Top.Mail.Ru

Год работы новага механізму рэгістрацыі нерухомасці: вынікі і планы

На сумесным пасяджэнні калегій Міністэрства юстыцыі і Дзяржаўнага камітэта маёмасці падвялі вынікі рэалізацыі новага парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці па прынцыпе «аднаго акна», які запрацаваў роўна год таму — пасля ўступлення ў сілу абноўленага Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй».


Да новаўвядзення пасля наведвання натарыуса грамадзянін павінен быў самастойна ісці ў орган дзяржрэгістрацыі, каб аформіць правы на нерухомасць. Цяпер усю работу выконвае натарыус. Ён фарміруе электронны пакет дакументаў і накіроўвае яго рэгістратару. Гэта эканоміць час і сілы грамадзян, а таксама робіць працэс больш празрыстым.

Як адзначыў міністр юстыцыі Яўген Каваленка, ужо ў першы дзень дзеяння закона было ажыццёўлена 196 такіх працэдур, а за год дзеяння гэтай нормы лічба наблізілася да 200 тысяч. Ён удакладніў, што ў цэлым натарыусы за год аказваюць каля 1 мільёна 600 тысяч натарыяльных дзеянняў (даверы, згоды, выканаўчыя надпісы і інш.). З іх 200 тысяч — гэта ўзаемадзеянне з рэгістратарамі нерухомасці па прынцыпе «аднаго акна». Пры гэтым паслуга аказваецца натарыусам бясплатна.

Міністр юстыцыі падкрэсліў, што для грамадзян гэта эканомія не толькі грошай, але і часу, сіл, а 200 тысяч такіх дзеянняў гавораць самі за сябе. Ён выказаў упэўненасць, што лічба будзе расці.

Яўген Каваленка акрэсліў тры галоўныя кірункі далейшага развіцця натарыяту: даступнасць (анлайн-запіс, дыстанцыйныя паслугі), удасканаленне структуры (работа выключна ў натарыяльных канторах, адкрыццё пяці новых) і лічбавізацыя.

Асаблівыя інавацыі, паводле яго слоў, чакаюцца з 1 студзеня 2027 года: дыстанцыйны выканаўчы надпіс для банкаў, сотавых аператараў і страхавых арганізацый; даверанасці для прадстаўніцтва ў банках у электронным выглядзе; дыстанцыйнае сведчанне здзелак. Некаторыя банкі і адзін сотавы аператар ужо амаль цалкам перайшлі на новы фармат.

Як расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Віталь Нявера, новая сістэма дазволіла вырашыць праблему, калі грамадзяне гадамі не афармлялі правы на нерухомасць пасля ўступлення ў спадчыну. За год ад рэгістратараў перайшло больш за дзвесце тысяч паведамленняў — гэта фактычна дзвесце тысяч аб’ектаў. Дзяржаўны рэестр нерухомасці стаў значна больш інфарматыўным.
Віталь Нявера растлумачыў, што нагрузка на рэгістратараў не знізілася, але змяніўся яе характар: замест непасрэднага ўзаемадзеяння з грамадзянамі адбываецца ўзаемадзеянне паміж натарыятам і дзяржрэгістратарам. Гэта павышае дакладнасць і аператыўнасць уліку.

Экстэрытарыяльныя здзелкі

Асобна было сказана пра яшчэ адну навацыю, якая запрацавала год таму, — экстэрытарыяльнасць пры дасведчанні здзелак. Цяпер не абавязковая фізічная прысутнасць абодвух бакоў у адным месцы.
Як патлумачыў Віталь Нявера, дзякуючы відэа-канферэнц-сувязі прадавец і пакупнік могуць знаходзіцца ў розных гарадах. Дастаткова прыйсці ў розных гарадах у органы дзяржрэгістрацыі, адбываецца відэападключэнне і засведчанне здзелкі.

За год у Беларусі, паводле яго слоў, зарэгістравана 8 такіх здзелак, калі бакі знаходзіліся ў розных гарадах і падпісвалі дагавор куплі-продажу праз сістэму відэасувязі.

Першы год рэалізацыі новага закона паказаў яго эфектыўнасць. Грамадзяне актыўна карыстаюцца магчымасцю аформіць правы на нерухомасць без лішніх візітаў, а дзяржава працягвае лічбавізаваць працэс. Як адзначыў Яўген Каваленка, ужо распрацоўваецца праграмны комплекс «адно акно» версіі 3.0, і работы па яго ўдасканаленні не спыняюцца. Колькасць здзелак, у тым ліку экстэрытарыяльных, будзе расці.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю