Вытворчасць мэблі, папяровых выбарбаў, малочных тавараў, а таксама развіццё турызму і кантактаў у кінаіндустрыі... Перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў бізнесе, адукацыі і культуры абмеркавалі падчас афіцыйнай сустрэчы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Ашок Кумар і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Як падкрэсліў падчас сустрэчы Іван Крупко, за апошнія пяць гадоў тавараабарот з Індыяй вырас у чатыры разы, але сёння відавочныя новыя кропкі двухбаковага супрацоўніцтва. Кіраўнік Гомельскага рэгіёна звярнуў увагу, што больш за 53% тэрыторыі вобласці займаюць лясы. Сёння ў Індыю экспартуецца перапрацаваная на Гомельшчыне цэлюлоза. Адзін з напрамкаў экспартных паставак з Гомельскай вобласці ў Індыю — прадукцыя металургіі. Актыўна развіваюцца адукацыйныя паслугі і паслугі ў сферы аховы здароўя.
Па словах кіраўніка аблвыканкама, больш за 20 гадоў студэнты з Індыі вучацца ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. За гэты час каля 350 індыйскіх студэнтаў атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю ў Гомелі. Сёння ў Гомельскім дзяржмедуніверсітэце навучаецца больш за 230 студэнтаў, і з кожным годам колькасць выпускнікоў-студэнтаў з Індыі павялічваецца.
— Гомельскі рэгіён можа прапанаваць індыйскім партнёрам найшырэйшы спектр тавараў, якаснай малочнай, мясной, кандытарскай прадукцыі. Акрамя таго — прадукцыю нашай металургіі, дрэваапрацоўкі — мэблю, цэлюлозу, паперу, кардон, а таксама вырабы з пластмасы, сельгастэхніку, комплексныя мінеральныя ўгнаенні і іншую прадукцыю, — зазначыў кіраўнік Гомельскага рэгіёна. — Як звяртае ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, неабходна нарошчваць патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і выходзіць на стратэгічны ўзровень узаемаадносін паміж нашымі краінамі, — нагадаў Іван Крупко.
Губернатар акцэнтаваў увагу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Індыі ў Беларусі на штогадовай знакавай падзеі ў жыцці паўднёва-ўсходняга беларускага рэгіёну — Гомельскім эканамічным форуме. На думку губернатара, дыпламатычная місія можа таксама паспрыяць прыцягненню ўвагі прадстаўнікоў бізнэсу Індыі да рэгіянальнага форума.
— Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае вялікі штуршок у развіцці краін-партнёраў у цэлым. Вельмі важна, што можна будаваць адносіны з канкрэтным рэгіёнам-партнёрам. Індыя — вялікая краіна, і мы гатовы развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з індыйскімі рэгіёнамі, — падкрэсліў Іван Крупко.
Губернатар перадаў запрашэнне на будучы Гомельскі эканамічны форум асабіста для Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Індыі ў Беларусі. Ашок Кумар ў сваю чаргу выказаў падзяку за магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Гомельшчынай. Па меркаванні дыпламата, вялікі патэнцыял беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў самых розных кірунках.
— Індыя таксама сельскагаспадарчая краіна і таму вельмі многае Беларусь можа прапанаваць ў гэтым напрамку, — запэўніў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. — Адзін з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва — пастаўкі малочнай прадукцыі. Нягледзячы на тое, што ў Індыі вельмі развіты гэта галіна, але попыт высокі, ёсць над чым працаваць.
На сустрэчы была агучана таксама ідэя наладзіць супрацоўніцтва паміж Гомельшчынай і індыйскімі партнёрамі ў галіне кінематографа. Па меркаванні дыпламата, супрацоўніцтва ў кінаіндустрыі не толькі дапаможа ва ўмацаванні міжнацыянальнага дыялогу, але і адкрые дадатковыя кропкі росту ў турыстычным бізнесе.
— На прыкладзе Швейцарыі і іншых краін, у якіх здымаліся балівудскія фільмы ў 1990-х — 2000-х гадах, можна адзначыць, што індыйскія турысты прыязджаюць у тыя краіны, якія яны бачаць у кіно, каб пабачыць іх на свае вочы. У Беларусі ў цэлым і Гомельскім рэгіёне ў прыватнасці вельмі прыгожыя краявіды, лакацыі, таму мы не можам не выкарыстоўваць іх для здымкаў цікавых фільмаў. І гэта перспектыўная магчымасць не толькі для Балівуда, але і, перакананы, драбнейшыя кінакампаніі таксама з задавальненнем прыедуць у Беларусь, — падзяліўся меркаваннем Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі.
Фота аўтара