Top.Mail.Ru

Горад кантрастаў, або чаму варта даехаць да Пінска

Трэнд «Пазнай сваю краіну» з году ў год набірае абароты — з прычын як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных, то-бок дзякуючы ў тым ліку банальнай чалавечай ляноце, «рухавіку прагрэсу». Так прасцей: сеў за руль (у крайнім выпадку — на цягнік або маршрутку) — і праз некалькі гадзін ты на месцы.



Сёлета я вырашыла пабываць на Брэстчыне — адправіцца на «беларускі экватар». Рэгіён унікальны, на Міншчыну максімальна не падобны: хто з мінчан не быў, таму будзе цікава. Пунктам назначэння выбрала Пінск, сталіцу Палесся, куды госці з-за мяжы пакуль даязджаюць не вельмі часта, таму цэны там адэкватныя і на «пераначаваць», і на «паглядзець», і на «пачаставацца».

Сталіца Палесся

Пінск — горад вялікі. Больш за 120 тысяч насельніцтва, дзясяткі прамысловых прадпрыемстваў, універсітэт. Заязджаеш праз спальны раён — і як быццам не выязджаў з Мінска: супермаркеты, шматпавярховікі-«чалавейнікі»... Першая думка: ці варта было ехаць у такую далеч?! Але не спяшайцеся расчароўвацца, бо Пінск — горад маленькі, камерны. Цэнтр гэтага «мегаполіса» (няхай і стаіць горад крыху ў баку ад асноўных аўтатрас) стварае ўтульнае ўражанне невялікага гарадка. Як такое магчыма? Можа быць, справа ў тым, што сталіца Палесся лічыцца другім у Беларусі горадам пасля Гродна па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры і наогул «музеем пад адкрытым небам». А старадаўняя забудова, пагадзіцеся, неяк «цяплейшая» за сучасную архітэктуру. Але, хутчэй за ўсё, дзякуючы мясцовым жыхарам: тут (у адрозненне ад сталіцы, хоць, вядома, гэта суб’ектыўна) прынята цікавіцца людзьмі. Здавалася б, людзі прыходзяць і сыходзяць — усіх не запомніш, але толькі не ў Пінску. Тут ты госць толькі ў першы вечар. 

У другі — ужо крыху «свой». У фірменнай краме Брэстскага мясакамбіната, напрыклад, не забыліся, што ўчора я пыталася пра мясцовы гатунак каўбаскі (у Мінску такой не бачыла), і на наступны дзень прапанавалі пакаштаваць: свежанькую падвезлі. У іншай — цікавяцца, ці спадабалася марожанае з перцам чылі, таксама мясцовае вынаходства. А ў буціку адзення — вы праходзіце міма, але дзверы адчыненыя, бо на вуліцы спякота — прапануюць прымераць кофтачку, таму што ўчора не было патрэбнага памеру, а сёння ёсць. І каву за дзве гадзіны да адкрыцця гатовыя зварыць, калі ўжо вам не спіцца... Рака Піна, што дала назву гораду, таксама мае свой «кантраст». Ёсць дзве версіі яе назвы — ці то ад старажытнаіндыйскага «pіnas» («вялікі», «тоўсты»), ці то ад фінскага прыметніка «маленькі». Гісторыкі спрачаюцца...

Драўляны ровар і палеская містыка

У Пінску (як, дарэчы, і ва многіх нашых гарадах і мястэчках, што прыемна, на мой погляд) за аснову ў турыстычнай галіне бярэцца падыход, які можна апісаць модным словам «імерсіўнасць» («паглыбленне»). У Пінску ён выяўляецца асабліва ярка. Тут робіцца акцэнт на максімальную непадобнасць і своеасаблівасць. Госцю прапануецца стаць нават не даследчыкам, а, скажам так, «адным з мясцовых». Такі падыход сёння лічыцца ў сусветнай туріндустрыі больш сучасным — пра гэта разважаюць і пішуць прафесіяналы турбізнесу.

Што паглядзець у Пінску? Напрыклад, езуіцкі калегіум — надзвычайна прыгожы будынак у барочным стылі. Стаіць ён тут з XVІІ стагоддзя і да гэтага часу выдатна выглядае. Унутры вузкія лесвіцы, выцертыя тысячамі далоняў парэнчы, вокны з элементамі рэнесансу, высокія столі, чорна-белая плітка на падлозе, як у гістарычным кіно. У будынку размешчаны Музей Палесся — велізарная экспазіцыя, унікальныя экспанаты (а ўваход усяго 5 рублёў): каменны саркафаг

XІІ стагоддзя з ружовага сланцу, знойдзены ў 1960-х падчас раскопак у Тураве; біўні і фрагменты шкілета маманта — іх палеантолагі адшукалі непадалёк, на Брэстчыне; драўляны ровар, які ў 1933 годзе зрабіў жыхар вёскі Багданаўка Васіль Ільючык і прадаў дырэктару пінскага музея Дзмітрыю Георгіеўскаму за 10 злотых.

Таксама можна паглядзець на дом Якуба Коласа. Класік пражыў у Пінску тры гады (з 1912-га па 1915-ы), і гэтыя гады былі лёсавызначальнымі для яго. Менавіта тут малады геній сустрэў будучую жонку, і менавіта ў Пінску адбылося іх вяселле.

Яшчэ адзін турыстычны пункт — Палац Бутрымовіча (барока і класіцызм), камень у падмурак якога заклаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

  • Бясспрэчна, варты наведвання трохнефны сабор Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі — сэрца архітэктурнага комплексу манастыра францысканцаў. Пабудаваны ў XІV стагоддзі, дагэтуль мяккім перазвонам ён кожную раніцу будзіць горад. Унутры прыгажосць ані меншая, чым у шырока растыражаваных Гервятах, але свая, унікальная. Фатаграфаваць і здымаць відэа нельга, аднак калі «толькі для сябе», то вам могуць дазволіць. А па выхадных у касцёле іграе арган.

Містыка? Ды колькі заўгодна! Калі (як мне) вам нікуды з Пінска з’язджаць не х

очацца, яе можна знайсці і ў цэнтры горада: калі ласка, гасцініца «Англійская». Адкрыў яе ў 1925 годзе нехта Моўша Шміт (калісьці Пінск лічыўся яшчэ і яўрэйскай сталіцай беларускай зямлі). Гасцініца была шыкоўнай. У кожным нумары ўладальнік усталяваў цуд тэхнікі — тэлефон, а першы паверх займаў найлепшы ў горадзе рэстаран і кабарэ «Парадыз». Тут збіраліся афіцэры, багатыя маладыя людзі, нярэдкія былі бойкі і дуэлі — у тым ліку з-за чароўных жаночых вачэй. Паводле легенды, адзін з аматараў прыгожага жыцця пакінуў маладую жонку дзеля прыгажуні-спявачкі, а пакінутая жанчына скончыла жыццё самагубствам. І дагэтуль яе дух блукае па калідорах «дома Шміта» (дзе забаўляўся яе здраднік-муж), стогнучы і ўздыхаючы.

Помнік пінчуку і мясцовае харчаванне

З пазнейшых «сведак гісторыі» варта паглядзець помнік Леніну — быццам бы апошні з устаноўленых у гарадах БССР. Ільіч у Пінску таксама незвычайны: не замёр у звыклай позе турыста, што галасуе на аўтатрасе, а бадзёра крочыць да светлай будучыні. Ну і, вядома, абавязкова трэба наведаць помнік пінчуку. Стаіць ён горда, а надпіс паведамляе: «Па-першае, я з Пінска...». Лічыцца, што статуя выконвае жаданні: трэба толькі пацерці ёй нос. Нос у «пінчука» нацёрты да бляску. Зрэшты, можна патрымаць яго і за руку — гэта таксама, кажуць, дорыць удачу.

З грамадскім харчаваннем у Пінску ўсё ў парадку. Нават на пешаходнай вуліцы Леніна па мінскіх мерках зусім не дорага, прытым што порцыі сапраўды вялікія. Кажуць, раней морапрадуктамі кармілі на карабліку-рэстаране непадалёк ад гасцініцы «Прыпяць». Караблік на рацэ сапраўды стаіць, але рэстаран зачынены. Зрэшты, побач ёсць пельменная — не так экзатычна, затое смачна. Плюс у мясцовых рэстаранах раз-пораз праходзяць розныя акцыі. Варта было б расказаць пра пінскі кірмаш з мясцовымі разнасоламі, але пра гэта трэба пісаць асобны артыкул.

Калі ўсё вышэйпералічанае для вас не падстава пабываць у «сталіцы Палесся», ужо і не ведаю, што вам яшчэ трэба!

Аляксандра Анцэлевіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю