Актрысе тэатра і кіно, тэатральнаму рэжысёру, народнай артыстцы Беларусі Марыі Захарэвіч спаўняецца 90 гадоў. Больш за 60 гадоў яе творчае жыццё было звязана з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, дзе яна стварыла дзясяткі сцэнічных вобразаў. Не менш значную частку яе творчай біяграфіі склала праца на радыё, дзякуючы якой артыстку называлі каралевай Беларускага радыё.
Марыя Георгіеўна Захарэвіч нарадзілася 28 лістапада 1936 года ў вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна. У школьныя гады захаплялася літаратурай, спявала, танцавала, чытала вершы і ўдзельнічала ў рабоце драматычнага гуртка. Першапачаткова яна збіралася паступаць у педагагічны інстытут, аднак настаўнікі разгледзелі ў дзяўчыне артыстычныя здольнасці і параілі ёй выбраць тэатральную прафесію.
У 1953 годзе Захарэвіч прыехала ў Мінск і паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Сярод яе аднакурснікаў былі будучыя народныя артысты СССР Віктар Тарасаў і Генадзь Аўсяннікаў. Скончыўшы вучобу ў 1957 годзе, яна была прынята ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якому прысвяціла большую частку жыцця.
На Купалаўскай сцэне актрыса сыграла больш за 60 роляў. Сярод іх — Зося Савіч у спектаклі «Сэрца на далоні» паводле рамана Івана Шамякіна, Марыя ў пастаноўцы «Святая святых» паводле п’есы Ёна Друцэ, Наталля Фадзееўна ў спектаклі «І змоўклі птушкі» паводле твора Івана Шамякіна, камісар у «Аптымістычнай трагедыі» Усевалада Вішнеўскага. У яе рэпертуары былі таксама пастаноўкі па творах Івана Мележа, Івана Чыгрынава, Васіля Быкава, Максіма Горкага і Аляксандра Астроўскага.
Захарэвіч удаваліся драматычныя, трагічныя і камедыйныя вобразы. Асабліва блізкія ёй ролі жанчын са складанымі, драматычнымі лёсамі — «ролі, над якімі трэба працаваць, думаць». Актрыса адзначала, што да кожнай ролі ставілася з аднолькавай адказнасцю і не хацела вылучаць адну з іх сярод астатніх.
У 1980-я і 1990-я гады Захарэвіч актыўна працавала ў кіно і на тэлебачанні. Яна здымалася ў фільмах «Я, Францыск Скарына», «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Хам», «Ясь і Яніна», «Нядзельная ноч», «Тэрыторыя супраціўлення».
Асобны раздзел творчай біяграфіі Марыі Захарэвіч звязаны з беларускім радыё. За гады працы яна ўдзельнічала больш чым у 200 радыёспектаклях і пастаноўках, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд нацыянальнага радыёвяшчання. Адной са знакавых работ стала радыёпастаноўка па паэме Якуба Коласа "Новая зямля", у якой актрыса выканала ролю маці. Менавіта для гэтай пастаноўкі кампазітар Ігар Лучанок напісаў музычнае ўступленне з мелодыяй на вершы «Мой родны кут, як ты мне мілы...», якая пасля стала шырока вядомай у выкананні ансамбля «Песняры».
Захарэвіч таксама працавала на Беларускім тэлебачанні: яшчэ падчас вучобы прайшла нацыянальны конкурс і стала адным з першых дыктараў на беларускім ТБ. Пазней ёй прапаноўвалі працягнуць кар’еру на тэлебачанні ў Маскве, аднак актрыса аддала перавагу тэатру.
На працягу доўгага часу Марыя Захарэвіч выкладала сцэнічную мову ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Была членам журы на розных тэатральных фестывалях. Таксама актыўна займалася рэжысурай. Ажыццявіла пастаноўкі «Апошняя ахвяра» па п’есе Аляксандра Астроўскага, «Характары» па творах Васіля Шукшына, а таксама эксперыментальны спектакль «Я не пакіну цябе».
У 1977 годзе ёй было прысвоена званне народнай артысткі Беларусі. За ўдзел у радыёпастаноўках «Рыбакова хата» і «Хамуціус» у 1984 годзе актрыса была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі. За вялікія творчыя поспехі і заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Марыя Захарэвіч узнагароджана ордэнам Дружбы народаў (1986 год) і медалём Францыска Скарыны (1996 год). Таксама яна з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці, уладальніцай медаля святога роўнаапостальнага Кірыла Тураўскага, прыза Беларускага саюза кінематаграфістаў «За адданасць кінамастацтву». У 2020 годзе ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.
Творчая біяграфія Марыі Захарэвіч звязана з некалькімі пакаленнямі беларускіх акцёраў, пісьменнікаў, рэжысёраў і кампазітараў. Яе сцэнічныя работы, ролі ў кіно і радыёпастаноўкі сталі часткай гісторыі айчыннай культуры.