Top.Mail.Ru

Гомельшчына святкуе 108-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі

Дыялог пра мінулае і будучыню.


Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 108-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, пачаліся з дыялогавай пляцоўкі «Вялікі Кастрычнік — дарога ў будучыню». 

На сустрэчы ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна. сабраліся дэпутаты, прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў і моладзь. Эксперты гаварылі пра значэнне рэвалюцыі для станаўлення незалежнай Беларусі, развіцці прамысловасці і сацыяльнай сферы, умацаванні традыцый працы.

Словы падзякі

Святочная атмасфера аб’яднала розныя пакаленні жыхароў на плошчы імя У. І. Леніна. Каля помніка правадыру рэвалюцыі адбыўся ўрачысты мітынг.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны працы, моладзь і парламентарыі. Гучалі словы падзякі старэйшаму пакаленню, якое захавала ідэалы справядлівасці і працы, а таксама пажаданні міру і дабрабыту.

Сімвал абнаўлення

Асаблівым чаканым падарункам для гамяльчан і гасцей горада да свята стаў абноўлены пешаходны мост праз Сож. Урачыстае адкрыццё адной з самых пазнавальных славутасцяў горада прымеркавалі да 108-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.

«Доўгачаканы аб’ект — частка гісторыі нашага горада. Тут укладзена велізарная праца архітэктараў і будаўнікоў. На Гомельшчыне і далей будзе працягвацца будаўніцтва дарог і мастоў, якія злучаюць людзей і робяць жыццё камфортней. Мірнага неба нашай любімай Беларусі!» — падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця знакавага для Гомеля аб’екта намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.

Член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч нагадала, што традыцыя адкрываць значныя аб’екты да дзяржаўных дат застаецца важнай часткай грамадскага жыцця рэгіёну:

«Пешаходны мост — адно з самых пазнавальных інжынерных збудаванняў Гомельшчыны. А цяпер ён стаў яшчэ прыгажэй. Улюбёнае месца адпачынку гомельчан даступнае для ўсіх» — адзначыла Кацярына Зенкевіч.

Як падкрэсліў старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, пабудаваны ў 1969 годзе, пешаходны мост праз Сож, сапраўды, — не проста частка гарадской інфраструктуры, а месца сустрэч і ўлюбёная аглядальная пляцоўка жыхароў і гасцей Гомеля.

«Шмат зроблена па ўмацаванню і капітальнаму рамонту ўсіх частак пешаходнага мосту. Прафесійна спрацавалі ўсе падрадныя арганізацыі — мостабудаўнікі, дарожнікі, праекціроўшчыкі. Асноўная мэта была — зрабіць аб’ект, сапраўды, славутасцю горада, якая прыцягвае ўвагу і гамяльчан, і гасцей горада» — адзначыў Уладзімір Прывалаў. 

Комплекснае абнаўленне аб’екта інфраструктуры дазволіла ўмацаваць канструкцыю і надаць аб’екту сучасны выгляд, захаваўшы яго характэрны вобраз. У працэсе рэканструкцыі замянілі маналітную пліту, узмацнілі бэлькі і апоры, цалкам забетанавалі пешаходную частку моста, паклалі прыгожую плітку. Акрамя таго на мосце з’явіліся стыльныя дэкаратыўныя элементы: бронзавыя рысі, аглядныя вокны, дынамічная падсветка. Цяпер у цёмны час сутак падсвечваецца не толькі арка, але і парэнчы. Дзякуючы шкляным устаўкам у палатне, мост стаў яшчэ і адной з самых эфектных аглядальных пляцовак горада.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота ТК «Уладзімір Прывалаў. Афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю