знаходзіцца менавіта тут, — кажа Вольга Мядзведзева. — Тое, што мы ўбачылі, не можа не ўражваць. У нашых Узброеных Сіл ёсць уся неабходная тэхніка, каб у выпадку чаго абараніць свой народ. Ёсць прафесіяналы сваёй справы, якія годна служаць Айчыне».
Мінчанін Аляксандр прыехаў на ваенны парад разам з сям’ёй. Сваю дачку Аню ён падняў на рукі, каб было лепш відаць. Разам з жонкай Кацярынай яны падзяліліся сваімі ўражаннямі: «Для нас 9 Мая — гэта самае вялікае свята. Для кожнага беларуса, несумненна, важная значнасць Перамогі нашага народа. Мы скончылі гэтую страшную вайну дзякуючы нашым ветэранам — дзядулям і бабулям. Дзякуючы іх гераічнаму подзвігу сёння мы жывём пад чыстым і мірным небам».
Сям’я штогод імкнецца наведваць такія знакавыя мерапрыемствы. І гэтым разам — не выключэнне. «Тым больш што сёлета мы адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі!
А яшчэ нам вельмі пашанцавала з квіткамі — мы размясціліся максімальна блізка, што дазваляе ўбачыць урачыстае мерапрыемства ва ўсёй красе. Не маем якіх-небудзь чаканняў ад гэтага парада, таму што кожны год ён цудоўны! І калі глядзіш на нашу армію, разумееш: беларусам ёсць кім ганарыцца».
Мінчане Кірыл і Крысціна прывялі на ваенны парад сваіх дзяцей — 10-гадовую Алісу і 16-гадовага Ваню. Маладыя людзі прызналіся: прыйсці на ваенны парад у юбілейную дату 80-годдзя Вялікай Перамогі для іх было асабліва важна. Бо тая страшная вайна закранула і іх сям’ю. Па словах мінчан, сёння неабходна перадаваць памяць аб той вайне, перадаваць гістарычную праўду з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да дзяцей: «Мне здаецца, гэта самае галоўнае з улікам складанай сітуацыі вакол нашых граніц. Цяперашняе пакаленне ў першую чаргу павінна ведаць і шанаваць памяць продкаў. На нашу думку, гэта першае, чаму павінны выхоўваць усе бацькі сваіх дзяцей».
Для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Леаніда Аляксандравіча Яроміна 80-годдзе Вялікай Перамогі — гэта сапраўды свята са слязамі на вачах. За плячыма — жыццё, якое практычна ў самым пачатку акрапіла вайна. «Я быў яшчэ зусім малады, калі пачалася вайна. На фронт трапіў не адразу, але адразу пайшоў у партызаны. Наша брыгада дзейнічала ў Старадарожскім раёне. Затым, будучы ў Германіі, я стаў танкістам», — успамінае ён.
Леанід Аляксандравіч прызнаўся: «Кожны раз сустракаю гэтае вялікае свята са слязамі на вачах, таму што кожны трэці беларус не вярнуўся... Мой бацька ў ліку першых пайшоў на фронт, абараняў Маскву. На жаль, яго забрала вайна — ён загінуў пад Ржэвам у 1942 годзе... І не толькі ён — кожны трэці аддаў на алтар Перамогі сваё жыццё. Больш за ўсё пацярпелі Мінск і Сталінград, у 1945 годзе ад гэтых гарадоў засталіся адны руіны. У Мінску апаленымі стаялі Дом урада, Дом афіцэраў, оперны тэатр, Акадэмія навук. Але іх аднаўлялі — па цаглінках збіралі гэтыя руіны. Я таксама ўнёс сваю лепту ў пасляваеннае аднаўленне сталіцы. Пасля вайны скончыў політэхнічны інстытут, працаваў і аднаўляў горад Мінск. І гэтым ганаруся».
Галоўны пасыл ад ветэрана наступным пакаленням — захаваць мір: «Мы зробім усё, каб на нашай слаўнай, шматпакутнай, святой беларускай зямлі больш ніколі не паўтарылася тая страшная, кровапралітная, смяротная, разбуральная вайна».