Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога
Кіраўніку дзяржавы даложана аб графіку мерапрыемстваў на наступным тыдні. Яны будуць прысвечаны ўборачнай кампаніі, рэалізацыі інвестпраектаў з замежнымі партнёрамі, разгляду кадравых пытанняў. Падведзены вынікі нядаўніх рабочых паездак у рэгіёны, абмеркавана планаванне далейшай работы Аляксандра Лукашэнкі ў абласцях.
Прэзідэнт на будучым тыдні плануе правесці селектарную нараду аб ходзе ўборачнай кампаніі. Гэтая тэма заўсёды актуальная, асабліва з прычыны высокага ўраджаю гэтага года, які пакуль яшчэ ў асноўным стаіць на палях. Яго трэба своечасова ўбраць і, што немалаважна, — захаваць. Таму і з улікам умоў надвор’я кіраўнік дзяржавы акцэнтуе ўвагу на неабходнасць зладжанай работы зернесушыльнага комплексу. Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў не зніжаць тэмпы нарыхтоўкі травяных кармоў.

Асобна Прэзідэнт пазначыў пытанне па забеспячэнні ўборачнай кампаніі палівам пад поўную патрэбу. Праблем у гэтай сферы няма, але спецыяльна створаная рабочая група выявіла выпадкі крадзяжу паліва. Акцэнт быў зроблены на недапушчальнасць падобных фактаў, асабліва на фоне дэфіцыту паліўных рэсурсаў у рэгіёне і свеце.
Плануецца правесці нараду аб ходзе рэалізацыі найважнейшых інвестпраектаў з удзелам Беларусі за мяжой. Адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца ў развіццё дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні з ключавымі партнёрамі ў Азіі і Афрыцы, у тым ліку па выніках нядаўняй комплекснай камандзіроўкі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы лічыць недастатковай дынаміку рэалізацыі шэрагу намечаных праектаў, якія патрэбны, каб замацавацца на новых рынках.
Што датычыцца разгляду кадравых пытанняў, тут асноўны ўпор будзе зроблены на мясцовую вертыкаль улады. З Прэзідэнтам падчас даклада абмеркаваны кандыдатуры, якія ўносяцца на разгляд. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і надалей будзе рабіцца сур’ёзны ўпор на перанос кіраўніцкіх паўнамоцтваў уніз — на ўзровень старшыняў райвыканкамаў. Гэта звязана з мерамі па павышэнні іх ролі ў развіцці таго ці іншага раёна.
Дзмітрый Крутой далажыў кіраўніку дзяржавы аб фарміраванні пратакола даручэнняў па выніках рабочых паездак Прэзідэнта ў Шклоўскі і Аршанскі раёны. Адна з тэм, якая будзе адлюстравана ў дакуменце, датычыцца вапнавання глеб. Па ступені важнасці беларускі лідар лічыць гэты праект супастаўным з задачамі па меліярацыі. У пратаколе даручэнняў будуць пытанні, якія датычацца рэалізацыі дамоўленасцяў аб супрацоўніцтве з Узбекістанам.
Заключны тэматычны блок у дакладзе датычыўся падрыхтоўкі далейшай работы Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёнах. Мяркуецца, што ў хуткім часе кіраўнік дзяржавы наведае Брэсцкую і Гомельскую вобласці, дзе мае намер азнаёміцца з рэалізацыяй інавацыйных праектаў, развіццём фермерскіх гаспадарак, ацэніць работу цалкам айчыннага прэс-падборшчыка.
«11-11,5 мільёна тон бачым як базавую задачу»
У размове з журналістамі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падрабязна спыніўся на асноўных момантах дакладу. Паводле яго слоў, першы блок пытанняў датычыўся будучага графіка работы Прэзідэнта. «Літаральна на наступным тыдні адбудзецца ў прынцыпе традыцыйнае, але вельмі важнае мерапрыемства. Гэта селектарная нарада, прысвечаная пачатку і ходу ўборкі, — анансаваў ён. — І Прэзідэнтам быў зроблены даволі шырокі агляд гэтага мерапрыемства. Ён паглядзеў дакументы і з улікам таго, што ён у апошнія дні ў тым ліку на верталёце паглядзеў вельмі шмат палёў у розных рэгіёнах нашай краіны, адзначана, што ў прынцыпе ўраджай сёння не горшы за ўзровень мінулага года. Наша задача цяпер яго проста сабраць».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта нагадаў, што летась аграрыі ўстанавілі рэкорд — сабралі 11,5 мільёна тон. «Паўтарыць яго, як базавая задача, будзе няпроста, — заўважыў Дзмітрый Крутой. — Але з улікам таго, што на сённяшнюю раніцу ў нас сабраны першы мільён тон і ўраджайнасць вышэйшая за мінулы год на 10 %, як асноўную ўжо задачу Прэзідэнт бачыць усё ж такі невялікую прыбаўку, таму што тут няма нейкай пагоні менавіта за лічбамі, за тонамі. Але ён правільна адзначае, што ў нас актыўна развіваецца жывёлагадоўля і патрэбна адпаведная кармавая база. Прэзідэнт успомніў, што калісьці ў сярэдзіне 90-х мы марылі аб 5 — 5,5 мільёна тон, а сёння ўжо 11 — 11,5 мільёна бачым як базавую задачу. Гэта сведчыць пра ўплыў гэтай галіны на эканоміку нашай рэспублікі і пра тую ўвагу, якая ёй абсалютна справядліва ўдзяляецца. Таму як базавая задача — узровень мінулага года, як асноўная задача — гэта плюс 10 %. Але магчыма ў рамках селектара Прэзідэнт яшчэ над гэтым паразважае, задача будзе крыху скарэкціравана».
«Прэзідэнт даручыў не зніжаць тэмпы нарыхтоўкі травяных кармоў»
Другая асаблівасць цяперашняй уборачнай кампаніі — гэта тое, што вельмі шмат работ ажыццяўляецца фактычна адначасова, дадаў Дзмітрый Крутой: «Прэзідэнт даручыў не зніжаць тэмпы нарыхтоўкі травяных кармоў з улікам надвор’я, якое якраз у гэтай частцы вельмі сур’ёзна нам дапамагае. Вельмі нядрэнна прайшоў першы ўкос траў, ужо прыбралі палову другога ўкосу. І таксама плюс ад 6 да 20 % у залежнасці ад віду кармоў у нас прыбаўка. Таму травяныя кармы мы таксама не павінны страціць. І таму, вядома, частка рэсурсаў будзе задзейнічана на гэты кірунак».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама закрануў тэму капрызаў надвор’я, якая часта з’яўляецца ў СМІ. «На селектары будзе абмяркоўвацца работа збожжа-сушыльна-ачышчальных комплексаў, якія, магчыма, у папярэднія гады былі задзейнічаны не ў тым аб’ёме, у якім яны спатрэбяцца цяпер, — адзначыў ён. — Гэтая тэма будзе аб’ектам пільнай увагі, бо адзін дзень прастою названага комплексу — гэта запаволенне тэмпаў уборкі, гэта страта ўраджаю, таму што збожжа будзе ў большай вільготнасці, чым трэба па нарматыве. І гэта цягне за сабой цэлы ланцужок наступстваў. На селектары гэта будзе абмяркоўвацца асобна».
Нядбайнае стаўленне ў сферы забеспячэння палівам недапушчальнае
Апошні момант, які ў рамках мерапрыемства пазначыў беларускі лідар, — гэта сітуацыя з палівам. «Яна абсалютна спакойная і кіраваная ў рамках уборачнай кампаніі, але спецыяльна створаная Прэзідэнтам рабочая група выявіла факты крадзяжу паліва», — акцэнтаваў Дзмітрый Крутой.
Асаблівасць моманту ў тым, звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, што на фоне розных геапалітычных падзей цэны на нафту, а значыць і паліва, растуць па ўсім свеце. «І калі ў нас унутры краіны прыняты рашэнні па забеспячэнні па поўнай патрэбнасці ўборачнай кампаніі дэфіцытнымі відамі паліва, такое нядбайнае стаўленне (факты крадзяжу, хабарніцтва) у гэтай сферы проста недапушчальнае. Асабліва цяпер, асабліва ў моманце, таму што правільна сказаў Прэзідэнт, „ну як добрасумленным суб’ектам глядзець на вось гэта ўсё бязладдзе і што, улада не можа прыняць ніякіх рашэнняў?“. Вядома, можа. І яны будуць самымі жорсткімі», — падкрэсліў Дзмітрый Крутой.
«Гэта будзе вельмі добрая, карысная размова на злобу дня»
Другое мерапрыемства наступнага тыдня кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама лічыць вельмі важным. «Гэта нарада аб ходзе рэалізацыі найважнейшых інвестыцыйных праектаў Рэспублікі Беларусь за мяжой, — анансаваў ён, адзначыўшы, што нарада пройдзе з улікам нядаўняй вялікай камандзіроўкі Прэзідэнта. - Нашы апорныя краіны, пачынаючы ад Кітая, заканчваючы краінамі Азіі і тымі краінамі Афрыкі, у якіх мы актыўна працуем і якія наведваў наш лідар, альбо прэзідэнты гэтых краін былі ў нас, наш кіраўнік лічыць, што дынаміка гэтых інвестпраектаў на сённяшні дзень не зусім здавальняючая. Цяпер вельмі добры момант заслупавацца на рынках гэтых краін».

У якасці такога прыкладу Дзмітрый Крутой прывёў Інданезію — краіну, якая ўваходзіць у «топ-4» па насельніцтве. «Велізарная патрэба ў рознай прадукцыі, але звычайнага гандлю ўжо на сённяшні дзень мала, — заўважыў ён. — І для таго, каб устойліва і на доўгія гады замацавацца на гэтых рынках, нам патрэбныя сумесныя інвестыцыйныя праекты менавіта ў гэтых рэгіёнах».
У першую чаргу размова — пра зборачныя вытворчасці. «Вядома, ніхто гатовыя нашы заводы туды пераносіць не будзе. Але знайсці гэты баланс, як гаворыць Прэзідэнт, падзяліць ланцужок дабаўленай вартасці правільным чынам, каб той сумесны прадукт, які будзе, дапусцім, у Інданезіі, Кітаі, Узбекістане або ў краінах Афрыкі мог трапляць пад мясцовыя праграмы субсідзіравання. Гэта, вядома, задача нашага прамысловага блока, аграпрамысловага блока і іншых галін, якія займаюцца адпаведнымі праектамі», — канкрэтызаваў Дзмітрый Крутой.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт заслухае даклады замацаваных службовых асоб. «Я думаю, што гэта будзе вельмі добрая, карысная размова на злобу дня. І яна будзе датычыцца менавіта важнага інвестыцыйнага складніка і нашых інвестыцый за мяжой», — удакладніў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Будзе працягвацца такі сур’ёзны ўпор пераносу кіраўніцкага ціску ўніз, на ўзровень старшыняў райвыканкамаў»
Трэцяя тэма, на якой спыніўся Дзмітрый Крутой, — кадравы дзень. «Ён можа быць не такі маштабны, не такі гучны, як многім здаецца. Там у асноўным упор будзе зроблены на кадры мясцовай вертыкалі ўлады, — звярнуў увагу ён. — Абмеркаваны кандыдатуры, якія ўнесены Прэзідэнту на разгляд. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і далей будзе працягвацца такі сур’ёзны ўпор пераносу кіраўніцкага ціску ўніз, на ўзровень старшыняў райвыканкамаў. І тыя задачы, якія пастаянна ставіць Прэзідэнт, наведваючы адпаведныя раёны, якія датычацца аднаўлення базавых арганізацый, якія датычацца кадравага маніторынгу і замацавання адпаведных спецыялістаў на месцах, пытанні арэнднага жылля, нашы вялікія рэгіянальныя праграмы накшталт „Адзін раён — адзін праект“ і гэтак далей — яны будуць пастаянна ў фокусе ўвагі кіраўніка краіны».
І ўсе рашэнні, якія датычацца спрашчэння, стымулявання эканамічнай актыўнасці менавіта ўнізе, будуць прымацца неадкладна, дадаў Дзмітрый Крутой: «Адпаведныя паўнамоцтвы ўжо ў асноўным перададзеныя ўніз. Але тым не менш цяпер ужо будзем у гэтай пяцігодцы глядзець, як яны працуюць і як нашы старшыні райвыканкамаў імі карыстаюцца».
Вапнаванне глеб і меліярацыя
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама расказаў, што абмяркоўваўся пратакол даручэння кіраўніка дзяржавы па выніках паездкі ў Шклоўскі і Аршанскі раёны. Акрамя лакальных пытанняў надалі ўвагу тэме вапнавання глеб. Прэзідэнт лічыць, што праект па ступені важнасці супастаўны з меліярацыяй, якой мы пачалі займацца ў свой час. Абмяркоўвалася і меліярацыя, каб мы не страцілі дынаміку, таму што ў мінулай пяцігодцы былі дасягнуты нядрэнныя параметры, — удакладніў Дзмітрый Крутой. — Гэта развіццё племянной жывёлагадоўлі, чырвонай пароды жывёлы, якая выклікае столькі абсалютна справядлівых і аб’ектыўных дыскусій. Можа яна стаць нейкім такім дадатковым пунктам росту для аграпрамысловага комплексу нашай рэспублікі ці ў нас іншыя планы. Усе гэтыя комплексныя пытанні будуць зафіксаваны ў адпаведным пратаколе. Там жа, напэўна, мы закранём тэму дамоўленасцяў з Узбекістанам, таго шырокага пакета, які падрыхтаваны па выніках візіту Прэзідэнта Узбекістана да нас і той вялікай работы, якая ўжо праведзена на працягу апошніх двух тыдняў«.

Наперадзе — Брэст і Гомель
Апошні блок — далейшая работа Прэзідэнта ў рэгіёнах. «Кіраўнік дзяржавы ўжо ў прынцыпе анансаваў, што не будзе здраджваць сваім традыцыям, калі такая гарачая ўборачная пара. Наступнымі ў нас на чарзе будуць, напэўна, Брэсцкая і Гомельская вобласці, — канкрэтызаваў Дзмітрый Крутой. — У Брэсцкай вобласці — гэта работа нашага прэс-падборшчыка — цалкам лакалізаванага, імпартазамяшчонага. Прэзідэнт хоча ўбачыць абсалютна сумленную інфармацыю, якая датычыцца кампанентнага складніка гэтай машыны, якая ў нас атрымалася. Яна нядаўна працавала на нарыхтоўцы зялёнай масы ў Бабруйскім раёне, праявіла сябе нядрэнна. Але ў Брэсцкай вобласці Прэзідэнт паглядзіць, як яна будзе спраўляцца з саломай.
Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, гэты прэс-падборшчык — абсалютна новы прадукт, таму трэба будзе ацаніць яго ў параўнанні з імпартнымі аналагамі. Акрамя гэтага, у цэнтры ўвагі ў Брэсцкай вобласці будзе і работа кампаніі „Савушкін прадукт“. Тут кіраўніку дзяржавы прадэманструюць шэраг інавацыйных праектаў.
Падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з дзейнасцю фермерскіх гаспадарак, анансаваў Дзмітрый Крутой. Ён адзначыў важкі ўклад фермераў у вытворчасці агародніны, ягад, актыўны ўдзел у фарміраванні стабілізацыйных фондаў.
„Прэзідэнт хоча на прыкладзе канкрэтных фермерскіх арганізацый паглядзець, як працуе сістэма стымулявання, субсідзіравання. Пачалася новая пяцігодка. Можа быць, паслухаўшы фермераў, патрэбна яшчэ нейкая падтрымка, якая, безумоўна, будзе аказана, — заявіў Дзмітрый Крутой. — Таму што, акрамя раслінаводства, фермеры займаюць вельмі сур’ёзную ўдзельную вагу ў гародніне, у ягадах і актыўна ўдзельнічаюць сёння ў сістэме стабілізацыйных фондаў: ад „баршчовага набору“ да іншых відаў культур, і таму, безумоўна, гэты сегмент будзе падтрымлівацца“.
«Гарачы хайп» для нашай збеглай апазіцыі»
Не менш важнай тэмай стала абмеркаванне узбекскіх працоўных мігрантаў. Здавалася б, Прэзідэнт расставіў усе кропкі над «і», але ў сацыяльных сетках з’яўляюцца «ўкіды» аб незадаволенасці ўзбекскіх гасцей умовамі і аплатай працы. У гэтай сувязі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта яшчэ раз растлумачыў, ці варта насамрэч камусьці перажываць.
«Тэма абсалютна не апраўданая, раздзьмутая інфармацыйна. Натуральна, гэта нейкі „гарачы хайп“ для нашай збеглай апазіцыі, як з Пакістанам, калі памятаеце. Ужо ніхто пра міфічных пакістанцаў не згадвае, — выказаў упэўненасць ён. — Ужо шмат гадоў дзейнічае сістэма знаходжання працоўных мігрантаў у нашай рэспубліцы. І з улікам шматгадовага вопыту ў гэтай сферы літаральна нядаўна, у пачатку чэрвеня, урадам (а гэта цалкам зона адказнасці ўрада) па рашэнні нашага Прэзідэнта была прынята абноўленая пастанова, дзе мы ўлічылі ўсе напрацоўкі нашых ведамстваў: ад Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў да рэгіянальных уладаў. Гэты дакумент у абноўленым выглядзе наш Прэм’ер-міністр падпісаў».
Што датычыцца мігрантаў, у цэлым сітуацыя і схема абсалютна, па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, зразумелая. «Аснова або падмурак гэтай сістэмы — гэта заяўка ад кіраўнікоў нашых арганізацый, і такія заяўкі фарміруюцца, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Ёсць адпаведнае кадравае агенцтва і ў нас, і ў краіне, адкуль гэтыя працоўныя мігранты збіраюцца да нас прыехаць. Ёсць фільтр нашых пасольстваў, якія абавязкова праглядаюць гэтыя спісы, правяраюць людзей, у першую чаргу, па іх добранадзейнасці з пункту гледжання ўчыненых правапарушэнняў. І потым ужо яны прыязджаюць да нас у краіну, з гэтым кіраўніком, які падаваў на іх заяўку, заключаюць працоўны дагавор, дзе выразна прапісваюцца ўсе ўмовы, звязаныя з заработнай платай, з выпрацоўкай, з прэміямі».
«Яны маюць тыя ж абсалютна ўмовы, што і нашы беларусы»
Яшчэ адзін важны момант — жыллёвае пытанне. Тут выкарыстоўваюцца розныя формы жыллёвага найму: ад гасцініц і інтэрнатаў там, дзе яны ёсць, да паслуг арэнднага жылля і новапабудаванага. «Тут яны маюць тыя ж абсалютна ўмовы, што і нашы беларусы. Калі гэта пустуючыя дамы і яны ў рамках невялікіх раёнаў трапляюць у адпаведную базу (гэта асобная сістэма), вылучаюцца рэсурсы, гэтыя дамы прыводзяцца ў парадак. Гэта больш хуткі спосаб аднаўлення менавіта гэтай жыллёвай праграмы, і людзі атрымліваюць жыллё, — пералічыў Дзмітрый Крутой. — Калі яны прыязджаюць сем’ямі, жонка і дзеці адпаведным чынам таксама сацыялізуюцца. Ёй прадастаўляецца праца, дзеці ідуць у школу, у дзіцячы сад, ніякай дыскрымінацыі тут няма. Абсалютна зразумелая, выразная сістэма, якая працуе шмат гадоў».
Гаворачы аб тэме Узбекістана, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта заўважыў, што людзі не вельмі пачулі пра тое, аб чым гаварылі наші лідары. «Таму што спецыфіка менавіта апошніх перагавораў і апошніх дамоўленасцяў у тым, што лідары нашых краін гаварылі аб інвестыцыях, што гэта — інвестыцыі. Просты гандаль у нас з Узбекістанам складваецца нядрэнна. Але ўзбекі, убачыўшы, што мы рэалізавалі шэраг вельмі добрых праектаў, звязаных з машынабудаваннем (БелАЗ, МАЗ і іншыя нашы флагманы), сфера перапрацоўкі мясной прадукцыі (птушка "Сервалюкс"), лёгкая прамысловасць (Mark Formelle і гэтак далей). Яны ўбачылі, што мы сур’ёзныя партнёры, і Прэзідэнт Узбекістана выступіў з сустрэчнай ініцыятывай», — растлумачыў Дзмітрый Крутой.

Ён дадаў, што для краіны з насельніцтвам у 39 мільёнаў пытанне харчовай бяспекі стаіць на першым месцы. «І ў Беларусі яны хацелі б рэалізаваць інвестыцыйныя праекты, звязаныя з аграпрамысловай перапрацоўкай, у першую чаргу, і пастаўляць атрыманую прадукцыю, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Апошнія абмеркаванні датычыліся бульбы. Здавалася б, мы ў Беларусь таксама ў сакавіку-красавіку завозім самую раннюю ўзбекскую бульбу, але потым у іх пачынаецца спякота. І да верасня-кастрычніка ў іх проста няма позніх гатункаў бульбы. І таму на рынку надыходзіць дэфіцыт. І яны ў рамках адпаведных інвестыцыйных праектаў у нас маглі б займацца пастаўкамі бульбы сабе ў краіну».
І пад гэтыя інвестыцыйныя праекты, прадоўжыў Дзмітрый Крутой, яны б прыцягнулі свае працоўныя рэсурсы. «Гэта не абсалютна бескантрольная нейкая міграцыя. Гэта міграцыя, як сказаў Прэзідэнт Узбекістана, пад яго фактычна асабістым кантролем. І тыя спецыялісты, якія прыедуць і будуць працаваць на гэтых інвестыцыйных праектах або асвойваць гэтыя інвестыцыйныя пляцоўкі, якія мы ім дадзім, будуць мець адпаведную кваліфікацыю і падрыхтоўку, — заўважыў ён. — Таму гэта найважнейшы момант на самай справе. І тое, што пачынаюць выдзіраць словы з кантэксту, дадумваць і гаварыць, што гэта прыедуць нейкія „гастарбайтары“, якія будуць зарабляць грошы і тут жа адсылаць іх сваім родным ва Узбекістан, а тут у нас не будзе нічога заставацца, у нас у рэспубліцы абсалютна не так. Схема складаецца менавіта такім чынам, каб гэта было выгадна і Узбекістану, і Рэспубліцы Беларусь».
Інвестыцыйная міграцыя
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама патлумачыў, чаму для працаўладкавання мігрантаў была абраная менавіта Віцебская вобласць. «Калі мы гаворым аб мясной жывёлагадоўлі і аб мясных пародах жывёлы, натуральна, гэта рэгіён, які сёння валодае каласальным патэнцыялам менавіта па травяных кармах. Ёсць адпаведныя пляцоўкі, ёсць адпаведныя аб’екты. І ў рамках падпісаных у праграме пяцігодкі раёнаў Віцебскага Паазер’я і паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці наш Прэзідэнт сказаў: „Няўжо мы там не падбяром адпаведныя інвестыцыйныя рэсурсы?“. Вядома, падбяром, і губернатары гэтым займаюцца, — заўважыў Дзмітрый Крутой. — І наогул цэнтральным звяном у інвестыцыйнай дзейнасці становяцца менавіта губернатары. Такіх людзей Прэзідэнт Узбекістана адразу ж вызначыў у рамках візіту. І наш лідар адпаведным чынам таксама адрэагаваў. Сёння губернатары Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласці займаюцца актыўна адпаведнымі праектамі. Будуць падабраныя некалькі малочнатаварных комплексаў, якія будуць асабіста патранаваць лідары нашых краін. Вядома, там будуць працаваць спецыялісты і Узбекістана, і Беларусі».

Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, гэта ўсё ж такі інвестыцыйная міграцыя. «Калі гаварыць вось у цэлым, колькі ўзбекаў сёння знаходзіцца ў Беларусі і чым яны тут займаюцца — у органах міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў на сённяшні дзень зарэгістравана каля 4 тысяч чалавек, якія альбо ў рэжыме пастаяннага пражывання, альбо ў рэжыме часовага пражывання знаходзяцца ў нас у рэспубліцы і занятыя ў нашай эканоміцы. Плюс ёсць студэнты, якія вучацца ў нашых ВНУ або атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. І ёсць людзі, якія проста прыехалі ў нашу краіну па сваіх справах або да сваіх сваякоў, але яны таксама на ўліку. Таму абсалютна ўвесь працэс выразна зарэгуляваны, ён зразумелы, ён даведзены да нашых калег ва Узбекістане», — паведаміў ён.
Дзмітрый Крутой таксама адзначыў, што зараз у СМІ пішуць пра тое, што Расія робіць больш жорсткім сваё заканадаўства, ледзь не масавыя пачынаюцца дэпартацыі грамадзян Узбекістана. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта супакоіў тых, хто лічыць, што гэтыя мігранты раптам самі паедуць да нас. «У нас з Расіяй шмат гадоў дзейнічае адзіная міграцыйная прастора, і паміж органамі ўнутраных спраў існуе адзіная база, па якіх чалавек адразу правяраецца. Калі ён здзейсніў нейкія правапарушэнні і дэпартаваны з Расіі, натуральна, ён у Беларусь таксама не трапіць. Гэта нашы калегі выдатна разумеюць, таму што ў нас няма як такой граніцы з Расійскай Федэрацыяй і, натуральна, мы такіх людзей, калі б у нас былі розныя базы, розныя сістэмы, проста фізічна не змаглі б кантраляваць. Але яны дакладна ведаюць, што ў нас адна мадэль, адна прастора і адзіная база, таму ніхто такімі рэчамі не займаецца, і тут таксама ніякай боязі ў нас быць не павінна», — рэзюмаваў Дзмітрый Крутой.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА