Брэсцкія мытнікі фіксуюць двухразовы рост правапарушэнняў, звязаных з незаконным перамяшчэннем праз беларуска-польскі ўчастак граніцы грашовых сродкаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе ДМК.
Брэсцкімі мытнікамі ў бягучым годзе выяўлена 645 адміністрацыйных правапарушэнняў і заведзена 8 крымінальных спраў. Адзін з апошніх фактаў спынены ў пункце пропуску «Брэст». Грамадзянка Украіны на аўтамабілі выбрала для перасячэння граніцы зялёны калідор. Ён прадугледжаны для руху ў выпадку адсутнасці тавараў, якія падлягаюць дэклараванню. Пры гэтым $42 тыс. у эквіваленце жанчына схавала на сабе, спакаваўшы ў калготы.
У дачыненні да грамадзянкі Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 228 КК. Ёй пагражае штраф або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Яшчэ па адной заведзенай мытняй крымінальнай справе ў дачыненні да грамадзяніна Германіі Брэсцкай транспартнай пракуратурай прынята мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. «Пры правядзенні ў пункце пропуску „Брэст“ мытнага кантролю ў дачыненні да 43-гадовага кіроўцы брэсцкія мытнікі ўстанавілі, што дэклараваная ім сума амаль удвая меншая за тую, што фактычна перавозілася. Мужчына падаў дэкларацыю на 70 тыс. еўра, а астатнюю частку грошай ($73 тыс. у эквіваленце) схаваў у падлакотніку аўто і кішэнях сумкі», — расказалі ў ДМК.
Беларуская мытня папярэджвае аб неабходнасці выканання ўстаноўленых правілаў перамяшчэння праз граніцу наяўных грашовых сродкаў — парушэнне іх цягне адказнасць аж да крымінальнай.