Кожную зіму вуліцы прыгранічнага горада Хэйхэ ў правінцыі Хэйлунцзян (Паўночна-Усходні Кітай) ажываюць дзякуючы аўтамабілям, якія перамяшчаюцца па снезе і лёдзе, перадае «Сіньхуа».
Нізкія тэмпературы ў Хэйхэ калісьці лічыліся недахопам, аднак дзякуючы ім горад паступова ператвараецца ў ідэальнае месца для тэсціравання і дапрацоўкі аўтамабіляў ва ўмовах экстрэмальнага холаду. Асабліва на фоне таго, як Кітай рухаецца наперад да сваёй мэты пераходу на больш экалагічныя і высакаякасныя электрамабілі.
«Кожная мадэль аўтамабіля праходзіць серыю тэстаў, перш чым патрапіць на рынак, і зімой Хэйхэ — ідэальнае месца для гэтага», — заявіў кіраўнік аўтамабільнага выпрабавальнага прадпрыемства SAIC-GM-Wuling (SGMW) Ван Луян.
Нагадаем, кожны год прыкладна на працягу 140 дзён Хэйхэ пакрыты снегам, і тэмпература тут часта апускаецца ніжэй мінус 20 градусаў. У выніку ўсё большая колькасць кампаній, якія займаюцца тэсціраваннем аўтамабіляў, пашыраюць тут сваю дзейнасць, каб задаволіць попыт. Напрыклад, мясцовая вядучая кампанія ў сферы тэсціравання аўто Heilongjiang Red Valley Automobile Test Co., Ltd. цяпер кіруе больш за 10 выпрабавальнымі палігонамі ў халодных умовах і супрацоўнічае з больш за 100 аўтаканцэрнамі, вытворцамі запчастак і навукова-даследчымі інстытутамі, як унутры краіны, так і за мяжой.
Сезон аўтамабільных выпрабаванняў у Хэйхэ доўжыцца з лістапада па сакавік, што забяспечвае сюды пастаянны прыток інжынераў і вадзіцеляў-выпрабавальнікаў з усяго свету. Падчас сезона тэстаў 2024-2025 гг. 88 аўтавытворцаў прыехалі сюды са 1823 аўтамабілямі і 2258 супрацоўнікамі для правядзення выпрабаванняў.
Вялікі прыток людзей надае імпульс эканамічнаму развіццю рэгіёна. Мясцовыя фермеры, якія некалі сутыкаліся з доўгімі зімовымі прастоямі, зараз знаходзяць магчымасці на выпрабавальных палігонах, дапамагаючы ў абслугоўванні абсталявання і ўборцы снегу. Акрамя таго, горад павялічыў інвестыцыі ў сферу інфраструктуры, каб падтрымаць правядзенне іспытаў у халодных умовах. Тут была створана 3,2-кіламетровая тэставая траса для аўтаномных транспартных сродкаў з інтэлектуальным падключэннем ўзроўню L4, а таксама больш за 570 зарадных калонак.
Укараняючы перадавыя тэхналогіі для пашырэння сваіх магчымасцяў у галіне аўтамабільнага тэсціравання, Хэйхэ мае намер пераадолець сезонныя абмежаванні на правядзенне выпрабаванняў. У горадзе завершана будаўніцтва ўсесезоннага выпрабавальнага цэнтра ва ўмовах нізкіх тэмператур і новага энергетычнага праекта на сонечных батарэях, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю да мая. Гэта дазволіць праводзіць выпрабаванні аўтамабіляў круглы год і прыцягне яшчэ больш глабальных аўтамабільных прадпрыемстваў.
«Хэйхэ цяпер з’яўляецца адным з асноўных месцаў для правядзення аўтамабільнага тэсціравання ў халодных умовах у Кітаі, — адзначыў намеснік кіраўніка ўпраўлення прамысловасці і інфарматызацыі г. Хэйхэ Лю Сінмін. — Умацоўваючы інфраструктуру і пашыраючы магчымасці абслугоўвання, а таксама стымулюючы лічбавую трансфармацыю, мы імкнёмся садзейнічаць высакаякаснаму развіццю індустрыі аўтамабільных выпрабаванняў у халоднае надвор’е».