Top.Mail.Ru

Гомель стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

83 гады мірнага жыцця

Гэта знамянальная падзея адбылася 26 лістапада 1943 года. 83-ю гадавіну вызвалення ад акупантаў горад адзначыў урачыстым мітынгам каля Вечнага агню на плошчы Працы.

Сотні жыхароў і гасцей Гомеля, кіраўніцтва вобласці і горада, ветэраны і ваеннаслужачыя, дэпутаты розных узроўняў і моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў сабраліся ў знакавым месцы памяці Гомельшчыны, каб аддаць даніну павагі героям вайны і ўшанаваць іх подзвіг.

З 83-й гадавінай вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, партызан, падпольшчыкаў і ўсіх яго жыхароў павіншаваў старшыня Гомельскага гарвыканкама Руслан ПАРХАМОВІЧ. Ён нагадаў, што Гомель быў вызвалены з варожага палону у ходзе маштабнай Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі войск Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Канстанціна 

Ракасоўскага. Са 147 тысяч даваеннага насельніцтва ў горадзе да моманту вызвалення заставалася ўсяго 15 тысяч чалавек, было зруйнавана каля 80 % будынкаў.

— За 26 дзён кровапралітных баёў на подступах да горада і на яго вуліцах вораг нанёс каласальныя страты воінам Чырвонай Арміі, але не змог зламаць іх дух, — падкрэсліў Руслан Пархамовіч.

Ён адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці і перадачы яе маладому пакаленню:

— Мы з вялікай падзякай успамінаем салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, усіх, хто набліжаў Вялікую Перамогу і аддаў жыццё за свабоду роднай зямлі. Схіляем галовы перад подзвігам загінулых і выказваем сардэчную ўдзячнасць ветэранам і ўсім, хто перажыў суровыя гады вайны.

Да 83-й гадавіны вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у абласным цэнтры прымеркавалі прэзентацыю выдання «Лёсы остарбайтараў Гомеля. Гісторыка-прававы аспект» аб прымусовай працы мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны і гвалтоўнай дэпартацыі людзей у Германію.

Як нагадаў пракурор Гомельскага раёна Аляксандр ШЫНКАРОЎ, у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа толькі ў Гомельскай вобласці атрыманы сотні новых сведчанняў былых остарбайтараў.

У гадавіну вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Чонкаўскім сельсавеце Гомельскага раёна прайшла цырымонія перапахавання астанкаў мірных грамадзян, якіх забілі акупанты і іх прыслужнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Падзеі 83-гадовай даўніны, лёсы тых людзей, герояў вайны заўжды знаходзяць самы гарачы водгук у нашых сэрцах, — асабліва падкрэсліў старшыня Чонкаўскага сельвыканкама Гомельскага раёна Аляксей КОБЗАРАЎ.

Як вядома, на тэрыторыі Чонкаўскага лесу ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракуратура Гомельскага раёна вызначыла месца расстрэлу мірных жыхароў у перыяд акупацыі 1941–1943 гадоў. На працягу

двух гадоў з дапамогай вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны праводзіліся раскопкі, падчас якіх былі выяўлены шматлікія астанкі мірных жыхароў. На тэрыторыі пасёлка Масцішча Пакалюбіцкага сельсавета Гомельскага раёна, у аграгарадку Пакалюбічы, адбыліся мітынг, прысвечаны Дню вызвалення Гомеля і Гомельскага раёна, і ўрачыстае перапахаванне астанкаў ваеннаслужачага рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, знойдзеных пры правядзенні палявых пошукавых работ.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю