Top.Mail.Ru

Грамадскі запыт на мір і эканамічны рост вызначылі заканадаўчыя прыярытэты

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі на закрыцці другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання.


Аб курсе кіраўніка дзяржавы, які цалкам падтрымаў беларускі народ

Завяршаецца другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. Яна прайшла ў перыяд найважнейшых для нашай краіны, яе будучыні палітычных падзей. Вынікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі наглядна паказалі ўсяму свету сталасць беларускага грамадства, яго волю да стварэння моцнай, незалежнай Беларусі. Наш народ цалкам падтрымаў курс кіраўніка дзяржавы на мір, эканамічны рост і сацыяльную справядлівасць, народнае адзінства і захаванне традыцыйных духоўных каштоўнасцяў. Гэты грамадскі запыт і вызначыў у канчатковым выніку заканадаўчыя і міжнародныя прыярытэты другой сесіі, работу дэпутатаў у выбарчых акругах. Прынята 67 законапраектаў.

Аб эканоміцы

Ключом да ўстойлівага развіцця краіны на доўгатэрміновую перспектыву з’яўляецца здаровая, канкурэнтная і адаптыўная эканоміка. Контуры будучай эканамічнай стратэгіі былі абмеркаваны дэпутацкім корпусам пры разглядзе пытання аб адабрэнні Праграмы дзейнасці ўрада на 2025 — 2029 гады. Яе палажэнні грунтуюцца на аналізе бягучай сітуацыі ў нацыянальнай эканоміцы, якая другі год запар дэманструе рост тэмпамі, вышэйшымі за сярэднесусветныя, чаму ў пэўнай ступені садзейнічалі і аператыўныя заканадаўчыя рашэнні.

Значным крокам стала прыняцце бюджэтна-падатковага пакета законаў на 2025 год, якія стварылі надзейныя фінансавыя ўмовы для вырашэння задач завяршальнага года пяцігодкі. Важна, што бюджэт захоўвае сацыяльную накіраванасць.

Разгледжаны шэраг законапраектаў, якія датычацца канкрэтных галін эканомікі. Яны накіраваны на абарону айчынных вытворцаў, удасканаленне прадпрымальніцкай дзейнасці, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі, стабільнасці фінансавага рынку, забеспячэнне максімальнай занятасці насельніцтва.

256139-06.jpg

Прыняты новыя законы «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы», «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», «Аб рыэлтарскай дзейнасці».

Імклівая лічбавізацыя ўсіх сфер жыцця запатрабавала вызначэння перспектыў развіцця лічбавага права. І частка рэкамендацый па выніках парламенцкіх слуханняў, якія датычацца рэгулявання лічбавай эканомікі і фарміравання лічбавай дзяржавы, ужо ў працэсе рэалізацыі.

Па запытах выбаршчыкаў вырашаны наспелыя пытанні рэгістрацыі нерухомай маёмасці, прадоўжана зямельная амністыя.

Створаны дадатковыя прававыя механізмы для фарміравання пенсіённых правоў грамадзян і барацьбы з зарплатамі «ў канвертах». Толькі за мінулы год па выніках адпаведных кантрольных мерапрыемстваў у бюджэт даналічана 44,5 млн рублёў.

Аб сацыяльных гарантыях

Заканадаўча ўзмоцнены сацыяльныя гарантыі асобным катэгорыям ветэранаў вайны, былым вязням фашызму, ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі сумежных краін, сужэнцам загінулых ваеннаслужачых. Урэгуляваны пытанні забеспячэння абароны дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю, пашыраны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў для прадухілення злачынстваў супраць непаўналетніх. Пазітыўны водгук у грамадстве атрымала паслядоўная работа па гуманізацыі крымінальнага заканадаўства, роўна як і прыняцце Закона аб амністыі, прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Аб задачах на наступную сесію

За названы перыяд зроблена нямала. Наперадзе работы яшчэ больш. Хацеў бы звярнуць увагу, што сёння, 30 чэрвеня, — роўна 15 месяцаў нашай дзейнасці. Чацвёртая частка работы восьмага склікання. Удумайцеся, як хутка ляціць час.

На што хацеў бы звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Першае. Урадам праводзіцца работа па прагназаванні і фарміраванні плана сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама параметраў найважнейшых грашова-крэдытных паказчыкаў і асноўных кірункаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на 2026 год. Створана адпаведная міжведамасная група, у якой бяруць удзел старшыні нашых пастаянных камісій па эканамічнай палітыцы, па бюджэце і фінансах. Прашу ўсіх дэпутатаў канструктыўна ўзаемадзейнічаць з імі і ўносіць свае прапановы.

256139-11.jpg

Другое. Нам неабходна ўзяць актыўны ўдзел у фарміраванні новых дзяржаўных праграм і падпраграм. Яшчэ раз звяртаю на гэта ўвагу. Прапанаваныя мерапрыемствы варта разглядаць у цеснай увязцы з задачамі развіцця краіны на будучую пяцігодку. Пры гэтым важна ўлічваць і асаблівасці кожнай вобласці. У гэтых дакументах чырвонай ніткай павінен прайсці тэзіс кіраўніка дзяржавы: «Моцныя рэгіёны — моцная краіна».

Трэцяе. Прэзідэнтам пастаўлена задача ўдасканалення ўмоў вядзення бізнесу ў краіне. Намі праведзена адпаведная работа з прадстаўнікамі дзелавой супольнасці. Па яе выніках у Міністэрства эканомікі падрыхтаваны прапановы па карэкціроўцы як асобных актаў па пытаннях прадпрымальніцтва, так і Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4. Профільнай Пастаяннай камісіі неабходна трымаць гэта пытанне на кантролі і прадоўжыць удзел у распрацоўцы прававых актаў. Паколькі прыватны сектар фарміруе палову ВУП, і неабходна аналізаваць, як рашэнні, што прымаюцца, адбіваюцца на бізнес-клімаце ў краіне.

Чацвёртае. Камісіям неабходна завяршыць работу над праектамі законаў, якія прыняты намі сёння, а таксама падрыхтаваць да першага чытання законапраект па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з правядзеннем адпаведнага семінара ў трэцяй дэкадзе жніўня. Акрамя таго, чакаецца ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў цэлага шэрагу іншых планавых законапраектаў. Гэта, у прыватнасці, законапраекты аб змяненні кодэксаў аб зямлі, аб нетрах, Воднага кодэкса, законаў па пытаннях прамысловай бяспекі, дзейнасці таварных біржаў і іншыя.

Пятае. Варта прадоўжыць практыку рэалізацыі дэпутатамі права заканадаўчай ініцыятывы. Днямі мы прынялі першы падрыхтаваны ў парадку заканадаўчай ініцыятывы законапраект па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці. Сёння ў асноўным гэта права выкарыстоўваем толькі шляхам унясення паправак у праекты, якія разглядаем. На выхадзе многія з іх значна адрозніваюцца ад першапачатковых версій. І вам пра гэта вядома. Шэраг законапраектаў праходзілі дастаткова працяглую прапрацоўку, доўгае абмеркаванне і істотна адрозніваюцца ад таго, што было прынята ў першым чытанні. Шмат ідэй прагучала на мерапрыемствах па вывучэнні правапрымяняльнай практыкі, а такіх праведзена больш за 20. Паступаюць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і з выбарчых акруг. Пастаянныя камісіі павінны іх абагульняць і ўвасабляць у заканадаўчыя ініцыятывы. Пры гэтым варта кіравацца такімі прынцыпамі, як збалансаванасць прававога рэгулявання і практыкаарыентаванасць. Мы з вамі не прымаем законы дзеля законаў або каб дагадзіць чыімсьці прыватным інтарэсам. Неабходна, каб яны не адставалі ад самога жыцця і рэчаіснасці, адпавядалі настроям выбаршчыкаў. Такі падыход сугучны духу маштабнай работы па рэвізіі заканадаўства, што праводзіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Аб міжнароднай дзейнасці

Не менш сур’ёзныя задачы трэба будзе вырашыць і ў рамках рэалізацыі знешнепалітычнага курса беларускай дзяржавы. Галоўным прыярытэтам для нас з’яўляецца супрацоўніцтва ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і Парламенцкай Асамблеі АДКБ, Еўразійскага эканамічнага саюза. Дэпутатам неабходна актыўна ўключыцца ў рэалізацыю ініцыятыў, абазначаных кіраўніком дзяржавы на пасяджэннях Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму, якія прайшлі днямі ў горадзе Мінску.

Аб захаванні гістарычнай праўды

У год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівае гучанне набываюць барацьба з фальсіфікацыяй гісторыі, гераізацыяй нацызму, тэма патрыятычнага выхавання моладзі. Абарона гістарычнай праўды і падтрыманне сувязі пакаленняў сёння выступаюць абавязковай умовай захавання суверэнітэту і права на ўласны шлях развіцця. Пра гэта сведчаць вынікі Міжнароднага патрыятычнага форуму «Вялікая спадчына — агульная будучыня», які адбыўся па ініцыятыве Парламенцкага Сходу ў Валгаградзе і ў рабоце якога ўзялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і Расіі і прадстаўнікі 20 краін свету. Гэты праект мае статус штогадовага і атрымае сваё далейшае развіццё.

Аб міжпарламенцкіх сувязях

Пацвярджэннем значнага аўтарытэту беларускага парламента з’яўляецца той факт, што на працягу сесіі Нацыянальны сход атрымаў статус назіральніка адразу ў дзвюх арганізацыях — Панафрыканскім парламенце і Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Тым самым мы набылі новых аднадумцаў на «далёкай дузе» і магчымасць узаемадзейнічаць з імі на іншых шматбаковых пляцоўках. Прадоўжана работа па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў і міралюбівага знешнепалітычнага курсу краіны ў Міжпарламенцкім саюзе і Парламенцкім форуме БРІКС, у ходзе мерапрыемстваў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Міжпарламенцкай Асамблеі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, ПАРЛАЦІНА.

Трэба захоўваць і нарошчваць дыялог з заходнімі парламентарыямі. Літаральна цяпер беларуская парламенцкая дэлегацыя ўдзельнічае ў 32-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Партугаліі. Наша задача — задзейнічаць інструменты парламенцкай дыпламатыі для аб’ектыўнага інфармавання міжнароднай супольнасці аб сітуацыі ў краіне, дэманстрацыі бесперспектыўнасці палітыкі дыктату і эканамічнага шантажу.

Станоўчая дынаміка назіраецца і ў двухбаковых адносінах. Ужо ў найбліжэйшы час рыхтуюцца візіты ў нашу краіну парламенцкіх дэлегацый Алжыра, Ірана, Казахстана, Лівіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Турцыі. Усе нашы кантакты неабходна максімальна выкарыстоўваць для рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу Беларусі. 

Аб рабоце ў акругах

Што датычыцца работы ў выбарчых акругах, то ў прынцыпе задачы застаюцца нязменнымі. Важна прадоўжыць ідэалагічную работу ў працоўных калектывах, з насельніцтвам, робячы акцэнт на патрыятычным выхаванні моладзі. Важкую ролю ў гэтым павінен адыграць Маладзёжны савет, нядаўна створаны пры Палаце прадстаўнікоў. Актыўнае выкарыстанне рэсурсу маладых парламентарыяў — сур’ёзны рэзерв для нас і добрая школа жыцця для іх.

Як адзначыў лідар дзяржавы на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, трэба казаць не толькі тое, што людзі хочуць пачуць, але і рэчы не вельмі прыемныя. І казаць так, каб людзі гэта ўспрынялі. Варта звяртаць увагу і на фармат сустрэч, якія праводзяцца. У вялізнай аўдыторыі цяжка дастукацца да кожнага. А мы павінны не толькі данесці да грамадзян свой пункт гледжання, але і выслухаць, атрымаць зваротную сувязь, адчуць нерв грамадскіх настрояў. Гэта прынцыпова важна для ацэнкі дэпутатамі стану грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Менавіта на аснове прапаноў, што паступілі падчас работы ў акругах, мы правялі семінары па пытаннях развіцця электраэнергетыкі і газіфікацыі населеных пунктаў, аховы і выкарыстання зямель, работы службаў «адно акно», забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Усе гэтыя тэмы сёння ў полі зроку ўрада, парламента, профільных міністэрстваў і ведамстваў.

Частка праблем, узнятых выбаршчыкамі, знаходзіць сваё вырашэнне ў актах заканадаўства. Людзі на практыцы пераконваюцца, што механізмы зваротнай сувязі працуюць, што ўлада не на словах, а на справе накіравана на сур’ёзнае павышэнне якасці жыцця грамадзян.

Цяпер дэпутатам неабходна ўдзяліць увагу пытанням, звязаным з рэалізацыяй мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ў рамках Года добраўпарадкавання, арганізацыяй летняга аздараўлення дзяцей, падрыхтоўкай да пачатку новага навучальнага года і ўборачнай кампаніяй у вёсцы. Гэта тэмы, якія закранаюць практычна кожную сям’ю, і аднесціся да іх варта надзвычай уважліва.

Паважаныя калегі!

У заключэнне дазвольце павіншаваць прысутных у Авальнай зале і нашых выбаршчыкаў з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і пажадаць мірнага неба, здароўя, дабрабыту і новых здзяйсненняў у служэнні Айчыне. 

Другую сесію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання аб’яўляю закрытай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю