Top.Mail.Ru

Гомельшчына атрымае некалькі мастоў

У Гомельскай вобласці поўным ходам ідзе аднаўленне і будаўніцтва адных з самых працяглых у краіне пешаходнага і аўтамабільнага мастоў.


Працягласць пуцеправода для пешаходаў, пабудаванага ў абласным цэнтры ў 1987 годзе сіламі прадпрыемства «Гомсельмаш», — 550 метраў. Ён праходзіць ад вуліцы Кірава да вуліцы Дворнікава і злучае мікрараёны Гомсельмаш і Стары Аэрадром. За больш чым 35 гадоў эксплуатацыі пуцеправод перастаў адпавядаць патрабаванням бяспекі. З першага жніўня мінулага года аб’ект закрыты на капітальны рамонт. Аднаўленчыя работы на ім вядуцца адначасова з двух бакоў. Праектам аднаўлення прадугледжана ўмацаванне пралётных збудаванняў, замена агароджы, прывядзенне ў парадак лесвіц і іншыя віды работ. Цяпер будаўнікамі вядзецца мантаж навясных канструкцый, якія будуць засцерагаць пешаходаў ад ападкаў і ветру. Упершыню будзе забяспечана асвятленне. Новы выгляд ужо набылі лесвіцы, якія вядуць да пуцеправода. Пры іх узвядзенні ўлічана карыстанне аб’ектам маламабільных людзей, веласіпедыстаў, пешаходаў з дзіцячымі каляскамі. Раней узнікалі цяжкасці пры пад’ёме на пуцеправод. Цяпер з двух бакоў прадугледжаны пандус і лесвіца з больш пакатым ухілам. Плануецца, што самы працяглы ў Беларусі пешаходны мост будзе адкрыты пасля капрамонту вясной бягучага года.

У Веткаўскім раёне поўным ходам ідзе будаўніцтва важнейшага для раёна аб’екта, які злучае райцэнтр і Гомель, — моста праз раку Сож. Праект уключылі ў дзяржпраграму «Дарогі Беларусі», яго рэалізацыя вядзецца ў некалькі этапаў. Рух па старым мосце працягваецца, але ён аднапалосны і з абмежаваннямі. У 35 метрах ад дзейнага аб’екта вядзецца будаўніцтва новага моста. Яго працягласць складзе 537 метраў, а шырыня — 10 метраў, што зробіць рух зручнейшым і бяспечным. Мост будзе разлічаны на любыя віды транспарту.

Адзін з самых глабальных і чаканых жыхарамі Гомельшчыны праектаў мостабудавання — другі па працягласці ў краіне аўтамабільны мост праз Прыпяць у Мазыры. Гэта найважнейшая транспартная артэрыя дапамагае на 25 кіламетраў скараціць адлегласць паміж Мазыром і Калінкавічамі. Мостабудаўнічыя пляцоўкі знаходзяцца тут на двух берагах Прыпяці і захопліваюць у тым ліку акваторыю ракі, у работах задзейнічаны флот Беларускага рачнога параходства. Адкрыццё гэтага маштабнага аб’екта чакаецца ў другім паўгоддзі бягучага года.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю