Упраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці працягваецца работа па ўстанаўленні ўсіх абставін інцыдэнту, прычын і ўмоў, якія прывялі да трагедыі 17 снежня ў Гомелі ў доме па вуліцы Косарава.
Нагадаем, 17 снежня, як мяркуецца, у выніку выбуху бытавога газу ў адной з кватэр адбылося абвальванне пліт перакрыцця на сёмым і восьмым паверхах.
Як пракаментаваў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі на пасяджэнні штаба па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі ў жылым доме, пры правядзенні спецыялістамі дэмантажных работ і разборы завалаў 22 снежня на шостым паверсе ў 21:30 знойдзена цела жанчыны. Па папярэдняй інфармацыі, гэта жыхарка дома. Праваахоўнікамі прызначаны неабходныя экспертныя даследаванні. Прававая ацэнка здарэння будзе дадзена пасля правядзення комплексу следчых дзеянняў.
Як удакладніў Андрэй Бараноўскі, дадатковых пашкоджаных канструкцый у доме не выяўлена. Камісіяй прынята рашэнне па тэрміновым аднаўленні будынка да першапачатковага яго стану. Распрацоўваецца алгарытм дзеянняў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота БелТА.