Top.Mail.Ru

Гляцыёлаг: леднікі «спяваюць» ад руху і тэмпературных умоў, а колер змяняюць у залежнасці ад асвятлення і вугла агляду

Пры больш высокай тэмпературы лёд дэфармуецца больш пластычна, а пры нізкай — становіцца менш пластычным


Колер ледніка залежыць ад асвятлення і вугла агляду, а гукі, якія ён выдае, — ад руху і тэмпературных умоў, расказала навуковы супрацоўнік лабараторыі змяненняў клімату і навакольнага асяроддзя Арктычнага і Антарктычнага навукова-даследчага інстытута Ганна Казачак, перадае РІА «Новости».

Леднікі могуць здавацца рознакаляровымі — іх адценне змяняецца ад ружовага да блакітнага і зялёнага, таму яны часта становяцца аб’ектамі для фатаграфавання ў падарожнікаў Арктыкі і Антарктыкі. Таксама даследчыкі адзначаюць, што леднікі выдаюць розныя гукі, падобныя на «спевы».


«Колер ледніка залежыць у тым ліку ад асвятлення і вугла, пад якім мы на яго глядзім. А гукі, якія выдае лёд, звязаны з яго рухам і тэмпературнымі ўмовамі. Пры больш высокай тэмпературы лёд дэфармуецца больш пластычна, пры нізкай становіцца менш пластычным», — расказала эксперт.

Па словах гляцыёлага, падобны працэс кожны з нас можа назіраць зімой, калі ідзе па снезе, які толькі выпаў. У моцны мароз сняжынкі ламаюцца пад нагамі, і мы чуем характэрнае храбусценне. Пры больш высокай тэмпературы снег паводзіць сябе інакш, і гэты гук становіцца менш выяўленым.

Дарэчы, некалькі гадоў таму навукоўцы выявілі незвычайную захапляльную з’яву: ляднік Вадападны ў Горным Алтаі пачырванеў — набыў незвычайную чырвона-ружовую афарбоўку.

Як растлумачылі гляцыёлагі, змена колеру ледніка выклікана масавым цвіценнем водарасці хламідаманады снежнай. Актыўнае размнажэнне водарасцяў было звязана з асабліва снежнай зімой. Снежнае покрыва ў гэтай мясцовасці захоўвалася да сярэдзіны ліпеня, ствараючы спрыяльныя ўмовы для размнажэння хламідаманады снежнай.

Гэта з’ява, безумоўна, прыцягнула ўвагу вучоных сваёй унікальнасцю. Але, як аказалася, цвіценне водарасці хламідаманады снежнай згубнае для алтайскіх леднікоў.

Гляцыёлагі адзначылі, што альбеда ледніка, гэта значыць яго здольнасць адлюстроўваць сонечныя прамяні, зніжаецца на 13–17 працэнтаў з-за цвіцення водарасцяў, што прыводзіць да паскоранага раставання лёду, ставячы пад сумненне існаванне ледніка Вадападны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю